Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

Паехалі. Толькі і засталося, што ўспаміны ды надзея. Бо нездарма ж Майка казала: “На ўсё жыццё”. Суцяшала гэта дрэнна.Цэлымі днямі адзін – Фельдбаўха і француза ў сябры сабе не возьмеш, – маці чытае або вышывае другі ваздух, бацька цэлымі днямі на палях, а то на паляванні.І вось у адзін з дзён, – стаяла сярэдзіна жніўня, – бацька і маці нешта доўга шапталіся за вячэрай, а твары ў іх былі ўстрывожаныя і ўрачыстыя. Урэшце, калі прыбралі са стала, матуля сказала:– Дзядуля прыслаў з пасыльным ліст, сынок.Алесь узняў вочы.– Ён просіць, каб ты прыехаў да яго… Адзін.Бацька выняў з пулярэса ліст паперы і прачытаў:– “Мізантропія мая і хандра разгуляліся. Мне цяжка бачыць новых людзей. Таму і не зваў вас. Твар падабенства божага мне абрыдзеў, так мала ў ім божага. Але паколькі настрой гэты ўсё цягнецца і канца яму не відаць, а ў жываце нашым бог волен кожны дзень, то ўнуку майму Аляксандру належыць ведаць ва ўладанне чым ён уступіць пасля мае смерці і паспяховага адыходу ў тое, што пасля яе. Таму хай прыязджае да мяне на адзін-два дні…”Матуля закрыла вочы рукою, пальцы яе дрыжалі.– Я ведаю, Georges, чаму ён не хоча бачыць цябе. Гэта праз Кроера. Праз яго ён і мяне не любіць.– Недарэчнасць, – сказаў пан Юры. – Ах, чорт стары, семдзесят восем год, я ён блазуе, як недаростак. Уяго капрызы, як у цяжарнай! Ты для яго – слабая святоша. Я – сабачнік, няздатны на справу.

– Georges! Пры дзіцяці?! Ты што?– А таму, каханая, – нечакана цвёрда сказаў пан Юры, – што з цябе здзекавацца я нікому не дазволю, хоць бы і роднаму бацьку. Звык, у другім веку жывучы, мудраваць і свае прыхамаці вышэй за ўсё ставіць.– Пакінь, – сказала пані Антаніда. – Я, напэўна, памылілася. Ён сапраўды старога веку чалавек. Столькі бачыў, што яму абрыдлі людзі, хочацца спакою.І тут нечакана ўмяшаўся Алесь.– А ў мяне ніхто не пытае, – сказаў ён.– А што тут пытаць? – азваўся бацька.– А тое, што я не паеду, – упарта сказаў сын. – Я не лялька. Цяжка яму бачыць людзей – хай не бачыць. Я таксама чалавек, а не кацянё якое.Пані Антаніда спалохалася.– Ты гэта дзеля мяне зробіш, сынок, – мякка сказала яна. – Ты не звяртай увагі.– Не паеду.– Можа, ты і спадабаешся яму.– Не хачу нікому падабацца, – зусім па-вясковаму сказаў Алесь. – Што я, дзеўка?Умяшаўся пан Юры.– Ён твой дзед, ён даў табе кроў. Самае дарагое, што ёсць у цябе. Ніхто яшчэ не казаў, што Загорскія не паважаюць продкаў.– Я таксама Загорскі.Бацька няшчыра ўздыхнуў:– Не, брат, ты не Загорскі. Загорскія не баяліся самых цяжкіх людзей. Яны, – вось хаця б твой дзед, – з імператарамі не ладзілі, караля не паважалі, калі ён быў не варты таго.Яшчэ раз уздыхнуў:– Ты не з тых… А я думаў… Ёсць у Загорскіх звычай адзін… Ды ты да яго не дарос.– Які?– Калі ўсе бачаць, што хлопец стаў зусім дарослы, ён ідзе вандраваць. Зусім адзін. Сам едзе, сам начуе, дзе хоча. Па корчмах ці проста ля вогнішча. І гэтым даводзіць, што ён дарослы. Вось я і думаў, што такой вандроўкай табе будзе дарога да дзеда. Паедзеш сам, адзін, узброены… Урга конь далікатны, яму догляд патрэбен, дык ты ўзяў бы Касюньку… І паехаў. А я, ведаючы дзеда, які можа любога затрымаць на колькі захоча…– Як гэта?– Ён ведае, што двараніну пешшу хадзіць ганьба. Вось і замкне каня. І чалавек сядзіць… Дык я, ведаючы гэта, да Доўгай Кручы, якая недалёка ад маёнтка, потым даслаў бы Логвіна і загадаў бы яму два дні чакаць. Калі бы ты не захацеў заставацца – дайшоў бы якую вярсту ды і вярнуўся дамоў. Тым больш што такога чакаць не даводзіцца: дзед запрашае на адзін дзень.