Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

– А Зубава?– Яна баба, чаго вы хочаце? Калі будзе такое рабіць – ёй самі мужыкі чырвонага пеўня пусцяць.Назаўтра ён на месцы паклаў Дзмітрыева і Суканевіча стрэламі з пісталета, а Іванову пракалоў шпагай грудзі.Новы звычай вывеўся адразу. Нават Зубава вымушана была адступіць.Бацька нічога не сказаў, пачуўшы аб тым, што ўчора тры чалавекі далі сваю апошнюю сатысфакцыю яго сыну. Два з іх былі ваенныя і ўмелі бараніцца. Сын рызыкаваў, як і яны.Даніла любіў бацьку. Бацька разумеў яго, як ніхто. І вось цяпер маўзалей і малахітавая глыба ля яго. Хоць бы хто побач!Праз тры месяцы ён заблудзіў на паляванні, трапіў у маёнтак небагатага двараніна Багданоўскага, убачыў яго дачку, Ксені, і – былы летуценнік, які чакаў каралевы і таму ставіўся да іншых жанчын з лёгкай пагардай, – закахаўся ў яе з першай сустрэчы і праз тыдзень ажаніўся.Маладая была прыўкрасная, як Куцеянская маці божая1. Доўгія вочы, бровы да скроняў, журботны маленькі рот. Але яна не паспела пакахаць мужа яшчэ і таму, што лічыла ўсё падобнае за грэх. Жэняцца дзеля дзяцей і каб не жыць век аднаму. А жадаць абдымкаў мужчыны, самой ісці насустрач ім – гэта немагчыма. Даніла пасмейваўся, але потым махнуў рукою. Праз год, якраз калі памерла імператрыца, нарадзілася дачка. Загорскі ўжо адзінаццаць месяцаў служыў ганаровым губернскім суддзёй і намерваўся нават падавацца ў вярхі: ён ведаў, што працавітасці і здольнасцей у яго хопіць.І тут на прастол уступіў Павел, якога Загорскі не паважаў і на шэлег, насуперак усяму ўпэўнены, што ён не родны сын Той.– Падменыш, – пры ўсіх казаў ён. – Зязюліна яйка.Пачалася вакханалія. Імператар нюхаў падазроных, на Украіне секлі галовы, жанчынам рэзалі раброны, сустракаючы на вуліцы. Як вышэйшая непрыстойнасць, быў забаронены вальс. Палкі маршыравалі з разводу прамым ходам у Сібір. З кулінарных кніг выкрэсліваліся словы аб смажаных парасятах, якіх трэба, “не таміўшы, ставіць на вольны дух”.Загорскі адышоў ад спраў. Дэманстратыўна заняўся пакланеннем таму, што ён разумеў пад екацярынінскім духам і што на самай справе было якабінствам.Не дзіва, што на яго нехта склеіў і паслаў у Пецярбур данос. І дастукаўся б, пэўна, Даніла да Сібіры, але тут Паўла задушылі афіцэрскім шалікам.– Ці далі б вы, пане Загорскі, свой шалік для такой мэты?– Я ў свайго свінара, Янкі, шыла пазычыў бы, якім ён свінні коле, дый паслаў бы ім. Яны, мяснікі, іншага не варты… Дый ён, свіння, таксама.На службу ён так і не вярнуўся. Тым больш што і без службы мог адным сваім словам паставіць на сваім, калі бачыў, што хочуць загубіць нявіннага.Праз чатыры гады пасля смерці Паўла ён прадаў у дзяржаўнае ведамства і прыватным асобам свае паўднёвыя землі, атрымаўшы за іх нешта каля двух мільёнаў, і адразу выдаткаваў трыста тысяч на пашырэнне парку і розныя пабудовы ў сваім вежынскім маёнтку.Чаго яму было жадаць? Уладар дваццаці тысяч мужчынскіх душ і бясконцых земляў на Магілёўшчыне, радавіты. І, аднак, поўнага шчасця не было. Жонка была прыгожая, добрая, але не кахала яго. Чыстая да святасці, святая да бязглуздасці. Зацяты вальтэр’янец змірыўся б з яе верай, толькі каб яна кахала яго.Ён хацеў сына ад каханай, “сына кахання”, верачы, што такія дзеці асабліва ўдалыя.Выпадак памог яму. Палюючы на япрукоў, яны натрапілі на статак іх і конна рынуліся на яго з аднымі дзідамі. Пан Даніла забіў ударам дзіды матку, і тут стары сякач кінуўся на каня і зваліў яго разам з коннікам.