Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

– Слухай, – сказаў Загорскі спакойна, як роўнаму. – Яна ж верыла ў цябе. Наблюзнерыла з гарачкі, але ўсё ж верыла. Яна верыла, а ты яе так, га?Абраз маўчаў, распусціўшы па плячах залатыя валасы. Глядзеў цёмнымі вачніцамі, у якіх не было відаць вачэй.Пагаварыўшы, ён зноў пайшоў у спачывальню і сеў ля яе. Ён сядзеў так і чакаў, аж пакуль старая нянька Яўдоха не падышла да яго:– Загадаеце паклікаць абмывальшчыц, пане?Ён узняў вочы і, як быццам толькі цяпер нешта зразумеўшы, махнуў рукой:– Кліч.Потым ён вярнуўся ў малельню, стаў перад Спасам і проста, як нябожчык бацька, спытаў:– Пекла? Ну няхай бярэ дваіх, калі не хацеў…У руках яго апынулася старая баявая сякіра – гізаўра. І ён раптам пусціў яе проста ў цёмныя вачніцы з такой сілай, што лязо на тры вяршкі ўпялася ў дрэва і затрымцела там.– Дрыжыш? – спытаў ён. – Ну, дрыжы.І выйшаў, зачыніўшы за сабою дзверы.І ўвесь час, пакуль ён, знешне спакойны, хаваў яе, прымаў спачувальнікаў і насіў жалобу, у душы яго жыў нясцерпны гнеў. Нясцерпны гнеў і адно пытанне: “За што?” Яна нічога не зрабіла таму, яна была больш святою, чым святая Вольга, якая кідала людзей у яму, а зверху кідала човен, што трушчыў ім косці… Вось ускладаюць венчык у знак надзеі атрымаць вянец на нябёсах, – а ёй безудзельна абяцалі пекла. За што?.. Вось пасля паніхіды гасяць свечкі ў знак таго, што “жыццё наша, палаючае, як свяча, павінна згаснуць, часцей за ўсё не дагарэўшы да канца”. Але хто ж думае аб канцы ў трыццаць тры гады? Ты, чыя ікона ў яе збалелых празрыстых руках? Ты мог, ты мужчына, ты за ўсіх. А за каго яна? За што?.. Вось служаць адправу, і яе аблічча звернута да алтара. Пры жыцці ты не пускаў яе ў алтар… За што? Яна жанчына. А твая маці не была жанчынай?.. А цяпер не пусціш у царства нябеснае. За што? За тое, што яна блюзнерыла, знемагаючы ад гора і ад любві да чалавека, ад той любві, за якую загінуў ты? “І ў зямлю адыдзеш…” Але не пакінеш быць “вобразам славы Божай”. Калі ўжо такая слава, дык да д’ябла яе…“Гасподня зямля і іспалненіе яе, сусвет і ўсі жывучыя на ім…”Няшчасны колас! Няшчасны колас пад невядомым сярпом. Ды і хіба пад адным?.. За што?..І паколькі на адно гэта пытанне, толькі на адно, не было адказу, гнеў усё нарастаў. У пекла дык у пекла. І ідзі ты з тваёй хвалёнай літасцю, калі ты не мог злітавацца над адной, адной-адзінай сваёй авечкай. Не над ваўком, над авечкай. Можа ж быць так, што і авечка, ратуючыся, паспрабуе ўкусіць? Дык ваўкам дазволена кусаць безліч разоў, а яна паспрабавала адзін раз, і яе за гэта – касой па горле.…Малельня была забітая, поп выгнаны ў Мілае, у старую царкву-крэпасць, самую непрытульную і сырую з усіх цэркваў, якія былі ў яго ўладаннях. Хутка туды ж накіраваліся і папы з Вежы, Святога і Вітахмо.– Буду плаціць вам удвая, абы духам вашым не смярдзела бліжэй чым за дваццаць вёрст.Ён ненавідзеў папоў, ненавідзеў цяпер бога, ненавідзеў салдат і жандараў, тых, ад якіх тхнула потам, даносам і крывёй, тых, якія арыштоўваюць людзей за настроі і гэтым зводзяць у магілу стварэнне, якое нікому не прычыніла зла. Ён ненавідзеў маладога цара, які зрабіў так, што людзей, дваран, якія адказваюць за свае палітычныя погляды, хапаюць у іхняй крэпасці.Ён закамянеў. Ён песціў дачку, адараў грашыма, уборамі, каштоўнасцямі. І зусім не цікавіўся, што яна там робіць на сваіх балях. Ён ведаў, што ёй належыць дзве тысячы душ і што знойдзецца прыстойны чалавек, які будзе кахаць яе. Што можа знайсціся і непрыстойны, ён не падумаў. Дачка ўцякла з маладым афіцэрам размешчанага ў Сухадоле палка…