Каласы пад сярпом тваім, ч. 1

– Нельга. Але карты. Няшчасная слабасць!– Давайце не лічыць.– А гонар, генерал? Не, картачныя даўгі трэба плаціць.Баранаў і верыў у хабар, і не верыў. Але нават калі і не хабар, хто паверыць, што не хабар. Радавы маёнтак таго, каго рэвізуеш. Дый не дазволяць! Апекаванне над “умственно несостоятельным” князем. Жах! Сведкі побач.– Кіньце, генерал… Загоршчыну, вядома, шкада. Дык давайце я пад распіску аддам вам за яе грошы. Га? І нязручна не будзе. На імперыялах пячаткі няма, адкуль яны.“Заблытаў, загубіў, акаянны… Адной пятлёй цяпер звязаныя. Ён на дно, і я на дно, за ім. Грошы, вядома, не скажуць, адкуль яны. А распіскі ён не пакажа. Божа, толькі б галаву з пятлі, ды давай бог ногі”.І, унутрана прыміраючыся з усім, махнуў рукой.А Загорскі, адлічыўшы грошы за траціну маёнтка, – “Хопіць і гэтага, ды і фаўн дапоўніць”, – гасцінна сказаў:– Дык я статую да вас адпраўлю са сваімі.Баранаў надзёрся ў маёнтку да сініх чарцей. Яго пасадзілі ў карэту і “еле можаху” адправілі ў Сухадол. Адтуль ён накіраваў у Пецярбург дэпешу, што “монастырь сгорел от неизвестной причины и, предпочтительно, едва ли не от руки злодея-корсиканца. Дальнейшее же дело за давностию и неотысканием следов, князя Загорского обеля, следует предать забвению”.Загорскі перамог. Але гэта не прынесла радасці. Брыдка! Нізкі свет!І ён пусціўся ў разгул так, што самому страшна рабілася. Загоршчыну запісаў на сына. Мільён яшчэ да вайны быў пераведзены за мяжу і пакладзены роўнымі долямі, пад тры складаныя працэнты гадавых, напалову ў швейцарскі і напалову ў англійскі банк.Нашчадкам няма чаго дакараць яго за разгул. Ён нікога не збядняе. Ён прапівае паўдзённыя землі. Піце, людзі! Піце! Гуляйце ўсе!Скакалі коні, захлынаючыся бомамі, стралялі гарматы, лілося віно, купляліся статуі і карціны. Кожны месяц нехта абпіваўся да святых дароў.…Пакрысе гэта абрыдла яму. З нешматлікімі сябрамі ён замкнуўся ў маёнтку, стварыўшы нешта накшталт братэрства, філосафам якога быў Эпікур, а рэлігіяй – Вальтэр.Музыканты. Спектаклі прыгоннай оперы. Усё, што можа даць мастацтва і вытанчанасць, прырода і каханне.І пустата.Паступова адыходзілі верныя сябры. І толькі ён са сваім жалезным здароўем жыў, усё глыбей пагразаючы ў меланхоліі і мізантропіі. Памерла дачка – і да ўсяго гэтага (з узростам ён стаў мякчэйшы) дадаліся туга, мукі сумлення.Яму было пяцьдзесят чатыры, калі ён канчаткова страціў веру ў сумленне і гонар улад, у карыснасць дзяржаў, у тое, што свет ідзе да лепшага. У гэты год цар страляў у людзей з гармат. Тыя людзі былі храбрыя, браты па духу, бескарыслівыя, сумленныя. Не кур’яны, не баранавы – цвет зямлі! І што ж зрабілі з імі? Вешаць дваран! І хто?! Фельдфебель!..Ажаніўся сын, нарадзіўся Алесь. Нішто не змяніла дзедавай велікапышнай самоты. Толькі ад сына ён аддаліўся, – нявестка зноў завяла ў Загоршчыне папа. Ён бачыў іх рэдка, раз у год-два.Калі нарадзіўся другі ўнук – ён ажывіўся. Яму здалася забаўнай новая ідэя. Бацькоўскай уладай ён загадаў, каб унука хрысцілі ў касцёле.– Народ раздзялілі гэтай верай. Сварацца, як быццам не адной маці дзеці. І кожны лічыць, што мае рацыю, калі гыркае. Дык няхай хаця два браты будуць іншай веры.Вымушаны былі зрабіць па яго і ўнуку далі імя Вацлаў.Але нічога не змянілася.Пышны і магутны абломак старасвеччыны, ён згасаў, абкружаны мастацтвам, паркамі, дзівоснай скульптурай і музыкай.