Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

…Ён – баяўся. Ён ведаў, што ён безабаронны, што ад яго, як і ад іншых, нічога не залежыць, што ў кожную хвіліну яго, разам з яго каханнем, могуць кінуць у чорную бездань, якой уяўляўся яму свет без яе…У гэтым была страшная горыч, бо душой ён ведаў: калі яго кінуць, то па заслугах. У яго не было ні мужнай сілы і розуму Пацёмкіна, ні прыгажосці Зорыча. Чым ён мог утрымаць яе? У яго было толькі каханне, кранальнае ў сваёй непасрэднасці і глыбіні.Усё гэта робіць зразумелым тое, што адбылося далей.…Самы старажытны горад усходніх славян лунаў сцягамі, зіхацеў золатам, грымеў музыкай, пераліваўся ўсімі фарбамі адзення.Берагі Палаты і Дзвіны захлыналіся ў бела-ружовай квецені яблынь і вішні.…Зямля дрыжала ад гуду званоў. Два зіхоткія шэсці цяклі па горадзе. Імператрыца ішла ў праваслаўны, Пацёмкін – ва уніяцкі сабор.Так сутыкнуліся ў святочным Полацку некалькі чалавек, звязаных з адной.Але героем гэтых дзён не быў ніводзін з іх.Героем быў чалавек трыццаці шасці год у простай з выгляду, шырокай мясцовай вопратцы, якая каштавала, калі браць разам з шабляй, больш за вопратку ўсіх. Толькі ягоны позірк не выказваў ні чакання, ні іроніі, ні пакут, а быў просты, ветліва адданы позірк. Просты, як вольнае неба над гэтай ракой. І ўладарка заўважыла гэты позірк. Заўважыла яшчэ тады, калі ён проста і натуральна падаў ёй руку, каб узвесці на кілім, што вёў да сабора.Білі званы. Цвілі дрэвы. І на хвіліну ёй здалося, што вось ён – той, што вызваліць яе ад безнадзейнага кахання аднаго і ад іроніі другога.А ён ішоў убаку і ні аб чым не думаў. Ён і шаблю прыагаліў не з павагі да царыцы, бо ніколі не думаў, добры ці дрэнны яна ўладар, а з павагі да жанчыны. Ён не ведаў, ці падабаюцца яму гэтыя лёгкія і злёгку напудраныя залацістай пудрай валасы, ярка-сінія вочы, ямачкі на шчоках і прыемная паўната. Яна была проста жанчына, а ён паважаў сапраўдных жанчын, усё адно, добрыя ці дрэнныя яны былі.І яна адчувала гэты асаблівы, проста-велічны склад душы невядомага ёй князя, і на хвіліну яе ахапіла такое жаданне пры ўсіх схіліць да яго галаву, што яна толькі вялікім намаганнем волі стрымала сябе.…Ілюмінацыя залівала горад, як быццам гэта палаў Рым. Пяць пірамід узвышаліся вышэй за будынак езуіцкага калегіума, а яшчэ лёталі ракеты, утрапёна круціліся колы з агню. І ўвесь час, увесь гэты вечар, яна – на прыстойнай адлегласці – бачыла просты, шчыры і зусім не крыўдна абыякавы да яе твар дзівоснай прыгажосці. Калі князь выпадкова аказаўся побач, яна не вытрымала.– Як прыгожа! – сказала яна. – Прызнацца, нават я ніколі не бачыла такіх высокіх пірамід.– Што дзіўнага, – проста сказаў ён, – іх зрабіў я.І гэта не было выхваляннем– Чаму? – спытала яна.– Каб гэта было не тут, а ў сталіцы, дзе ўсяго больш, я зрабіў бы ўтрая вышэйшыя. Дзеля вас.Uэта было занадта проста і аддана для камплімента.Ён быў самай прыцягальнай і прывабнай істотай, якую ёй даводзілася сустракаць у жыцці. І першай істотай, якую яна ані не разумела.– Спадзяюся, вы не пакінеце мяне ў гэтым падарожжы, князь?– Я суправаджаю вас да самага Магілёва. Загад дваранства.Лёгкі ў хадзе, ён аддана ішоў з ёю, прыагаліўшы шаблю, як тады, калі чытаюць Евангелле, і нічога не хацеў.Спявалі салаўі.Праз цікавасць да яго яна амаль не запомніла першых дзён падарожжа, не звярнула ўвагі на шклоўскую раскошу Зорыча.А ён пра дзівосы Зорыча сказаў толькі: