Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

XVНа тым беразе цягнулася і цягнулася Доўгая Круча.Дняпро ў гэтым месцы быў просты, як страла, і як страла імчаўся паміж берагамі – высокім і нізкім. А круча на тым беразе была самым дзіўным, што калі-небудзь ён свавольна ўтвараў.Даўжынёю з вярсту і вышынёю сажняў на пяцьдзесят, роўная, нібы па лінейцы праведзеная ў даўжыню і ў вышыню, яна была з крывава-чырвонай гліны, цвёрдай, як камень, непрыступнай ні для нягоды, ні для вады. І на гэтай строме, карэннямі ўгору, там-сям віселі сосны з залацістымі стваламі і свежай гліцай, віселі паміж небам і зямлёй, скарлючаныя, перавітыя, як вязка змей, няскораныя ў сваім жаданні жыць там, дзе не здолеў і не захацеў жыць ніхто.За кручай і вышэй яе Дняпро шырэў, разліваючыся. Круча стрымлівала яго, не давала прарвацца ўніз і змыць усё на сваім шляху.Касюнька ступала стомлена, але ўсё яшчэ гулліва. І вось за Кручай, за невялікім разлівам, перад Алесевымі вачыма паказаліся ўзгоркі, на якіх, як вока сягала, густа зелянеў неаглядны парк. А ў парку, на грэбені высокай грады, зіхацела нешта блакітнае і залатое. Белае, блакітнае і залатое ў пералівах вясёлкавых вадзяных струменяў.За мостам дарога зварочвала і вяла ўздоўж Дняпра. Сажняў праз пяцьдзесят ён заўважыў пазалочаную паркавую агароджу, нібы звітую са сцяблін і траў, простую і прыгожую. Агароджа ішла і ўправа і ўлева, губляючыся ў зеляніне. А там, дзе да яе падыходзіла дарога, была брама, шырока расчыненая ў зялёны змрок алеі. Людзей не было. Толькі недзе далёка, у шатах, мякка гучалі нейкія струны, як Эолава арфа. Алесь не ведаў, што за ім сочаць і што цяпер на яго непрыкметна глядзяць дзве пары вачэй.Пастаяўшы перад брамай, пагладзіўшы Алму, якая прыўстала на луцэ, топчучы лапамі хвасты дзвюх качак, малады коннік паціснуў плячыма і рушыў каня ў змрок алеі. Сонца было яшчэ даволі высока.Адхон, зарослы векавымі дрэвамі, цягнуўся з левага боку. У адным месцы на яго ўзбягалі звілістым серпанцінам мармуровыя сходы з шырокімі прыступкамі. Але гэта відавочна было не для каня. Затым алея павярнула ў шырокі яр, дзе буяла разнатраўе. Ён не ведаў, што з самага “вялікага сядзення ў камяніцы” за паркам перасталі сачыць. Калі ж сядзенне скончылася, дзеду так спадабалася чароўнае спалучэнне працы садоўніка, які распланаваў і да часу выхоўваў дрэвы, і свавольства прыроды, якая вызваліла іх ад прыгнёту нажніц, што ён загадаў пакінуць парк у спакоі. І вось цяпер парк буяў, і ў ім было надзіва хораша. Сярод буйнага лесу, ледзь ачышчанага ад ветрабою і пустазелля ды ад куставога смецця, трапляліся вельмі рэдка, толькі каб паказаць, што гэта не лес, што гэта назнарок, то два-тры дзікія камяні над уваходам у пячору, то зялёны амур, увесь у штучна ўзрошчаным на ім моху. Амур глядзеў на конніка, прыклаўшы палец да вуснаў, а ля яго ног было высечана на камені: “Сhut!” Алея забірала, па нябачнай дузе, усё лявей і лявей, і вось вачам адкрыўся бакавы двор палаца, прагна, быццам клюшнямі краба, ахоплены двайной каланадай. У тым месцы, дзе яна расступалася, залацілася расчыненая агароджа вялізнай брамы. І зноў мёртвая цішыня. Пясок двара роўны, і на ім ніводнага следу. Быццам ён так і ляжыць сто год.Пасярэдзіне двара моўчкі стаіць мармуровая, у натуральную велічыню, копія з фларэнтыйскага Давіда.Алесь злез з каня і пачаў адвязваць качак, спіною адчуваючы бязлюддзе і мёртвую цішыню.