Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

Мсціслаў сядзеў на месцы фурмана, і таму Алесь і Майка не абмовіліся і словам пра медальён.Калі выехалі з парку – усход ужо моцна чырванеў. Хлопцы пачалі дурэць, ганяцца адзін за адным. Ад’язджалі так далёка, што рабіліся лялечнымі, а потым намётам, з дзікімі выгукамі, ляцелі проста на брычку.Потым паехалі паплавамі ўздоўж Папараці. Тут травы ніхто не касіў – занадта далёка было, – і коні хаваліся ў ёй вышэй жывата. Буяна цвіў малінавы скрыпень, жоўтыя конусы магутнага царскага бэрла хісталіся, як сягала вока. Кандрат на хаду зрэзаў полае сцябло дудніку і зрабіў з яго пісталет, а потым, нечакана наляцеўшы на брычку, наставіў яго на Мсціслава.– Хто такі? – спытаў Мсціслаў.– Ваўкалака, – ашчэрыўшы зубы, сказаў Кандрат. – Давайце дукаты ў худую суму, давайце княгіню – з сабою вазьму.І цягнуў рукі да Янькі. Дзяўчаткі віскаталі, хаця Ваўкалака быў мілы і зусім не страшны і нават падабаўся Майцы.Было весела. А потым Андрэй спяваў песню пра Ваўкалаку, і яму падцягваў нечакана прыемным голасам Мсціслаў:Што то за сцежка – без краю, без краю?Што то за конік – ступою, ступою?Злыя татарнікі пад капытамі,Воўчае сонейка над галавою.А потым другую, як малады Ваўкалака пайшоў адбіваць у гайдукоў бацькавых валоў і не вярнуўся ў дом і як груган на сухім дубе казаў яму, што робіць у двары Ваўкалакаў бацька. А бацька ламаў рукі і прыгаворваў:Я, жывучы, валоў нажыву,А цябе, сыночак, увек не знайду.Песня ляцела над морам разнатраўя, і ўсім было шкада старога бацькі, але так і карцела самім пайсці ў лес, на волю, пад воўчае сонца.Пацягнуліся мяккія гарбы, зарослыя верасам. Сонца ўзыходзіла за спіною, калі яны ўз’ехалі на адзін такі горб, а па другі бок яшчэ ляжалі цень і туман. І тут перад вачыма дзяцей успыхнула ў тумане белая шырокая вясёлка, слаба-аранжавая звонку, шыза-блакітная знутры. Затым сонца адарвалася ад зямлі, і белая вясёлка знікла, і верас лёг перад вачыма, упрыгожаны мільёнамі павуцінак, якія ззялі ў кроплях расы.– Што ж гэта яна? – жаласна спытала Майка. – Нашто знікла?– Чакай, – сказаў Андрэй, – зараз будзе табе ўзнагарода.І ўзнагарода з’явілася. На павуцінках, на росным верасе раптам з’явілася другая радуга. Выцягнутая, яна ляжала проста на траве, ззяла ўсімі вясёлкамі, уцякала ў бясконцасць ад іхніх ног.– Ты адкуль ведаў? – спытала Майка з павагаю.– Ведаў, – проста адказаў Андрэй.Майка з павагаю ўздыхнула.…А потым, як працяг гэтай феерыі, над верасам, над гарбамі, зарослымі лесам, з’явілася на збегу Папараці і другой рачулкі, на высокай гары паміж імі, вялікая руіна: тры вежы і рэшткі муроў.Уброд перайшлі Папараць. Лазілі па каменнях. Майка, Алесь і Андрэй узлезлі нават на адну з веж. Кандрат і Мсціслаў з Янькай асталіся ўнізе.Майка, Алесь і Андрэй стаялі ў вышыні і глядзелі на неабсяжны свет, які ўвесь, здавалася, належаў ім. Зубцы вежы сівелі палыном, рудыя ад іржы кавуны ядраў былі сям-там бы ўмураваныя ў кладку. А далей была Папараць, лугі, лясы, свет.Гэты замак аднойчы ўзялі мужыкі, – сказаў Алесь.Майка міжвольна зірнула на Андрэя.– А што ж, – сказаў Андрэй. – Што мы, зломкі?А знізу маленькі Кандрат крычаў брату:– Злазь ужо, галата! Злазь!– Прывязка, – сказаў Андрэй.– Злазь! – крычаў Мсціслаў. – Злазь, цівун Пацук! Тут цябе Ваўкалака з беларускім Ладымерам чакаюць.Раззлаваны за “цівуна Пацука”, Андрэй палез уніз.А яны сталі ўдваіх і глядзелі на зямлю.