Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

Пан Юры амаль жадаў, каб у адной з вёсак Кроера адбылося нешта дзікае. Тады дваранская грамада, пад яго, пана Юрыя, кіраўніцтвам, мела б права і магчымасць патрабаваць апекавання над гэтым раз’юшаным сабакам. Адабраць, за няздатнасць і п’яную прыдуркаватасць, права кіраваць жывымі людзьмі, маёнткі ў апеку, а пана Канстанціна пад хатняе зняволенне, гуляць з нянькай у дурня ды чытаць чэцці-мінеі.Хай адзін знявечаны. Затое астатняя тысяча душ уздыхнула б з палёгкаю.І нічога, нічога ж з ім нельга зрабіць, пакуль ён бандыцкім баронам сядзіць у сваіх вёсках. “Мой дом...” І ідзіце вы, маўляў, да д’ябла з вашымі ра?джаннямі, пан маршалак і пан губернатар. Стары Вежа глядзеў на сына і ўсміхаўся. Усё ж чагосьці варты. Нават усе гэтыя soi-disant gros bonnets глядзяць на яго не без павагі.Урэшце, павагу ў іх прыдбаць лёгка.Вежа нахіліўся да Ісленьева, шапнуў яму:– Глядзі, як мой будзе ўтаймоўваць “совет нечестивых”.– Вы буркатун, князь, – сказаў Ісленьеў. – Вы зноў лаеце гэтых людзей, і ўрад, і веру. Проста дзіву даешся.Яны ўсміхнуліся. З усяго гэтага хаўрусу Вежа паважаў толькі аднаго Ісленьева. Паважаў за чысціню, хаця і ставіўся да яго з нейкай дзіўнай паблажлівасцю, бо Ісленьеў мяккацела служыў....Загорскаму ўдалося навесці цішыню. Ён зрабіў Басаку-Яроцкаму знак казаць далей.Старшыня для парадку яшчэ раз ударыў у маленькі гонг. Бронзавы гук неяк жаласна праляцеў вялізнай пацішэлай залай, прагучаў пад скляпеннямі і змоўк.– Ціха, панове дваране, – сказаў Яроцкі. – Мы назнарок пакінулі час на тое, каб абмеркаваць запіску, пададзеную дваранскаму губернскаму з’езду і падпісаную васьмю дваранамі... Браніборскім, Вітахмовічам, Вірскім, Панафідзіным, Яноўскім... Раткевічам...– Сем пар чыстых, – сказаў Кроер, і ўсе паглядзелі на яго.– Ямантам...– Сем пар нячыстых, – сказаў Кроер, але ўжо цішэй.– І Мнішкам... Пры гэтым пан Мнішак паставіў подпіс толькі ўчора... А пан Раткевіч, хаця ідэя запіскі была ягонай, зняў свой подпіс, не згаджаючыся з дапаўненнямі, унесенымі Браніборскім, і згадзіўся зноў паставіць толькі сёння, патрабуючы, аднак, магчымасці выказаць асобную думку.– ...у палонцы, – сказаў Кроер.– Пане Браніборскі, – сказаў Яроцкі, – ідзіце сюды, чытайце.Браніборскі ўзняўся, чаканячы крок, пайшоў на подыюм. Чырвоная саф’янавая папка з залатымі снурамі заціснута пад пахай, галава ўскінута....Дастаўшы з папкі лісты блакітнай паперы, Браніборскі пачаў чытаць, трымаючы ларнет куды вышэй ліста.Усе слухалі. Гэта былі звычайныя звесткі аб бядотным становішчы губерні, аб градзе, аб нечуванай хваробе бульбы, калі клубні амаль нельга адрозніць ад гразі, аб плацяжах па закладах, аб недаборах... Усе ведалі гэта, але звесткі, сабраныя ў купу, гучалі цяпер значна больш важка і нават застрашліва.Становішча было сапраўды пагрозлівае.Скончыўшы з уступнай часткай, Браніборскі абвёў усіх позіркам, змоўк на хвіліну – у зале не было чуваць людзей – і ўзвысіў голас:– “Для отвращения гибельных последствий несостоятельности владельцев, происходивших от постигших губернию в минувших годах неурожаев, прибегнуть к чрезвычайным средствам, а именно...”Зала маўчала.– “А именно: изъявить готовность отказаться от крепостного права над людьми и при представлении высшему правительству о нуждах дворянства просить о дозволении составить комитет для начертания на вышеизложенном основании будущих прав и обязанностей как владельцев, так и крестьян”1.