Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

Ну вось, ведаеш, а пнешся.А дарэмна ты не паспрабаваў раскілзаць мора!..Такім думкам аддаваўся Даніла Загорскі, усё яшчэ ўмацоўваючы камяніцу, рыхтуючы яшчэ адну хітрасць і п’ючы, бы ў пустыні. А потым, калі Карсіканец сапраўды загрымеў, з Пецярбурга прыехаў рэвізор, каб расследаваць справу пра манастыр, генерал-ад’ютант Баранаў…“Эге, сілаю браць не будуць, – падумаў пан. – Справа за часам прыахалола і здаецца ўжо не такой важнай. Трэба рызыкнуць”.І ён рызыкнуў: запрасіў генерал-ад’ютанта ў Вежу. А там на вячэру. А там – у камяніцу.Баранаў убачыў валы, порах, гарматы, узброеных людзей, а ў камяніцы бясцэнныя габелены, антыкі, карціны.– Чаму гэта тут? – Баранаў успомніў бочкі з порахам у скляпеннях і здрыгануўся. – Жыццё вам, спадзяюся, не абрыдла?– Я фаталіст. Трапіць дык трапіць.– А калекцыі?– Я не хачу, каб імі цешыўся нехта яшчэ. Зрэшты, вам магу падарыць гэтага фаўна.Фаўн з часам прыдбаў высакародную цёмную паціну, уцёртую ў мармур. Яна не зніжала яго белі, а толькі надавала яму рэльефнасць і прыгажосць жывога цела.Фаўн з’едліва ўсміхнуўся Баранаву. Генерал не помніў сябе ад радасці. Гэта было больш каштоўна, чым “Нерон” Юсупава, звычайны афіцыйны бюст рымскіх часоў. У Юсупава была толькі адна “ступа” з такой вось пацінай. А гэта… Элада! У яго, Баранава, ёсць ужо бюст Агрыпіны. Цяпер ён пераплюне і Юсупава з яго “ступаю” і Шарамецева з ягонай славутай пампейскай “Козачкай”.– Бярыце, генерал. Я вызваляю гэтага фаўна ад наканаванасці.Загорскі ўбачыў, што клюнула. Некалькі такіх пастак, для кожнага тыпу людзей, было расстаўлена ў яго.– Пашкадуйце гэта, князь, – узмаліўся рэвізор. – Выбух – і…– Усё адно жывём на вулкане. Не я, дык нехта другі.Баранаў зразумеў намёк. Ды гары яно гарам, каб праз вежу нейкага ідыёцкага манастыра загінула такое. Але яму было страшна: а раптам і на яго данос?– Вы ведаеце, што на вас ёсць ананімны данос, князь?– Магчыма. У мяне шмат ворагаў.– Аб манастыры. – Чуў і такое. Спадзяюся, не ігумен скардзіўся.– Не, ён якраз маўчыць.“Яшчэ б ён крычаў, – падумаў князь. – Хто яго, калі ён крычаць будзе, бітага на месцы пакіне”.– Бачыце, ветру з манастыра… мне баяцца не даводзіцца. Я ж кажу: плётка ворагаў.– А дачка?– Ды што дачка. Вы лепей спытайце ў яе і ў зяця. Жывуць. Пасаг – дзве тысячы душ. Чаго ім яшчэ?Баранаў паспакайнеў.– А хто ж манастыр спаліў?– Французы, любы генерал, французы. Усё яны, фармазоны. Буанапартэ…– А кляштар?– Але, – сказаў Загорскі, – частавалі нас там, частавалі. Такія гасцінныя людзі!І ўсхапіўся:– Няўжо яны скардзіліся?– Што вы. Наадварот, хваляць.– Вось бачыце, генерал, як можна звяртаць увагу на данос без подпісу… Дый наогул, што гаварыць аб гэтым… Давайце лепей у фараон перакінемся.“Сволач, – падумаў Баранаў. – Яшчэ дражніць. Ну, я ж табе зараз за фаўна грошы прагуляю. Адмовіцца не магу, па няшчаснай слабасці маёй да антыкаў, дык я ж зраблю так, што я ў цябе гэтага фаўна куплю. І рукі будуць вольныя”.– Калі ласка, князь.“Дурань, – думаў Загорскі. – Ты ж не толькі дурань, ты яшчэ і сволач. Паглядзім, хто прайграе. Каб прайграць у час ды ўмела, на гэта лепшыя мазгі патрэбны, чым у цябе…”Перад світаннем Загорскі ўстаў з-за стала ў страшэнным пройгрышы: прагуляў Загоршчыну. Баранаў, не разумеючы, як жа гэта так атрымалася, што ён узяў хабар, маліў яго не лічыць гульні ўсур’ёз.– Радавы маёнтак, князь. Яго ж нельга прайграваць.