Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

Аглядалі жылыя пакоі, удвая ніжэйшыя, чым парадныя, аглядалі бібліятэку з бясконцымі шафамі, у якіх чарнелі старажытнымі дошкамі і залаціліся новым цісненнем незлічоныя кнігі.І ўсяго гэтага было так многа, што рабілася непрытульна. Нашто гэта? Адразу зразумела, чаму ў іх амаль не жывуць, чаму аддаюць перавагу пакойчыкам, удвая ніжэйшым і прытульнейшым.Увечары Алесь ішоў у тэатр і там смяяўся і абліваўся слязьмі над гаротным лёсам Аглаі з “Палескага разбойніка” і дрыжаў ад шкадобы і тугі, калі ў “Рычардзе ІІІ” пачвара кароль, забіўшы Яе мужа, з д’ябальскай хітрасцю ашукваў Яе. Яна стаяла, гордая ў сваёй нянавісці, і пакрысе той, гарбаты, абуджаў у ёй гонар жанчыны, якую кахаюць. На вачах у Алеся нараджалася каханне, аб якім ён толькі невыразна чуў... У яе мокрых вачах, цьмяна асветленых нянавісцю, нараджаўся аднекуль цэлы свет: давер, боль, а за ім святло саміх нябёс.Ён яшчэ не мог стрымлівацца, і таму ў зале часта гучалі яго рыданні. І людзі на сцэне адчувалі, што адзін удзячны глядач замяняе ім поўную залу.Калі праз шмат год славутую актрысу пыталі, ці памятае яна дні, калі іграла лепей за ўсё і хто гэта бачыў, яна адказвала:– Памятаю. Але гэтага ніхто не бачыў. Толькі адзін. Усё маё астатняе толькі падробка пад тыя дні. Толькі для аднаго я магла так іграць.– Дзе ж ён, гэты шчаслівец?– Шчаслівец?.. Не...Яна болыш нічога не казала. І невядомы “адзін” стаў легендай.Нельга сказаць, што ў яго не было засмучэнняў. Неяк дзед расказаў, як два гады таму назад некалькіх “фалангістаў” захуталі ў саваны і, прывязаўшы да слупоў, трымалі, з мяхамі на галовах, доўгі час пад рулямі, а потым загналі ў Сібір. Гэта было ў Пецярбургу, і сярод “фалангістаў” быў пісьменнік. Як не прачытаць такога? У дзеда знайшоўся часопіс з яго аповесцю. Аповесць звалася “Бедныя людзі”, і Алесь, з цяжкасцю адольваючы мову, прачытаў яе за два дні...У гэтыя дні якраз скончыўся тэрмін, які вызначыў дзед. Алесю трэба было ехаць. Дзед хадзіў змрочны, дый Алесь месца не знаходзіў. Дзед, зведаўшы ўнука за гэтыя дні, цяпер жахаўся, што мог адштурхнуць яго ў першы ж дзень. Усе свае рысы, усе рысы людзей, якіх ён паважаў, ён прададчуваў у гэтым чалавеку. Вежа бачыў ва ўнуку самога сябе, толькі нязмерна палепшанага, і ганарыўся гэтым.Напярэдадні стары не вытрываў.– Едзеш? Напэўна, рад?– Дзядуля... – з дакорам сказаў унук.– Едзеш толькі на некалькі дзён... Вядома, бацькі... Але за навукай тваёй буду сачыць я. Прынамсі, год-два, пакуль мне не стане цяжка. І калі я захачу цябе бачыць – па першаму ж майму слову ты павінен ляцець сюды і жыць столькі, колькі я захачу.— Я зраблю гэта... – сказаў унук. Алесь папрасіў дзеда даць яму з сабою часопіс, каб паказаць аповесць маці.– Тут усё тваё, – змрочна сказаў стары. – Зрабі ласку ніколі не пытацца....У Загоршчыне хлопца сустрэлі радасна, нават з гордасцю, што ён змог заваяваць сэрца старога. Сінія вочы бацькі ззялі цеплынёй, маці ўсміхалася сыну пяшчотна і сумна, як заўсёды.Маці прачытала аповесць і засмуцілася. Потым яна сядзела ў загоршчынскім архіве і нешта шукала па “Прывілею”, “Аксамітнай кнізе”, “Срэбнай кнізе Загорскіх” і па граматах і з’явілася на вячэру трошкі заспакоеная, быццам зразумеўшы нешта...– Загубілі генія, – сказала яна. Алесь маўчаў.– Нават калі вернецца, дык вернецца знявечаны, – сказала матуля. – Што ж гэта за подлы век?! Чалавек такой уражлівасці – хіба ён вытрымае?