Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

Ён гаварыў разважліва.– Але ты, відаць, не дарос да такога падарожжа. Што ж, пачакаем.У Алеся пачырванелі шчокі. З бліскучымі вачыма ён сказаў:– Хацеў бы я паглядзець, як нехта мяне затрымае ці прагоніць. Я паеду. А калі яму цяжка бачыць новых людзей, дык я яму прывязу новага сабаку… Алму з сабою вазьму.– Як? Ты ж верхам паедзеш?– Я прывучыў яе сядзець на луцэ… І калі ён толькі словам мяне закране, нагі маёй больш у яго не будзе. Еду на адзін дзень.Бацька адвярнуўся. Вочы яго смяяліся.…Алесь выехаў досвіткам другога дня, каб на яго схіле дабрацца да дзедавай вёскі.Ніхто не выйшаў яго праводзіць. Бацька растлумачыў яму дарогу і загадаў Логвіну набіць саквы і скачаць хусту. Потым выбраў сыну стрэльбу і сам набіў тры набоі на качак.…Касюнька рахмана стаяла ля канавязі, дыхала ў рукі і твар хлопца цёплым і прыемным. Саквы былі ўкладзены добра, стрэльба і корд прытарочаны да сядла. Алма, уся дрыжучы ад нецярплівасці, круцілася пад нагамі.– Заставайся дома, – з удаванай строгасцю сказаў Алесь.Яна прыціснула доўгія, у завітках вушы, але тон гаспадара не пакідаў сумненняў, і тады сучка ўпала на жывот і, павіскваючы, папаўзла да ног хлопца.– Ну, добра ўжо. Давай паедзем, – сказаў Алесь.Кафейныя вочы загарэліся. Сабака падскочыў у паветры, і, падціснуўшы кароткі хвост, пачаў лётаць па крузе. Вушы луналі, як крылы. Алесь ускінуўся ў сядло.– Вы ж глядзіце, княжыч, – сказаў Логвін. – Дарога простая, усё берагам. Паромам на той бок, там паплавамі, паплавамі. А потым, за Доўгай Кручай, яшчэ вярсту – і мост.– Ведаю, – сказаў Алесь. – Заўтра пад’едзеш да Кручы.– Добра.Алесь нахіліўся і працягнуў руку:– Гоп!Сучка падскочыла, каб гаспадар змог спаймаць яе за каршэнь, і хутка ўжо сядзела на луцэ сядла, паважна гледзячы з вышыні на ўвесь астатні свет.…Касюнька ступала акуратнымі капытамі. Алма спакойна сядзела на луцэ, часам дрыжучы, калі праязджалі паўз хмызы, – відаць, там астаяўся птушыны пах. А “рыцар” сядзеў спакойны, гатовы да ўсякіх нечаканасцей.Палі. Палі. Палі. Безліч разоў амытыя сялянскім потам і мужыцкай крывёю. Няма на іх месца, на якім не ступіла б нага мужыка, над якім не прасвісцеў яго серп, не заспявала б каса, не сцёбнуў бізун. “А ў мяжу, жнейкі, у мяжу. А ў мяжы прыганяты”.Жоўцю мужыцкай, злосцю мужыцкай дыхаеш ты, здранцвелы абшар палёў. Чаму гэта так? Хто закляў цябе? Дакуль будзеш ты рабыняй, зямля?!Алесеў прадзед Акім Загорскі, той самы, пры якім адбылася гісторыя з лазняй Кагутоў, нарадзіўся ў тысяча семсот трыццаць дзевятым годзе і да Хрыстовых год пражыў “пры каралях”, спаўна зведаўшы і анархію апошніх год “кароны”, і шляхецкую “вольнасць”. Асабіста яму было не так ужо і дрэнна пры вольнасці: занадта быў багаты і моцны. Такога і кароль не зачэпіць, і суседзі пабаяцца не тое каб пакрыўдзіць, але і зірнуць коса.Мог бы, здаецца, жыць і жыць, умешвацца ў палітыку, а з часам, магчыма, і ўплываць на яе. Але рабіць гэта яму было брыдка. Падпойваць шляхту, гарлаць на сейміках, глядзець, як потныя і ачмурэлыя людзі вырашаюць палітычныя пытанні бойкай і шалёна сякуцца на шаблях, ехаць на сейм.Фу! Быццам ваду ў ступе таўчы. Ад усяго гэтага ў яго балела галава, а ад злосці на людское быдла бывалі прыступы антрапафобіі. Віна ён не любіў, тытуню цярпець не мог. Аставаліся да?мы, якімі ён і займаўся, бо быў надзвычай прыгожы. І пры гэтым выгляд меў аніяк не спешчанага прыдворнага, а хутчэй война і сакалятніка, небяспечнага для кожнай райскай птушкі, якую адзначыць сваім вокам.