Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

– Не кажы, браток, – сказаў бацька. – Часам так цяжка – месца сабе не знаходзіш. Шчасце тваё, што сёння едзем на драпежніка і першым у тваім сэрцы збудзіцца азарт, а не шкадаванне. Азарт гэты – душа палявання. Сапраўдны паляўнічы не прап’ецца, у карты не прагуляецца – яму гэта непатрэбна. Карцёжнікі гэтыя, вартыя жалю, не ведаюць, які ён, сапраўдны азарт...Дзень быў сапраўды цудоўны. Апошні туман знік з бясконцых іржышчаў і лугоў, і свет ляжаў цалкам блакітны і празрысты.Там-сям серабрылася ў паветры лятучае павуцінне. І далёка, далёка, далё-ока стаялі на мяккіх узгорках чырвоныя і залатыя дрэвы, на якіх можна было адрозніць кожную галіну.Паветра як быццам зусім не было, толькі нешта зажуранае і сіняе абвалакала ўсё, што ёсць на зямлі, і грудзі радасна адчувалі яго бадзёры і свежы халадок.Ехалі ржышчам да Чорнага Рова – глыбокага і доўгага, вярсты на тры, яра ў полі. Ён быў такі глыбокі, што хмызы і высакаватыя дрэўцы на яго дне не паказвалі наверх нават макавак.Там вадзіліся і туды ўвосень прыходзілі на днёўку ваўкі.Логвіна са зброяй і хартамі пакінулі пад стогам, агледзелі карбачы з уплеценым на канцах свінцом. Потым людзі з сабакамі накіраваліся да бліжэйшага спуску ў яр (там адна зграя павінна была рухацца дном, а другая – броўкай), а бацька, Карп, Алесь і Крэбс паехалі да суседняга адрожка, якім мог выскачыць звер.– Біць ведаеш як, – на хаду навучаў ён Алеся. – Адной рукой за луку, схіляешся і, калі нагоніш, удар, каб пацэліць па кончыку носа. Такі ўдар забівае адразу. Каня старайся весці лёгка, не сільнічаць, бо воўк, калі яго прыперці, можа кінуцца і выпусціць жывёле трыбух. А са слабымі павадамі яна ўратуецца сама.Коннікі спыніліся, каб не спалохаць звера, і сталі чакаць.Алесь напружана глядзеў на выхад з адрожка – круглы лаз у ажынніку і дубняку. Доўгі час нічога не было чуваць, але вось далёка цяўкнуў, быццам выпрабоўваючы голас, сабака. За ім гамнуў другі, ужо больш упэўнена. А яму тонка, нібы прабачэння прасіла, адказала Змейка.І вось ужо залілася, пераклікаючыся, уся зграя.– Узнялі, – сказаў бацька.– Дух пачулі, – змрочна сказаў Карп.Брэх, усё яшчэ няроўны, памацнеў.– Вось цяпер узнялі, – сказаў Карп. – Наперадзе Змейка, брэша з перасцярогаю...– А-я-яй! А-я-яй! А-я-яй!Зграя варыла варам. І ўсё гэта, у сінім паветры, у жоўтых хмызах, у срэбным павуцінні, злівалася ў дзікаватую, далёкую, непаўторную музыку.Воўк выскачыў нечакана, і не з лаза, а з высокай сухой травы сажнях у трох ад яго. Ніхто не чакаў яго адтуль, і таму ў першыя дзве-тры хвіліны не заўважылі. А ён ішоў машыстым трушком, так, што ўзлятала на ляжках злямцаваная поўсць.– ...пай! – першы крыкнуў Карп і прыпусціўся за ім.Бацька крутануў свайго Дуба і рынуўся з месца так шалёна, што ў бакі фырнуў верас, перабіты капытамі каня. Алесь спахапіўся позна, коннікі былі ўжо далёка.Урга слаўся над зямлёю. Вецер свістаў у вушах.– А-я-яй! А-я-яй! – звінелі за спіной сабакі.Першая зграя выгнала з яра другога ваўка, за ім пагнаўся Крэбс і два псяры. Але Карпу,бацьку і Алесю не было да гэтага аніякай справы. Нават калі б зараз выскачыла з ажынніку цэлая зграя ваўкоў, яны не звярнулі б на яе ўвагі. Яны гналіся толькі за тым, адным.– А-я-яй! А-я-яй! – аддаляючыся, звінела за спіной.– Гам-гам! Гам-гам! – з перападамі і таксама далёка гудзела, разлягалася на дне яра.А яны ляцелі шалёна, і белы конь усё даганяў і не мог дагнаць вогненнага і дэраша. Адлегласць паміж імі скарачалася, але Алесь з адчаем бачыў, што яны дагоняць ваўка раней, чым ён, Алесь, даскача да іх.