Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

– Крэбс замест карбача лёсачку ўзяў, – шапнуў ён. – Толькі воўк на яго, а ён яго лёсачкай па зяпе – плясь-плясь. “О но, містэр воўк. Но-но! Англічан нельга”. – Но, – зусім нечакана сказаў Крэбс (а ехаў жа, здаецца, далёка). – Англічан можна. Нельга глюпых і злых жартаўнікоў, якія лічаць англічан дур-ны-мі. Ад іх у ваўка бр-рум у жываце.Бацька жартам уцягнуў галаву ў плечы.– Заспелі, брат, нас з табою ў гароху, – сказаў ён.Алесь засмяяўся. Зноў цішыня, глухія крокі ды зрэдку, бадзёрае ў свежым тумане, пырханне каня....Ехалі садам. Наплывалі нечакана і знікалі за спіной вільготныя яблыні. Алесь заўважыў у парадзелай бурай лістоце два забытыя яблыкі. Абарваў, разламаў, надзяліў Крэбса, бацьку. Заўважыў суровы позірк Карпа, працягнуў палавінку яму.– Не трэба, паніч, – сказаў Карп сваім звонкім і трошкі сіпаватым даязджачым голасам. – Ешце ўжо на здароўечка. Гэта – не бульба.Яблыка было сцюдзёнае, у халодных дажджавых кроплях, і ён адкусіў з хрумстам і праглынуў, як самое здароўе праглынуў.Вёска адкрылася за садам верхавінамі вочапаў, якія плавалі над туманам і часам знікалі ў ім, каб зноў вынырнуць, з глухім бразганнем нябачнага ў тумане вядра.

– Панскае паляванне, – сказаў нечы нерэальны, бы праз дрымоту, голас. – Вала з’ядуць, а зайцам закусяць.Потым нешта насунулася з абодвух бакоў: па грыбным водары прэлай лістоты можна было здагадацца – лес. Вільготным здаровым холадам прабірала да касцей. Над сцежкай віселі чырвоныя плахты рабін.Лес стаў радзець. Травы, галіны, свежыя распасцёртыя хмызы плакалі чыстай росіцай. І колеры ўсяго вакол – мухамораў, пунсовых клёнаў і барвяных маладых асін – былі няяркія ў тумане, але затое больш глыбокія, ад вільгаці.А калі яны пакінулі лес і ўз’ехалі на вяршыню грады – перад іхнімі вачыма, уся ў белым малочным сонцы, адкрылася зямля.Яна ляжала як сягнуць вокам, яшчэ няяркая, але пакрысе быццам набіралася ад сонца фарбаў, колераў, адценняў. Ружовай рабілася раса, вясёлкавым – верас. І ў небе, яшчэ бялёсым, як сабранае малако, усё яснеў празрысты блакітны колер.І тут нечакана заспяваў Карпаў рог:Сон-ца, сон-ца,Ўста-вай, ста-вай,З донца, з дон-ца, з дон-цаТум-ман выл-лівай.Звяроў,Звя-роў давай,Ваў-коў, Дзі-коўДа-а-вай.Гэта быў сігнал пераставіць карабіны шворак “на рыўца”, калі зграя вызваляецца адным рухам рукі. Звер мог ускінуцца ледзь не з-пад самых капытоў.Рушылі далей, па шорсткім іржышчы. А дзень усё блакітнеў, і сонца, ужо трошкі цёплае, пачало зіхацець на ствалах. І Алесю раптам стала так радасна, што ён няголасна, і таксама на матыў і голас рога, сам сабою праспяваў:Гуськом яны едуць у ранняй імгле,І сонца гуляе на кожным ствале.Бацька падазрона паглядзеў на яго.– Што гэта такое добрае? – спытаў ён.Алесь засаромеўся.– Ану, дай рог, – сказаў бацька.Прыклаў новы срэбны рог Алеся да вуснаў, апрабаваў, перабраўшы некалькі гукаў, і раптам, як падарыў халоднаму святлу празрыстую трэль:Тры-цці-тта!І, упэўнена цяпер, падарыў беламу сонцу ўсю срэбную мелодыю:Гусько-ом яны е-едуць у ра-анняй імгле,І со-онца гуля-ае на ко-ожным ствале,Та-ці-ці-та, та-та-ці-ці-та-а-а.– Хораша, – сказаў ён. – Словы ж не самае галоўнае. Галоўнае, каб клалася на рог і настрой... Гэта ты сам?– Сам, – прызнаўся Алесь.– Ну вось бачыш, нічога цяжкага. Вось і твая першая прыпеўка... Гэта калі радасна ехаць на паляванне.– На паляванне, па-мойму, заўсёды радасна ехаць.