Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

– Вазьміце гэты табун, вялікая маці! – сказаў ён. – Такіх коней няма больш нідзе. Хай яны верна носяць вас, як верна будзе насіць вас мая зямля.– Не трэба, князь.І ён схіліў ветліва і проста сівую галаву.– А дзе ваш сын, князь? Ён тут?– Данііл! – грымнуў князь. – Выйдзі.І тут яна ўбачыла, як з вясёлкавай гурмы выступіў трынаццацігадовы юнак, стройны, падобны і непадобны на бацьку. Лёгкім крокам падышоў да яе, зграбны, як казачны царэвіч, у расшытай срэбрам блакітнай вопратцы, у блакітных чаравічках, з залочаным кінжалам на баку.Ішоў і не ведаў, што кожны яго крок – крок па сэрцы той, што глядзела на яго. Каб такога сына!Данііл падышоў, стаў і пачаў без страху глядзець у яе вочы. Гэта была царыца. Тая, перад якой трэба пакланяцца. Хлопчык глядзеў на яе, і яна здавалася яму прыгожай, бо ўсё было для яе. І ён спакойна падаў ёй букет палявых кветак, аблямаваны дымна-шызым палыном. Яго ніхто не вучыў. Проста ён любіў палын.– Маленькі ліцвін, – сумна і горка сказала яна. – Калі-небудзь ён заменіць гэты кінжал шабляй і пойдзе на нас. Вы ж нас усіх ненавідзіце.Шчокі яго ўспыхнулі, ён глыбока ўздыхнуў. А потым выцягнуў лязо з похваў, зламаў сталь і кінуў абломкі да яе ног.Ад’язджаючы, яна сказала Акіму Загорскаму:– Не захацеў узяць тады – вазьмі цяпер. Для яго.– Для яго – вазьму.Гэта былі землі на поўдні. Тыя, што праз дваццаць год былі прададзены за два мільёны. Акіму яны не прынеслі і шэлега.Данііл праводзіў яе да Кіева. Яна сама папрасіла аб гэтым.Даніілу Загорскаму было дваццаць чатыры гады, калі памерла імператрыца. Акім Загорскі памёр на год раней. У нейкіх пяцьдзесят год. З’ела яго, відаць, тая манера жыцця, якой ён трымаўся апошнія дваццаць год. Натура з лішкам сіл не магла змірыцца з бяздзейнасцю. Толькі памяць жонкі і сын, ды яшчэ паляванне. І вось, як толькі сын перастаў патрабаваць увагі, пачалося згасанне.Пан Акім быў у ад’езджым полі яшчэ за два дні да скону. А назаўтра злёг. У горле нешта клекатала, а потым сціхла. Магутныя рукі нерухома ляжалі на атласе пакрывала. Прычасціўшыся, ён развітаўся з сынам і змоўк. І толькі за пяць хвілін да скону, не расплюшчваючы вачэй, сказаў адно слова, ледзь чутна.– Палын.І невядома было, аб чым ён гэта, аб месячным палыне ці наогул аб жыцці.…Аб сконе бацькі сын паведаміў у Пецярбург. Яшчэ тады, падчас падарожжа, развітваючыся з ім, яна прасіла аб усіх зменах у жыцці пісаць непасрэдна ёй і дала сваю пячатку.Ён нічога не сказаў у той час бацьку. І вось цяпер напісаў.Месяцы два нічога не было чуваць. А потым на загоршчынскае падвор’е васьмёрка коней прывезла акутую жалезам павозку. На ёй была суцэльная глыба малахіту вышынёю ў два чалавечых росты. Нейкага дзіўнага дымна-зялёнага малахіту, у шызых разводах, – як палын.На глыбе былі толькі чатыры словы:Акім Пятровіч быў пахаваны ў магільні Загорскіх умоўна. Там ляжаў толькі ларэц з ягонай зямлёй. А сам ён знайшоў спакой у маўзалеі – помніку жонкі, куды глыбу ўцягнуць было нельга. І таму малахіт паставілі на капец, які насыпалі звонку. З таго боку маўзалея, з якога – унутры – ляжаў ён.Праз некалькі месяцаў імператрыца памерла. Але яшчэ да гэтага, у год смерці бацькі, малады пан ажаніўся. Дагэтуль бацька запаўняў усё яго жыццё, і, страціўшы яго, Даніла адчуў страшэнную самоту ў халодным пустым доме.Бацька, шкадуючы да пары сына, не прышчапіў яму сур’ёзнага напрамку думак, таго, які прымушае чалавека свядома выбраць сабе шлях і потым усё жыццё трымацца яго.