Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

…Загорскага прынеслі дадому непрытомнага, з трыма ранамі. І тут жонка зразумела, што патаемна, сабе не прызнаючыся, кахала яго ўсё больш і больш.– Божа, каб толькі ачуняў! Божа, каб толькі ачуняў!Яна цалавала яму рукі. Па некалькі разоў на дзень млела так страшна, што лекары баяліся за яе жыццё. Начамі прастойвала на каленях у малельні, але пры стогне параненага была ўжо ля яго.– Маці божая, Ісусе найсалодшы! За што? Я дзеля вас яго забыла? Дайце магчымасць акупіць грэх грахом перад вамі.Параненаму стала горш. І тады Загорская пачала блюзнерыць.– Што вы можаце! Вы, напэўна, проста не можаце! Нават дзеля мяне! Дзеля той, хто праз вас яго забіў. Лепей ужо з д’яблам… Каб толькі ачуняў! І зірнуць бы на вас не зірнула.Загорскі ачуняў. Зажылі раны. І жонка стрымала слова: перастала і заглядаць у малельню, усю страснасць перанесла на мужа, на яго аднаго.Пан Даніла ачуняў. Закінуў паляванне. Больш яму нічога не трэба было ад жыцця. Калі яна сама, упершыню пасля пяці год, прыпала да яго, здалося, што сэрца яго разрываецца. А тая, здаецца, з кожным днём рабілася ўсё больш пяшчотная, заўсёды хацела быць побач.Ды ён, пасля яе хулы на бога, і сапраўды быў апошнім выратаваннем, тым, які абароніць ад цемры ўначы і не дасць злу ўдзень.У шчасці прайшоў год. Ксені загрубела. Ён быў упэўнены, што будзе сын, і быў спакойны. А яе мучылі жахі, ёй здавалася, што яна памрэ. Цяжарнасць ударыла па хворым, збалелым сумленні той, якая баялася верыць, бо не чакала літасці за свой учынак. Ён супакойваў, цалаваў яе ў вочы і казаў, што ў сына абавязкова будуць такія самыя.У сына, Юрыя, сапраўды былі яе вочы. Вежа грукатала гарматамі (у Загоршчыне не стралялі, зберагалі спакой парадзіхі). А пану Данілу хацелася абняць увесь свет.І тут у маёнтак Багданоўскага прыйшлі ўначы салдаты на чале з афіцэрам і арыштавалі старога пана і сыноў, братоў Ксені, за сепаратызм і ўдзел у змове супраць гасудара-імператара і ўлад.Гэта быў канец. У арышце бацькі яна ўбачыла перст божы. Дарэмна муж казаў, што ўсё натуральна, што ў людзей ёсць права паўставаць, калі ім не падабаецца ўрад, а ва ўрада ёсць права арыштоўваць тых, што паўстаюць. Дарэмна ён казаў, што зробіць усё, каб іх выпусцілі.– Не, – казала яна, – гэта Ён хоча пакараць мяне.І яе вочы мёртва глядзелі кудысь.Загорскі зрабіў немагчымае: сувязямі і вялізнымі хабарамі дабіўся, што Багданоўскіх выпусцілі на парукі і абяцалі апраўдаць. Але не сказаў жонцы, што гэта зрабіў ён.– Бачыш, іх выпусцілі. Усё добра.– Так, усё добра, – сказала яна. – Ён літасцівы. Гэта Ён папярэдзіў мяне, каб я рыхтавалася.Назаўтра ў яе пачалося нешта накшталт запозненай радзільнай гарачкі. Жанчына раставала, як воск.– Адумайся, – маліў ён. – Не пакідай мяне.– Што ты, – казала яна. – Ён літасцівы. Я акуплю ўсё пакутамі. А калі не – папярэджу цябе, дзе я, каб ты… потым са мной…– Не пакідай, – трымаў ён. – Як жа мне тады верыць у людзей і бога?!– А ты вер, – ціха казала яна. – Ты ведаеш, я ўдзячная Яму. Бо Ён даў мне саграшыць супраць сябе самой. Іначай я так і пражыла б без твайго кахання. А ён даў мне два гады. Няхай тады і пекла ўжо.– Яна яшчэ дзякуе, – без слёз рыдаў ён. – Ды што ж гэта? Ды што ж гэ-та та-кое-е?!Плоская, падталая, яна ўсё глыбей апускалася ў пярыны, у шоўк прасцірадлаў.Калі вусны яе не пакінулі ніякай, нават самай маленькай, плямы на люстэрку, ён пасядзеў трошкі, падумаў, а потым пайшоў у малельню і стаў там перад фамільным вобразам Спаса Цёмныя Вачніцы. Малельня была радавая, і на сценах вісела зброя, па абяцанню пакладзеная пад іконы тымі з Загорскіх, што ішлі ў манастыры.