Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

Гады за чатыры да скону пан Акім кінуўся быў разбірацца ў тым, што робіцца, чытаць філасофскія кнігі навейшага часу і ледзь не стаў марціністам, але потым кінуў гэты занятак. Фармазоны здаліся яму аж да немагчымасці нуднымі, – сядзяць сабе ў падполе, як шчуры, са сваімі цыркулямі ды малаткамі, абцягнулі сцены чорным аксамітам, адабралі ад свету яго фарбы. Змоваю гэта папахвае, вось што. А калі ўжо сварыцца з тымі, хто мае ўладу, дык не змовай, не шыпеннем у занорках, а мяцяжом – вось яно як! Ды і матуля іх не ўхваляла, апошняя яго жанчына, а пакуль яна жыла – ён не мог франдзіраваць.З усёй гэтай кампаніі яму падабаўся адзін. Той, што напісаў кнігу такой страшнай моваю і якога за гэтую кнігу загналі ў Ілім. Кнігу гэтую пан Акім купіў за сто рублёў срэбрам і прачытаў, і не тое каб застаўся ў захапленні ад прапаноў аўтара, а проста так: спадабаўся яму чалавек. Смелы. Прыемна было б бачыць яго побач.І вось таму ў галаве маладога Загорскага была мяшанка: рыцарскі кодэкс і кніга, купленая бацькам, абагаўленне царыцы і нянавісць да Пецярбурга, раман аб гожай пастушцы і вершы Війёна, песні, пачутыя на паляваннях, і галантныя раманы, вольныя разважанні і прыхаваная, не вельмі пачцівая вера.А над усім гэтым – вольны дух першых год царавання Екацярыны: кнігі Мантэня, Дыдэрота, Бекана, Русо ў дзікім спалучэнні з куртуазнымі раманамі. І пры гэтым некаторая пагарда да кніг наогул, бо ён любіў абшары, бег каня, дзіду, што ўпіваецца на скаку ў шыю япрука – паміж чэрапам і першым пазванком.Ён пагарджаў суседзямі. Раздураныя бабы! Халуі! Пагарджаў іхнім цярпеннем, рабалепствам і поўзаннем перад моцнымі. Пагарджаў іх паяздамі: карэтамі для дзяцей, карэтамі для дурняў, карэтамі для хворых сабак, карэтамі для прыгоннага гарэма, фурай для музыкаў, фурай для буфета і кухараў.Тфу! Раней гэтага не было! І як не разумеюць, што сядло ў галавах зручней?.. Псяры!!! Ён не піў віна. Яшчэ калі ён быў дзіцем, настаўнік аднойчы замкнуў яго ў камору за нейкае свавольства. Там ён налізаўся налівак. Ніхто не лаяў яго, але ён даў сабе слова заўсёды быць гаспадаром самому сабе.Гэта быў адначасова чалавек вельмі харошы і вельмі дрэнны. Яго добрыя якасці былі прыродныя. Яго недахопы – недахопамі стагоддзя. І ўсё, што ён ні рабіў, сведчыла аб гэтым.Ужо за год да смерці бацькі яго паважалі і баяліся як агню. Гэта пачалося так. У тысяча семсот дзевяноста чацвёртым годзе новаспечаная прыдняпроўская памешчыца Праскоўя Зубава папрасіла ў імператрыцы дазволу здаваць сваіх магілёўскіх сялян у рэкруты замест сялян з яе разанскіх вотчын, “равным образом и впредь так поступать”. Дазвол далі.– Несправядліва, – сказаў Даніла, пачуўшы пра гэта. – Чаму павінна ўдвая ісці ў салдаты тых, хто яшчэ дваццаць два гады таму зусім не ведаў рэкруцтва? Што ж, выходзіць, мы не роўныя дзеці?Прыклад Зубавай здаўся зманлівым. Магілёскія сяляне былі дзёрзкія. Пазбавіцца ад некаторых было проста дабротай. І вось, адразу пасля Зубавай, аб тым самым папрасілі яшчэ тры паны, у якіх маёнткі былі ў Прыдняпроўі і за яго межамі, – Дзмітрыеў, Іваноў і Суканевіч.І тады пачалося незвычайнае. Даніла не сцярпеў. Ён скарыстаў губернскі баль і выклікаў усіх трох. Яны паспрабавалі апраўдвацца – і тады Загорскі даў Суканевічу поўху, а Іванову кінуў у твар пальчатку.Сябры ўрэзоньвалі яго, але ён цадзіў праз зубы: - Справядлівасць дык справядлівасць. Што-о гэта?