Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

Алесь замкнуўся, нікога не пускаючы ў свой свет. Ён слухаў спрэчкі новага настаўніка з Вежам і адчуваў сябе ў нечым вышэй за іх. Яны не ведалі яго таямніцы, якая давала змогу яму, Алесю, любіць усіх людзей, як самога сябе, бо ўсе былі адно, і над гэтым адным не было ўлады часу.Настаўнік і дзед не разумелі гэтага. Яны спрачаліся.– Нашчадкі славянафілаў, – віраваў настаўнік. – Захад для іх распуста, злосць, крамола. “А вось мы – непарушнае адзінства праваслаўнага блажэнненькага народа з праваслаўным белым царом. Носьбіты велічы! Трэці Рым! Сіла, якая ўратуе гнілы свет. Крыж на Сафіі, гасудар-бацюхна, славяне богабаязныя, душа смірэнна мудрая! Свет велічы і праўды – не тое, што бязбожныя заходнія аспіды...” А за іхнімі гэтымі ідэямі – бруд. Мы – нашчадкі іншых людзей, мы нясём радзіме адмаўленне, свежы струмень вады ў яе дрыгву.Дзед велічна ўсміхнуўся.– Я паважаю вашы думкі, – сказаў ён. – Але не вы дый не вашы апосталы першыя сказалі пра гэта. Яшчэ нейкі баярын бубнеў аб “багамерзскіх немцах з іхняй геаметрыяй”. А другі рэзаў яму бараду. Гэта было і гэта будзе праз дзесяць і праз пяцьдзесят год. Паўторыцца старая казка аб заходніках і славянафілах. I толькі падставы будуць іншыя, а вонкавыя праявы падобныя і страшэнна смешныя.– Што ж вы, адмаўляеце погляды рыцараў духу? – аж бляднеў настаўнік. – Тых, што ў Петрапаўлаўку ледзь не трапілі?– Я таксама ледзь не трапіў у Петрапаўлаўку, – казаў дзед. – Што ж я, па-вашаму, чалавек поступу і святла?.. Я не бэшчу заходнікаў. Яны былі патрэбны і неабходны. А нашчадкі, узяўшы ад іх усё горшае, ператварыліся ў карыкатуру на іх... Славянафілы ж, якія былі, такія і засталіся, толькі што не выціраюць масляных рук аб валасы, расчасаныя страхой, і не смаркаюцца ў руку, хаця схільныя ўхваляць і тое і другое.– А вы што ж?– Я лічу, што людзям патрэбна новая вопратка... Але сам неяк дахаджу ў старой. Калі, вядома, не траплю ў вашу разню.– Хто каго будзе рэзаць?– Адны адных. Вялікая вайна за шкарлупіну выедзенага яйка. Княства, як цяпер мудрагелістыя гегелісты кажуць, “і-дэ-алё-гічных” лапцей супраць герцагства “тэ-о-рэ-тычных” манішак. Абсалют дурасці! Будзе рэзаць “тупаканечнікаў” – не спадзявайцеся на мяне....Нават немагчымае належала Алесю. Ён быў гаспадаром часу, вякоў, абшараў, бо ўсе людзі вялікай ракі і ўсе Людзі, увесь Род гэта ён, а ён – яны....Канчаткова ён зразумеў бязмернае і бяздоннае шчасце, разлітае для яго, у адзін з вечароў, калі забрыў у заглохлы куток саду, непадалёку ад урвішча кахання. Там расла маленькая яшчэ груша, а вакол было залаціста-асмужанае паветра канца жніўня. Ён сеў на камень, узняў вочы і застыў: груша цвіла вялізнымі залатымі кветкамі.Клубень “залатога шара” невядомым чынам трапіў пад грушу і, дасягнуўшы дакуль мог, выкінуў пышны букет жоўтых кветак, сярод якіх віселі сакавітыя румяныя плады. Здалёк здавалася, што гэта груша расквітнела казачнымі залатымі агнямі. I ён не здзівіўся, бо ўсё было для яго, і гэта было толькі першьм здзяйсненнем немагчымага.Грушы цвілі для яго залатымі агнямі.

XVІІІВосень была гожая і памяркоўна туманная. Быццам пад цёплай шэрай коўдрай ляжала кожную раніцу стомленая, ласкавая зямля. І толькі гадзіны за дзве да поўдня першы прамень белага, няяркага сонца прабіваў покрыва і радасна падаў у пажоўклую траву. Тады паўсюль пачыналася панаванне вясёлак: мігцела павуцінне на траве, на платах, укрытых падвескамі кропель, на ваўчках у перакапаных гародах, на бліскучых баках гарбузоў у падстрэшках.