Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

– Густу малавата. Багаты рымскі вольнаадпушчанік.Дзёрзкасцю гэта зноў-такі не было – тон быў не той.– А што б зрабілі вы? – не без какецтва спытала яна.– Гэтага я не зраблю вам. І не таму, што не магу, а таму, што не хачу. Я проста пастаўлю вам шатры, гасударыня.Шатры ён сапраўды паставіў. Падчас адной з днёвак вялікага картэжу. Паставіў на высокім беразе Дняпра, адкуль было відаць на трыццаць вёрст, паставіў у сівым пашным палыне і верасе, не крануўшы ані былінкі.Безліч шатроў, бела-шаўковых, з залатымі макаўкамі, і адзін, самы высокі, з барвянага шоўку. А ў палыне, наўздалёк, пасвіліся белыя як снег коні, як быццам так заўсёды было. І ніякіх разваг. Цэлы дзень праплывалі ракой чаўны, у якіх людзі ігралі на рагах сумную мелодыю.Пасля шумных марнатраўных свят гэта было лепей за ўсё, што даводзілася перажываць, гэта быў такі спакой, што яна была ўдзячна яму за гэта.…Яна стаяла з ім над урвішчам. Світа сядзела ў шатрах, такі быў яе загад. І што ёй было да пакутных вачэй Ланскага?– Вы кахалі калі-небудзь, князь?– Кахаў, гасударыня.– Ну, а я вам падабаюся? – пажартавала яна.– Я ў захапленні ад вас, – проста сказаў ён.– Спадзяюся, вы захапляецеся мною не як дзяржаўнай асобай? – пагразіла яна.– Я не думаў пра вас у гэтым сэнсе, – проста сказаў ён.Не, яна не разумела яго. Але ні да кога яшчэ яе не цягнула так.– Я чакаю вас сёння вечарам, князь, – ціха сказала яна.Ён моўчкі і проста схіліў галаву.Яны сустрэліся яшчэ раз. Праз дзесяць год.Усе гэтыя гады Загорскі жыў у маёнтку, выхоўваў сына, будаваў палац у Вежы.Усіх дзівіла, што ён нічога не атрымаў за той фавор. Гэта было дзіўна, бо ўсе памяталі вочы імператрыцы, якімі яна глядзела на яго пры развітанні.Летам тысяча семсот восемдзесят пятага года імператрыца ехала ў Крым. За год да гэтага памёр Аляксандр Ланскі, памёр ад злоўжывання кантарыдамі. Яна звыклася, зжылася з ім за дзесяць год. Што зробіш, калі сапраўднага няма? Шэсць месяцаў яна была няўцешная.І вось чакала дарога. Чакалі ў Кіеве ўбраныя галеры, чакалі пацёмкінскія вёскі…Увесь час яна не магла пазбыцца думкі, ці сустрэне ён? Ці выедзе насустрач? Які ён?І вось, калі адкрыўся вачам Дняпро, на страшны адхон процілеглага берага вылецелі коннікі. Коні па самыя жываты танулі ў квітнеючых травах.Спадарожнікі ўсё яшчэ меркавалі, хто б гэта мог быць, і толькі яна адна ведала: “Ён”.Флатылія чаўноў ляцела з таго боку, на шырокіх плытах везлі коней, плямістых дрыкгантаў, якімі славілася гэтая зямля. Кіпела пад вёсламі вада, ляцелі воклічы. А на носе пярэдняга чоўна стаяў з вяслом у руцэ той, якога не магло забыць сэрца, бо ён быў не невядомым фаварытам, загубленым недзе паміж Ланскім і Мамонавым, а адроджанай на адну, апошнюю ноч маладосцю, горкім пахам палыну за шоўкам шатра.Не дачакаўшыся, пакуль човен ударыцца ў бераг, ён скочыў амаль па калена ў ваду і размераным лёгкім крокам пачаў падымацца па спадзістым адхоне да яе карэты.Ён быў той самы, толькі сівізна густа ляжала ў валасах ды спакайнейшыя сталі вочы. І ён проста кінуў ёй пад ногі куфэрак з зямлёй, шкуру серабрыстай лісы і залаты злітак.А спакойныя вочы даказалі: “Помню”.“І я не магу забыць”, – адказалі яе вочы.І раптам горыч сціснула яе сэрца. Вось зноў бяжыць рака, зноў серабрыцца палын, як шкура гэтай лісы, зноў стаіць Ён. Нічога не змянілася. Толькі непапраўна пастарэла, толькі змянілася яна сама.