Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

– Ты атрымаў? – спытала яна.– Атрымаў.– Хораша тут?– Вельмі… І… ведаеш што, давай будзем, як брат і сястра.– Давай, – уздыхнула яна. – На ўсё жыццё?– На ўсё жыццё.Пасля таго як пад’елі ў ценю адной з веж, Андрэй прапанаваў падацца яшчэ далей у лес, бо там, на гэтай самай Папараці, жыве млынар, вядзьмар Грынь Паківач.Сонца ўздымалася ўсё вышэй. Ярасны шар, калматы шар над зямлёй. На гарызонце лягла ўжо белая смуга, над якой плавалі ў паветры, ні на што не апіраючыся, верхавіны дрэў і вежы загорскай камяніцы.Лес сустрэў холадам, звонам ручаін, сонечнымі зайцамі на салатавых плоскіх крыжыках заечай капусты.Хутка Паўлюк заўважыў лясны ставок, маленькі, схаваны між дрэў. І тут усе зразумелі, што ніякі млынар ім не патрэбен. Распраглі коней, а самі разлегліся ў густой траве.Над ставам ззяла сонца. Над люстранай паверхняй вады стракозы ганяліся за сваім ценем. Заміралі ў паветры, каб падмануць цень, а потым кідаліся. А ніжэй за іх слізгалі па паверхні вадамеркі. Іхнія лапкі апіраліся на ваду і прагіналі яе, і таму па дне стаўка ад кожнага малога канькабежца бегла па шэсць маленькіх плямак ценю з арэолам вакол кожнай плямкі.Алесь і Майка, прыхапіўшы з сабою Яню, пайшлі вакол стаўка, каб паглядзець, адкуль ён бярэ ваду. Натрапілі на ручаіну, што бегла, такая чыстая, сярод свежых імхоў, і пайшлі ёй насустрач.Вада бегла па дне вільготнага яра. Тут і дрэвы былі магутныя: сонца амаль не магло прабіць іхняй шыракалістай засені. Часам вада ўтварала зялёныя калёжкі.…Гулка, як з гарматы, вырваўся з дрыгвяністай лежкі дзік. Кінуўся ў нетры.Спалохаўшыся, яны ішлі далей, цяпер ужо не аглядаючыся на бакі. А на адным з валуноў, ледзь не над іхняй галавою, стаялі Корчак і Грынь Паківач, глядзелі, як маленькія фігуркі прабіраюцца ўсё вышэй і вышэй па цёмным дне.Калі яны зніклі ў засені ляшчыны, бледны Корчак перавёў дыханне, сціскаючы ў руках Паківачову дубальтоўку.– Аднаго ведаю, – шэптам сказаў ён. – Траюрадны пляменнік нашага Кроера. Гэтага б…Паківач спалохаўся.– Ты што?На шчоках у Корчака хадзілі жаўлакі:– Іх усіх – пад корань… панянят, княжат…– Ну і дурань, – сказаў Грынь. – З імі сялянская дзяўчынка. Ды і самі яны чым вінаватыя, дзеці? Ты залішнюю злосць з сябе выпусці, задушыць.– Залішняй злосці не бывае, – сказаў Корчак. – Хадзем адсюль.Густыя зарасці ляшчыны і воўчага лыку прагнулі іх.А дзеці тым часам знайшлі ў самай глыбіні яра, у растапыраных шатах арэшніку, праз які падаў у лонца вады адзіны прамень, крынічку.Крынічка, спакойная на паверхні, выкідала з глыбіні сваёй пясчаныя фантанчыкі. Вечна жывыя пясчынкі рухаліся, расцякаліся па дне ад сярэдзіны жарала, скакалі. А побач другі малы “гейзер”, амаль на паверхні, таксама тужыўся нарадзіць ваду, але ў яго не хапала сілы, і ён толькі часам выпускаў з сябе сытыя бурбалкі.– Бацька вады, – шэптам сказала Майка.– Бацька вод, – паправіў Алесь. – Вось так і Дняпро пачынаецца недзе.– Жывая вада, – сказала Яня.І яна апусцілася на калені і зламала пальчыкамі крыштальную паверхню.– Піце. Будзеце жыць сто год…Яны ляглі на жываты і доўга, часам адрываючыся, пілі ваду, такую халодную, што яна абручом сціскала лоб.А вакол быў зялёны і чорны паўзмрок, і толькі адзін прамень падаў між іхніх галоў на нябачную ваду, мякка залоцячы дно.

ХIVУсё праходзіць. Прайшлі і тыя шчаслівыя дні, калі ўсе былі побач, мала спалі: абуджаліся раней за птушак, сустракалі ўсход, праводзілі сонца, калі яно, нізкае, адбіваецца ва ўсіх вокнах, і вокны гараць расплаўленым золатам і дом нібы пылае ўнутры, і клаліся позна.