Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

Маладыя паехалі. А пан Даніла пачаў умацоўваць Вежу. Вакол камяніцы, у баку ад палаца, дзень і ноч насыпалі валы, усцягвалі гарматы на сцены, пад натужлівы крык кацілі бочкі з порахам. Пад палац таемна падвялі фіцілі, каб, у выпадку чаго, узняць яго ў паветра разам з гасцямі, якія, вядома ж, размесцяцца ў ім падчас аблогі. Пан не хацеў нікому аддаваць свайго дзіва.Ён ведаў: смерць магла прыйсці кожную раніцу.Ён не шкадаваў аб гэтым.…Сына адправілі ў Загоршчыну і, скончыўшы ўсё, сталі чакаць.Гэта зрабілі ў маі, а ў чэрвені Напалеон перайшоў Нёман. Загорскім не было каму займацца, як і ўсёй прыдняпроўскай зямлёй, аддадзенай ворагу.– Што ж, – сказаў сябрам Загорскі. – Гуляйце. Прысуд пайшоў на абскарджанне.Ён чакаў, прыглядаўся. Баі грымелі ўжо за Дняпром.Напалеон быў яму сім-тым трошкі сімпатычны. Ва ўсякім разе, смелы. Воін. І, потым, усё ж было лепей, чым быць аддадзеным у лапы таму, хто загадваў хапаць людзей. Таму, хто адпраўляў людзей у манастыры.Але, з другога боку, занадта ўжо радавалася Варшава. Ён нічога не меў супраць палякаў. Іх гонар быў блізкі яму, і ён прызнаваў іх права на крыўду. Але пры чым тут ён, Загорскі? Бацьку выслалі з Варшавы, а цяпер Варшава сама ідзе да яго на французскіх штыхах. Затычкай быць? Не, хопіць. Досыць з яго і праваслаўнай сволачы ў расах. Езуітаў – на ліхтар!Ён нездарма быў вальтэр’янцам. Раздушыце гадзіну! Раздушыце інквізітараў – усё адно, папоў ці ксяндзоў. Абое рабое.Таму на пытанні суседзяў ён адказваў ухіліста:– А што карсіканец? Карсіканскай пачварай я яго называць не хачу. Але і ад Аўгуста ў ім – пшык. Я сам, магчыма, не горшы за яго, толькі рэвалюцыя мяне не падсадзіла да консулаў, арміі не дала.Потым Напалеон узнамерыўся абмежаваць дамаганні Варшавы, стварыўшы літоўска-крыўскую дзяржаву. Варшаўскае панства пакрыўдзілася. Мясцовыя дваране запалалі неабгрунтаваным энтузіязмам, прапанавалі Загорскаму ўзначаліць рушэнне. Ён адмовіўся.– Чаму? Вы не ўхваляеце думкі? – спыталі дэпутаты.– Я не падтрымліваю вас, хаця і дзякую за давер.Тыя не разумелі.– Гэта не барацьба за радзіму, панове, – сказаў князь. – Ён убачыў вашу сілу і вырашыў скарыстацца з яе. Гэты спрытнюга мае свой розлік. Бо ён хоча вадзіць вас за нос, панове, і вы, прыдняпроўскія дваране, зараз у незайздроснай ролі ката?, які цягае малпе з агню каштаны.Ён апусціў павекі:– І яшчэ, панове… Народ не з вамі. Ён ненавідзіць Кур’яна, шпіцрутэны, наборы. Але француз прыйшоў у яго дом, забраў яго сена, расстраляў бацьку, асіраціў дзяцей… Кіпцем зачапіў за сэрца. А вы ведаеце, што такое наш народ, калі яго – кіпцем за сэрца… Дык вось, я невялікі аматар кулагі, лапцяў, народных пахаў. Але супраць народа я не пайду…Узняў павекі і паглядзеў проста ў вочы дэлегацыі.– Каб я быў баязліўцам – я, ратуючы сваю шкуру, узначаліў бы ваша рушэнне, каб аддаліць расплату асабіста са мной… Колькі вас? Толькі на Магілёўшчыне каля трыццаці тысяч. Колькі б пайшло дваран з усёй тэрыторыі магчымай – гм! – дзяржавы? Шэсцьдзесят. Шэсцьдзесят тысяч адчайных галоў. Больш, чым карсіканец страціў пры Барадзіне. Карсіканец у Маскве. Шалі вагаў дрыжаць… Скажам, каб была надзея на поспех, – баязлівец у карты не гуляе. Што тады? Марыянеткі ў руках чалавека, якога ненавідзіць мой народ? Вялікая дзяржава Шлезвіг-Сухадольская… “Іх глаўбе, гер Кёніг…” – і рукі па швах.Ён сумна ўсміхнуўся.