Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

Маўчанне было свінцовае, і ў гэтым маўчанні прагучаў голас: – Рацыя!І ў адказ яму паляцела з розных канцоў:– Правільна!– Досыць ужо!– І яны галадуюць, і мы!Раптам узвіўся над сваім крэслам пан Кроер.– Не!Яго вар’яцкія шэрыя вочы, пашыраныя, ашклянелыя, абводзілі людзей.– Не і яшчэ раз не! Хто прыдумаў? Галадранцы прыдумалі! У якіх сваіх душ няма. Зайздрасць іх бярэ! Мнішкі прыдумалі, Вірскія! Людзі з двума дваровымі. Жабракі!– Я не жабрак і не галадранец, – сказаў даўжэзны, як калядная свяча, Юллян Раткевіч: жаўтаватае аблічча яго было нервова-злоснае. – Я не галадранец. А мая асобная думка – вось яна. Браніборскі прапануе адступіць ад мясцовага прынцыпу: “Сяляне не нашы, а зямля наша” і ад прынцыпу цэнтральных губерняў: “Сяляне нашы, а зямля – іхняя” ў імя прынцыпу: “Мужыкі не належаць нам – зямля не належыць ім”. Гэта, я лічу, несумленна, гэта пазбаўляе мужыкоў набытку, робіць іх жабракамі. А мне, дый усім тут, непатрэбны работнікі-жабракі, памагатыя-жабракі. Я шкадую, што пусціў Браніборскага і дазволіў яму дапаўняць маю запіску. Шкадую, што цяпер застаўся ў меншасці з панам Мнішкам. Я лічу правільным прынцып: “Яны – не нашы, а зямля – напалову”. А то атрымалася, што я пачаў гэтую справу, бо мне асабіста прыгон нявыгадны. А гэта не так. Усё. – Ты пачаў гэтую справу, бо ты якабінец, – Кроер крычаў з круглымі ад гневу вачыма, – бо ад цябе смярдзіць французяцінай. Глядзіце, дваране! Гэта пачатак вашага канца!Шум выбухнуў вакол яго. Сабутэльнікі цягнулі пана на месца. Раткевіч ірваўся да Кроера.– Мужыцкія дабрадзеі! – крычаў Кроер. – Якабінцы! Княствамі ім валодаць абрыдла! Яны ў басякі захацелі, у рымары!...Ісленьеў схіліўся да Вежы і ціха спытаў у яго:– Ну? Чакалі вы гэтага?– Даўно чакаў, – Вежа глядзеў на віраванне натоўпу. – Ды толькі трошкі не так чакаў.– Чым вы гэта ўсё тлумачыце?– Подласцю, – спакойна сказаў Вежа.– Чаму-у?– Дурань Кроер не мае рацыі, – сказаў Вежа. – Яны не ў якабінцы захацелі і не ў рымары. Такіх сярод іх – Мнішак ды Раткевіч. Гэта – святыя ёлупы. Як быццам нехта ім дазволіць быць святымі ў гэтым прытоне. А астатнія? Чуеце, як на Кроера крычаць? Хіба толькі тыя, што падпісалі? Не, большасць. Большасць супраць прыгону. І яны не ў рымары захацелі, а ў багатыя людзі. І вось таму я не за тое, каб адмянілі прыгон у іхніх маёнтках.– Н-не разумею вас, – сказаў Ісленьеў. – Адкараскацца, адкруціцца захацелі ад сваіх мужыкоў, – сказаў Вежа. – У голад кінуць... Мне, граф, вядома, не хочацца, дзеля ўнука, каб прыгон адмянілі... Але каб вырашылі сумленна адмяніць – я першы аформіў бы. Грэшная, злая справа. Састарэлая. Непатрэбная.Вусны ягоныя былі горкія.– Як бабу... цалавалі, дык завушніцы абяцалі, а як баба раджаць, дык яны ўцякаць... Было: яны нашы, таму што зямля наша. А тут выходзіць, усё наша: і грошы за заклад, і зямля, – толькі яны не нашы. Нашто яны нам з голым пузам? Хай у старцы ідуць. Хай самі за сябе плацяць нядоімкі, якія дагэтуль за іх плацілі мы. А нядоімак у гэтых вось гаспадароў набралася ледзь не ад часоў цара Гароха... Людзі галодныя – дзе ім плаціць? Урад ішоў на некаторую адтэрміноўку, каб апошняй шкуры з мужыка не злупіць. А вы спытайцеся ў гаспадароў – ці забылі яны хаця адзін год мужыка пастрыгчы? Вось... Вось яно і ёсць.– Што б вы прапанавалі?– Пачуеце, – сказаў Вежа. – Яны ў мяне павінны спытаць. І я адкажу.Галас усё нарастаў.