Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

Яна адышла да балюстрады і пачада глядзець у цёмны парк.– Загубілі не толькі генія, – сказала яна ўрэшце, – загубілі чалавека адной крыві з намі і нашага далёкага сваяка.– Сваяка? – Алесь ускінуўся. – Як сваяка? Усе казалі, што ён сын лекара.– 3 нашых, – сказала маці. – Род стары, але вельмі заняпалы. Я думала, і не асталося з іх нікога. Аж ёсць. Іхні маёрат – Дастоева пад Пінскам, і яны кінулі яго, збяднеўшы, год сто назад. Яны – ад “сына кахання” аднаго з Загорскіх, малодшая, бакавая галіна наша. А герб іхні – “Радван”.– Не можа быць.– Глядзі, – маці разгарнула аркуш з выпіскамі. – Занадта знаёмае прозвішча. Глядзі: шаснаццатае стагоддзе, адгалінаванне “Радвана”. Глядзі: 1607 год – працэс Марыны Дастаеўскай-Карловіч... Глядзі: вось яе брат Яраш сядзіць у Мазыры. 1630 – Дастоева мае ўжо трох гаспадароў. У тым самым годзе суддзя Пятро Дастаеўскі разбірае справу аб чарадзействе. 1649 – селянін на копным судзе прызнаўся ў рабунку, учыненым над маентнасцю Рамана Дастаеўскага. А вось сакавік тысяча шэсцьсот шасцідзесятага года, справа аб прапажы рэчаў, закапаных у зямлю падчас нашэсця ворага. Падпісаўся Ян Дастаеўскі. Першы і адзіны подпіс па-польску...– Ал-ле, – сказаў Алесь.– Значыць, канец “Радвана”. Абсёкся род. Колькі ўжо іх, адсечаных галін. Ды хіба сякера шкадуе? А малады чалавек быў бы светач людскі....Спакой у Загоршчыне перарваўся толькі вяселлем старэйшага сына Кагутоў, Стафана. Маці за два дні да вяселля адпусціла Алеся ў Азярышча.Весялосці было – хоць захлыніся. Усе былі рады Алесю. Зноў жартаваў Кандрат, зноў ласкавымі, трошкі жаноцкімі вачыма глядзеў Андрэй. Міхал і Марыля дыхнуць баяліся на хлопца. Паўлюк, гаспадарлівы Паўлюк, паказаў яму ўсё, што ён прыдбаў за той час, калі яны не бачыліся: сапраўдную скураную прашчу, ласіны чэрап з рагамі і пячору, якую ён адшукаў у яры, на беразе Дняпра. Яня хацела сядзець толькі на ягоных каленях. Юрась паказаў яму дзве найлепшыя грыбныя мясціны.Гэта была простая, непатрабавальная любоў. I ён акунуўся ў яе, сам плацячы тым самым, як акунуўся з удзячнасцю ў песні, якім яго пачаў вучыць дзед Даніла Кагут. Таксама Даніла, як і той. Ды і ў чым, урэшце, розніца? Гэты дзед не родны, але блізкі і просты. А песні ягоныя – дзіва! I мова ягоная – лёгкая, звыклая. Стары Вежа часам гаварыў па-мужыцку, але як складана гэта было! А тут было проста, як дымная асець, проста, як зоркі праз дзіравую страху адрыны.

Гналі і настойвалі “тройчы дзевяць”1, варылі піва, збіралі грыбы на вясельны квасны боршч. Янька хадзіла ўся ў муцэ і папраўляла хустачку тыльным бокам далоні, як маці. Кандрат лізнуў яшчэ цёплага піва і рабіў выгляд, што ён такі п’яны – проста жах, не ведае, дзе ў яго што, і ўсё хацеў сесці на галаву, як гэта робяць зусім дурныя шчанюкі.Напярэдадні вяселля вырашылі паехаць на рыбу, каб і рыба была на вясельным стале. Юрась і Паўлюк павінны былі лавіць вудамі, блізнюкі – пазычанай у Лапатаў таптухай, Алесь і Стафан – крыгай.Душагубак напазычалі ў суседзяў аж пяць штук (Паўлюк і Юрась павінны былі ехаць у адной) і адправіліся лавіць у зарожак ля Лысай Гары.Гэта была воля!I хіба ён сам, Алесь, не быў усе гэтыя дні вольны сярод вольных? Хіба не мог ён адказаць такой самай песняй на песню, якую спяваў нехта ў лугах, на беразе старыцы? Хіба не было і ў ім нечага ад гэтай ракі, ад палёту буслоў?Думка была такая нечаканая, і ён – як вырас, нарадзіўшы яе.