Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

Ён не здрыгануўся, ён увесь час чакаў гэтага і, усё яшчэ стоячы спіной да голасу і адвязваючы качак, адказаў:– Дзень добры!Потым, трымаючы качак у руцэ, павярнуўся на голас.На верхняй прыступцы нізкага ганка стаяў, невядома як і адкуль з’явіўшыся, чалавек.Ён быў, бадай што, трошкі менш сажнёвага росту, магутны, але здаваўся маленькiм і самотным сярод гэтага мёртвага двара. Чалавек стаяў і глядзеў на яго з вышыні спакойна, трошкі іранічна і дапытліва.Алесь працягнуў чалавеку качак.– Гэта вам.– Спадзяешся, што за дзень больш не з’ясі? – халодна спытаў той.– Спадзяюся.Чалавек ацэньваў. У чалавека была сівая грыва валасоў, якая, насуперак звычаям веку, не ведала парыка.Нерухомы чалавек усё глядзеў на Алеся і ацэньваў:“Да чаго падобны на прадзеда, на Акіма. Нават жэсты. Нават манеры. Нават голас. Валасы, праўда, і ў нявесткі каштанавыя, але гэта не ад яе... Такія вось у Акіма, у бацькі, былі... І не спешчаны... Сакалятнік, як прадзед... Манеры толькі горшыя: велічы мала. Гэта ўжо ад праклятага веку... Усё Акімава... Не, не ўсё... У таго былі сінія вочы, а ў гэтага шэрыя, матчыны... Значыць, дрэнь унук, бо гата жанчыне добра, а мужчыну, ды яшчэ Загорскаму – н-не... Будзе як сынок: ні цёплы, ні халодны... Ды яшчэ, крый божа, у царкву пацягнецца... Да пацукоў, да Кур’яновага пляменнічка-капрала...”I, нібы адразу страціўшы ўсякую цікавасць да Алеся, чалавек сказаў:– Так таму і быць... Хадзем, князь...Гэтае “князь” прагучала роўна, спакойна.Вежа кінуў качак на гарматны ствол і пайшоў паперадзе, выціраючы далоні. Пайшоў, не цікавячыся, ідзе за ім нехта ці не.Касюнька асталася сярод двара, і толькі Алма пабегла за дзедам, зрэдку азіраючыся на ўнука, быццам не разумеючы, што звязвае яго са старым і што наогул трэба з ім рабіць: кусаць за лыткі ці падціскаць хвост...– Сабака?.. Хто дазволіў?– Ніхто, – сказаў Алесь, гледзячы проста яму ў вочы. – Я падумаў, што калі вы не хочаце бачыць людзей, дык, можа, сабака зробіць хоць трохі разнастайным наша баўленне часу?– Маеш рацыю, – сказаў стары князь. – Сабачая нізасць не так рэжа вока. Яна – прыроджаная... Даволі мілы сабачка.Выйшлі з тунеля, і тут вачам адкрыўся партэрны фасад палаца, вялізны, трохпавярховы, з круглым бельведэрам, што быў укрыты золатам.– 3 паўднёвага фасада ёсць каскад, – сурова сказаў князь. – Сотня статуй. Некаторыя з механізмамі. Не будзеш даглядаць, загубіш – шэлег табе цана.Алесь маўчаў. Яму не хацелася гаварыць з гэтым чалавекам. А князь, здавалася, не заўважаў.Чацвёртая балюстрада абрывалася над адхонам. Уніз вялі сходы, паўз якія праязджаў Алесь. А далей алея, бераг Дняпра, далячынь. Без канца....Князь спяшаўся. Ён ужо шкадаваў, што вырашыў пазнаёміць гэтага чужога чалавека з яго будучымі ўладаннямі. Гэта было ўтомна.– Надумаешся прыехаць... па неадкладнай справе – адразу ж едзь, – суха сказаў князь.– Наўрад ці надумаюся прыехаць.– Чаму гэта?– Дома весялей.– Магчыма. Але забаўляць цябе мне, летнаму чалавеку, не да твару. У мае часы дваране твайго ўзросту валілі дзікоў... У вас замест гэтага, здаецца, царква?.. Ёсць яна?– Ёсць.– Табе, вядома, там цікавей. Прыедзеш – пастаў там за мяне свечкі Кур’яновым святым, Кукшы, ды Сергію, ды яшчэ якой-небудзь святой Матруне Мокрападоліцы.– Пастаўлю, – суха сказаў Алесь. – Чаму не зрабіць паслугі таму, хто веруе.Удар быў несправядлівы, пад самае сэрца, але хлопец не ведаў гэтага.