Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

Бацька скакаў лявей, Карп – правей. Яны няўхільна набліжаліся, і карбачы луналі ў іхніх узнятых руках цяжка і грозна.Кожны міжвольна перапусціў другога: пан Юры таму, што Карпу біць было няёмка з левай рукі, Карп таму, што ён быў слуга.Коні амаль сутыкнуліся, і ў гэты момант здарылася нечаканае: звер адсеў. Ён проста нечакана ўзрыў усімі чатырма лапамі зямлю і паваліўся на зад і трошкі на бок. Імгненне ён сядзеў так, адкінуўшы палена і натапырыўшы хіб, а потым – ад Алеся да яго было не больш трох сажняў – мільгануў у адрожак яра, маленькі, зусім непрыкметны, які Карп бачыў, але лічыў, што павінен не дапусціць туды ваўка бацька, бо ён скакаў з таго боку, а бацька лічыў, што не пусціць павінен даязджачы.Алесь траха не рваў на сабе валасы.А коннікі з ходу праляцелі над зверам, што адсеў, і іхнія цяжкія карбачы скрыжаваліся там, дзе павінен быў быць воўк. Скрыжаваліся, звіліся, таргануліся і пачалі раскручвацца.Нарэшце коннікі агледзеліся. Ваўка не было. На абліччах іхніх былі адчай і ярасць. Хто саступаў, хто не заступіў адрожка, хто затрымаў карбач?– А-ах, – прастагнаў бацька.І нечакана з усёй сілы аперазаў Карпа карбачом па спіне....А той, падумаўшы, б-бацьку! А той яг-го!Некалькі хвілін яны саплі і варочалі адзін перад адным вачыма.Першы апамятаўся бацька.– Добра, – сказаў ён і ніякавата агледзеўся.Ніхто не бачыў, акрамя сына, і пан раптам наліўся чырванню:– Да другога адрожка!.. Карп, ходу!.. Алесь, за мной!.. Не шкадуй галавы.Гэта ўжо было не да месца. Алесь пусціў ужо Ургу наўскач.Роўна, корпус да корпуса, глыталі абшар Дуб і Урга. Потым Алесь пачаў наддаваць, абганяючы бацьку... Праз вадамоіны, ямы, калоды...“Не, не тут... Не, не тут... Усё яшчэ наперадзе...”Над байракамі Алесь толькі прыўставаў яшчэ вышэй на страмёнах, быццам зусім адрываючыся, калі конь пралятаў над канавай.Дрэвы скончыліся. Зноў бясконцая броўка яра, зноў адрожкі і сівы малады палын між сухімі сцяблінамі старога....Воўк выскачыў з яра далёка наперадзе, той самы, сумнення быць не магло, і тым жа трушком, здавалася б, няспешным, пачаў жэрці адлегласць да вялікага вострава хмызоў. Гэта быў мудры стары ваўчына. Ён нават адзін раз, на няўлоўнае імгненне, стаў і павярнуўся ўсім тулавам да коннікаў, каб паглядзець, ці варта бегчы.Бегчы было варта: яны набліжаліся, асабліва той, на белым. І звер зноў рынуў у свой адвечны ганарлівы бег, са звярыным імпэтам ратуючы гэты сіні дзень, павуцінкі, якія ён ірваў грудзьмі, і апошнія лямцы, якія ён сёння меўся аддзерці ў ціхім гушчары, на лежцы.Урга ляцеў так, што ветрам забівала рот. І звер набліжаўся – Алесь адчуў гэта з шалёнай радасцю. Бліжэй, бліжэй, вось, вось амаль ля самых капытоў. І ён адкінуў сваё палягчэлае цела і са свістам апусціў карбач.Удар прыйшоўся не па скураной цюпцы, а па галаве. Звер капануў рэпу, але, ускінуўшыся, скокнуў убок. І тут паўз Алеся на апошніх Дубавых жылах вырваўся бацька. Ён мільгануў напярэймы маруднаму цяпер ваўку.Два целы, вялікае шэрае і доўгае вогненнае, наўкасы набліжаліся. Зліліся.Чалавечая постаць схілілася.Воўк упаў.Ён ляжаў у нейкіх двух сажнях ад хмызоў, і вочы ягоныя цьмяна адбівалі неба, іржышчы і срэбнае павуцінне, што там-сям трапятала на іх.І пан Юры ўзняў рог і прыклаў яго да вуснаў, прыкрыўшы павекамі вочы. Рог заспяваў так нечакана, так лікуюча-сумна, што нават чырвоныя і жоўтыя хмызы сіняй зямлі пакінулі шоргаць лістотай. І гэта было бы ў песні аб Ваўкалаку, які забіў белага ваўка верасовых пустак.