Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

...Чаўны плылі пад самым берагам. А на беразе стаялі дзяўчаты. Не, не ўсе дзяўчаты: у адной на галаве паверх хусткі быў жаночы белы нагалоўнік, што ляжыць цюрбанам і спускаецца на плечы і шыю, пакідаючы вольным толькi аблічча.Алесь нечакана здзівіўся, такія яны ўсе былі гожыя і чамусьці не такія, як заўсёды. Сёння ён не мог бы запхнуць камусьці з іх хрушча за каўнер, каб паслухаць, як вішчыць. Ён бачыў іх нейкімі новьмі вачыма. Усе ў стракатых андараках з хвандамі, у рознакаляровых кабатах, якія так ёмка і зусім па-новаму сцягвалі іхнія... тулавы.Паўлюк, які веславаў з Алесем, сказаў ціха:– Азярышчанская толькі адна. А то вітахмоўскія. Відаць, на фэст ідуць у Мілае. А то з імі Уладзька, салдацкая ўдава. Пэўна, да парома не хочуць ісці.Дзяўчаты сапраўды махалі рукамі.– Дзядзечкі, перавязіце!Кандрат, які веславаў першы, пачаў аграбацца, прапускаючы наперад Стафана. Зубы ў вясёлага блізнюка ззялі: прадчуваў жарты.– Нельга, дзеўкі, – сказаў Стафан. – Бачыце, душагубкi.Салдацкая удава хмыкнула:– А можа, я і хацела б з табою душу загубіць, саколік?– Раней бы... – сказаў Стафан. – Цяпер... позна. – Ну і сокал ты. Позна яму, гаротнаму.– А дзядзечкі, перавязіце. Ці ж нам пад кручай начаваць?– Утопімся, дзеўкі, – разважліва сказаў Стафан.— Не ўтопіцца, хто вісець маець, – сказала ўдава. Няспрытны на язык Стафан толькі галавою пакруціў.– А то перавёз бы, – сказала Уладзька. – Пад дубам пасядзелі б... Жолуд адшукалі.– Што я, свіння? – знайшоўся Стафан.– Свіння не свіння, а так, падсвінак, – сказала ўдава.– Насвінак, – сунуў свае тры грошы Кандрат.– Ты ўжо маўчы, – адказала Уладзька. – Варушыцца там у сваёй таптусе, як верабейка ў веніках.На Кандрата пасыпаўся град нязлосных здзекаў.– А якія ж усе ўдалыя хлопцы... Бацькавічы... Асабліва гэты, з падковай на лобе...– Гэта, дзеўкі, каб ведалі, за каго ў цемры б’ецеся, – скаліў зубы Кандрат.– Дужа ты каму патрэбен, Копша1.– Ад Копшы яшчэ ніхто не ўцёк, ні каралева, ні святая дзева.– Не, дзеўкі, вы на яго дарэмна, – сказала Уладзька. – Глядзіце, які гожанькі. Галоўка, як макаўка. Праўду кажуць, на дурня і бог ласкавы...– Ласкавы бог, ды табе не памог. Са мною звёў. Добрая пара: ён гол, як біч, ды васцёр, як меч, а ў яе вочы па яблыку, а галава з арэх.Дзяўчаты ўбачылі, што хлопцы зацяліся.– Кінь ты, Уладзька, няма чаго таму богу кланяцца, які на нас не глядзіць.Ды і пайшлі на ўзгорак. Іхнія каляровыя цені гайдаліся ў вадзе ля самых чаўноў.– Дык не перавязеце, мужыкі? – спытала Уладзька.— Не. Сама бачыш, – сказаў ужо здалёк Стафан. Уладзька раззлавалася.— Эх вы! Дык спаймаць вам таго язя, што кудысь лазе. Ніхто нічога не зразумеў, акрамя старэйшых. Затое Кандрат зарагатаў так, што адкінуўся ўбок. I тут – душагубка вільнула і cтала дагары дном, а Кандрат юкнуў пад яе, проста галавою ў ваду.Хлопцы рагаталі цяпер усе. Рагатаў і Кандрат, вынырнуўшы. Рагаталі дзеўкі на адхоне... Мокрага Кандрата пасадзілі зноў у доўбленку, паплылі далей.Андрэй ехаў апошні і заўважыў, што не ўсе дзеўкі ўзняліся на адхон. Адна стаіць на тым самым месцы, велікавокая, сціплая, Кахнова Галіна.– Чаго ж ты стаіш? – ласкава ўсміхнуўся Андрэй.— Не хачу на паром. Там, пэўна, Лапатаў Янук. Янука Лапату Андрэй не любіў. Яршысты, злосны чалавек.– Што ж, так і будзеш стаяць?– Можа, нехта паедзе, – уздыхнула яна. – Шкада, што ў вас душагубкі.Андрэй усміхнуўся. Гожая галава, апушчаная, як кветка “сну”, трошкі ўбок, прыўзнялася.