Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

З Варшавы яго выслалі за замах на каралеўскі гонар – казалі, не беспаспяховы. Дый як яшчэ мог бы з ім змагацца нават кароль? Не прывабнасцю ж, не сілай.І, напэўна, стаў бы Загорскі другім дэ Маранья, калі б не напаткаў дзяўчыну, якая пакахала яго больш за ўсіх, але не пайшла насустрач яму, бо з дзяцінства была абяцана манастыру.Загорскі павёў няроўную барацьбу супраць веры людзей і веры самой дзяўчыны, супраць законаў, звычаяў і ўлад.І перамог. А перамогшы, ажаніўся і пасяліўся ў Загоршчыне, дзе пабудаваў сабе і жонцы “італьянскі дом”, часам заязджаючы ў Вежу, дзе пачаў будаваць палац у гонар жонкі, задумаўшы зрабіць яго лепшым за ўсё, што калі-небудзь бачыла Прыдняпроўе і абедзве сталіцы.Засмучала толькі тое, што ў жонкі не было дзяцей. Толькі гэта было хмарай на светлым небасхіле.Так цягнулася доўга. Пяць год, аж пакуль у Загоршчыне, Вітахмо, Азярышчы, Татарскай Грэблі, Вежы, Святым, Драгавічах, Мілым і іншых вёсках пана не зараўлі, разрываючыся, гарматы.Нарадзіўся сын. Спадчыннік. Нарадзіўся Даніла, сын Акіма і ўнук Пятра, а праўнук Севярына і пранашчадак Глеба.Ішоў тысяча семсот семдзесят другі год. Як доўбня на галаву, упаў на дваран першы падзел Польшчы. Расія далучыла Прыдняпроўе. Шмат хто радаваўся, многія лаяліся, сёй-той спрабаваў пратэставаць. Але Акіму Загорскаму да ўсяго гэтага не было клопату. У яго быў сын, сын, якому ён пры нараджэнні падарыў Вежу і радавы дыямент “Набоб” з двума пудамі золата. У яго быў сын ад самай каханай жанчыны.Дзяржавы праходзяць, і царствы праходзяць, вечнае толькі каханне, і чалавек не можа памерці, не пакінуўшы следу на твары зямным. Не ён, дык яго брат. Дык гары яны гарам, дзяржавы, прападай яны пропадам!…Пан Акім пражыў з жонкай толькі сем год. Яна захварэла і памерла, пакінуўшы ўдаўцу двухгадовага сына. Кароткае было шчасце, вырванае ў бога.…Трэба было неяк жыць. Дзеля сына. І князь замкнуўся ў Загоршчыне, аддаючы сваю ўвагу толькі яму. Былы “шаматон і ферлакур важнецкі” жыў цяпер ледзь не суровым мніхам. Паляваў, начаваў на лугах, прапах дымам вогнішчаў і верасам. Сына вазіў з сабой, каб рос здаровы, бо гэта было апошняе, што ў яго аставалася, і ён хацеў, каб гэтае апошняе жыло бясконца.Ад суровага жыцця вочы ў яго сталі наіўныя, як свет, і простыя, як шырокае неба над галавою. Быццам усё простае адбілася ў іх: смяротны позірк запаляванага воўка, шырыня рэк, дым начных вогнішчаў і васільковае неба з першай зоркай.Жанчыны былі цяпер не патрэбны яму. Ён цвёрда, не чуючы ў гэтым ахвяры, вырашыў, што іх не будзе ў яго ніколі.І тут пачалася сямейная легенда.…Вясною семдзесят пятага года імператрыца Екацярына вырашыла наведаць свае новыя землі. Яна ехала туды для сустрэчы з імператарам аўстрыйскім Іосіфам, які павінен быў прыбыць у Магілёў інкогніта, пад імем графа Фалькенштэйна.Пацёмкін, якому ўказам ад першага студзеня былі даручаны губерні Новарасійская і Азоўская з умацаваннямі Дняпроўскай лініі, кінуў Крым і паскакаў у Полацк, першы пункт, дзе павінна была спыніцца самадзержыца.Адсюль збіраліся ў Полацк дваране. Узброеныя магнаты ехалі са сваімі сцягамі, ведучы пад імі атрады свае загонавай шляхты. Ад магілёўскага дваранства для сустрэчы імператрыцы быў накіраваны ў Полацак князь Загорскі. Ён не адмовіўся, сход аказаў яму гонар, і рушыў на чале дзвюх соцень “сваіх” шабель.Екацярына ехала ў Магілёў з новым сваім фаварытам Ланскім. Што б там пра яго ні казалі, але ён па-сапраўднаму, не з-за пашаны і выгады, кахаў яе.