Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

Гэта былі маленькія вясёлкі. А вялікія ззялі вышэй: між хмызоў, між прыдарожных вербаў, між самых высокіх дрэў над ляснымі сцежкамі. І кожная красавалася, з трохі сумнай радасцю паказваючы, як яна падобна на маленькае сонечнае гало. А гаспадары “вясёлак” лавілі ў іх апошніх асенніх мушак – на радасць сабе – і залацістыя вузкія лісцікі вербаў – на радасць кожнаму, хто меў ахвоту спыніцца і паглядзець, на радасць усім добрым людзям.Пазней сонца разганяла туман, і свет тады ляжаў перад вачыма далёкі, пакорлівы, няяркі – таксама паказваючы, якая ў ім можа быць далячынь, які абшар.“Паглядзі, чалавек. Бачыш сухі палын на дальняй мяжы? Дык да яго роўна паўтары вярсты. А тое, шэранькае, бачыш? Ну, там, дзе яшчэ рыжыя коні на ржышчы? Такія рыжыя-рыжыя на жоўтым-жоўтым. Дык гэта Вітахмо. Ніколі ты яго не ўбачыш, акрамя гэтага дня, які я шчодра даў табе. Глядзі. Дыхай!”...У адзін з такіх дзён Алесь прачнуўся, убачыў цёплы туман за акном, парадзелую лістоту італьянскай таполі і зразумеў, што сёння паляванне будзе абавязкова. Хто будзе сядзець у такі дзень дома?І праўда, не паспеў ён апрануцца, як бацька прайшоў калідорам да паляўнічага пакоя, грукнуў у Алесевы дзверы і пайшоў далей, спяваючы свежым пасля сну голасам:Та-та-ці, та-та-ці,Рог спявае на пуці, Ра-ным ра-наЗбор ля ракіты,Саквы зваляны,Карбачы падвіты,Падві-ты, Падві-i-ты.Гэта было, сапраўды, так падобна на спеў рога, дураслівы спеў бадзёрага рога ў тумане, што Алесь засмяяўся.У кожнага паляўнічага былі такія прыпеўкі, пад спеў рога і на кожны выпадак паляўнічага шчасця. Хто век цэлы вершаў не бачыў, і той павінен быў прыдумваць такое для сябе, блага ці добра. А астатняе залежала ўжо ад здольнасці і страсці. У бацькі прыпеўкі былі добрыя. Трэба было яшчэ і сабе прыдумаць... Значыць, мяркуючы па песні, сёння за ўзятую стрэльбу будуць біць, а то яшчэ і зламаюць зброю, каб не ўчыняў ганьбы і не ламаў звычаю. Толькі псы і карбачы, падвітыя на канцы свінцом... Добра. Божа, які доўгі і шчаслівы чакае дзень! Яшчэ толькі пяць гадзін раніцы!...Выехалі з двара “малым паляваннем”: толькі бацька, Алесь, непарушны даўгазубы Крэбс, а са слуг – спакойны Логвін, змрачнаваты старэйшы даязджачы Карп, карычневы і абкураны, як пенкавая люлька, пяць псароў ды Халімон Кірдун.Алесь быў на Урзе, Крэбс – на Б’янцы (вы?ехаў выганяць яе), пан Юры на грудастым і лёгкім вогненным Дубе, псары – на розных конях.З сабою ўзялі двох хартоў, якіх моцна трымалі на шворцы, пакуль не выедуць на вялікія роўныя палі, – звер зацяты, можа і разбіцца; ды пяцёх ганчакоў: Знайду, Сціная, Анчара, Стрэлку і Змейку. На трох астатніх псароў былі тры сабакі – п’яўкі, калі, можа, выганяць з Банадыковых Крыніц адзінца . Кірдуну не далі нічога – абы толькі з каня не ўпаў. Ехалі ў ранішнім тумане, маўчалі. Не бразгала падагнаная збруя, толькі конь часам трапляў капытом у вымачыну, і тады аддавалася, адразу глохнучы ў тумане, гучнае чвяканне. Коннікі здаваліся ў тумане велізарнымі, кожны ледзь не з дрэва ростам.Алесь ехаў побач з Логвінам, амаль стрэмя ў стрэмя, бачыў спіну Карпа, абцягнутую зялёнай, бляклай ад імглы, венгеркай, бачыў рулю стрэльбы – зброю ўсё ж узялі, меліся заўтра, пасля начлегу ў нейкага суседа, паспрабаваць абкласці аленя, а падчас сённяшняга палявання пакінуць яе недзе пад стогам і пад доглядам Кірдуна.Бацька азірнуўся – Алесь убачыў ягоныя вочы, вельмі сінія і прастадушна-хітрыя.