Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

Пан Даніла цяпер спаў удзень, а ўначы чытаў, моўчкі гуляў па парку або слухаў у музычным павільёне “Рэквіем” Моцарта. Заўсёды адну і тую ж частку, “Лакрымоза”. Граў, седзячы за глухой шырмай, арганіст, якога прывезлі з Сухадола. Пан слухаў з сухімі вачыма. Парушаць яго спакой баяліся і таму абвясцілі аб уцёках дачкі позна.Прыступ гневу ў яго быў страшны. Дагэтуль спакойны, стрымана-моцны, пан быў у ярасці, быццам адразу хацеў выплюхнуць свой гнеў.Яна! З кім?! З афіцэрам!І гэта перапоўніла чашу ягонага гневу.– Дзе?!– У грэка-расійскім манастыры ў Ліпічах, – адказаў Кандраці, юнак, малочны брат, адзіны, хто не спалохаўся.Ясна. Манахі заўсёды рады напаскудзіць яму. Чорныя божыя пацукі!– Напэўна ўжо звянчалі, – сказаў Кандраці. – Позна.– Позна?! – Крык быў такі, што палац замёр ад жаху. – Я ім дам, позна. Людзей! Шляхту!!! Мужыкоў узброіць!!!– Не пойдуць, – сказаў Кандраці. – Збаяцца!– А мяне яны не збаяцца? – крычаў пан. – Не пойдуць – шляхту выганю і няхай здыхае з голаду! Не пойдуць – кожнага дзесятага ў руднікі прадам! Кандраці, пляшку гарэлкі кожнаму! Мужыкам па тры рублі! Шляхце па пяць! Сем’ям забітых пенсіі! Коней! Гарматы!!!Кавалькада з шасцісот чалавек рынула на Ліпічы. Грукаталі, падскокваючы на камянях, гарматы, вецер ірваў полымя паходняў. І ў п’яных людзей, якія скакалі за панам, усё ўзрастаў бязмэтны гнеў, наліваліся крывёю вочы.Манастыр атачылі апоўначы. Манахі з муроў убачылі паходні, полымя падпаленых стагоў, якое рвалася ў неба, пачулі гігатанне коней. Яны чакалі гневу, але не такога.Ігумен выйшаў на мур і ўбачыў проста перад брамай расхрыстанага пана з ашклянелымі вачыма.– Дачка… – сказаў пан.– Тут, – не схлусіў ігумен.– Адвальвай браму, пёс.– Не апаганьвайце абіцелі, – сказаў ігумен. – Манастыр не можа адмовіць рабам божым, якія ўмаляюць аб прытулку.– А гарэць твой манастыр можа?– А ў Салаўкі на затачэнне хочаш? – спытаў ігумен.Ён адчуваў за сабою сілу дзяржавы, сілу муроў, чатырохсот манахаў і дзесяці гармат. Не адвучылася яшчэ брація з тых часоў, калі манастыр быў памежнай крэпасцю.– Лізаблюд, – гнеўна сказаў пан. – Халуй пецярбургскі!– Анафему накладуць, – сказаў келар. – Ты, быдла. Дзе?кала недабітае.– А я вось дам вам анафему. Зводнікі! Па колькі капеек з ложка бераце?– Не зневажай бога, прычакань Салавецкі, – сказаў ігумен.– Гэта хто бог? Ты? Казёл ты!У адказ з муроў рыгнула гармата.– Д-добра, – сказаў пан. – Т-так. Добра вам будзе з нябёс на мяне ў Салаўках глядзець.Спалоханы гэтым спакойным тонам, ігумен хацеў быў паклікаць утрапёнага Данілу, але той пайшоў ужо ў крывава-чорны змрок. А праз пяць хвілін адтуль зараўлі гарматы. Сорак штук.Стралялі гадзіну, не па людзях, а па сцяне. Аконам хапаўся за галаву. Няхай бы білі ў браму, яе і аднавіць лёгка. Не, б’юць у мур.…А пан з закамянелым тварам загадваў пушкарам сыпаць падвойны парахавы зарад:– Нічога, не разарве! Сып! Бі… І вось што, распаліце ядры. Біце імі па дахах! Па дахах!Манахі спачатку стралялі, а потым кінулі. Відаць было, як яны ўздымалі да неба рукі, стоячы на мурах. У барвяным зарыве твар пана стаў жахлівы…Палалі шчапяныя дахі… І вось са страшным грукатам абурылася, упала ў хмарах чырвонага дыму кутняя вежа.Абложнікі ўварваліся ў ахоплены полымем манастыр.Манахі не абараняліся. Аконам ірваў на сабе валасы. Айца келара, які схаваўся на дражніку, за абразу торкалі носам у конскі гной.