Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

– Вырадкі! – крычаў Кроер. – Сацыялісты!– Кроер, я абарву вам вушы, – сказаў Раткевіч. – Я мяркую, вы яшчэ не заклалі ў карчме вашай шпагі?Кроер зароў. І тут перад ім раптоўна стала Надзея Клейна.– Ну, – сказала яна. – Ну! Што ты збіраешся рабіць, аспід, дай я гляну.– Жанчына, адыдзі!І тут Клейна спрытна, як кошка, схапіла яго пухлай ручкай за вуха.– Не торгайся, бацюхна... Я табе цяпер не жанчына. Я на зборні. Такая, як усе. Сядзь, бацюхна. Сядзь ціхутка. І слухай, што разумныя людзі гавораць.Зала рагатала. І рогат зрабіў тое, чаго не зрабілі б аголеныя шпагі. Кроер сеў.І адразу ўдарыў у гонг Басак-Яроцкі.– Я полагаю, лучше всего решить этот вопрос, ввиду расходившихся страстей и резкого размежевания собравшихся, путем баллотировки. Но раньше, думается мне, надо опросить нескольких, известных своим состоянием, возрастом или умом, дворян.– Але, – загулі галасы.– Тады я пачынаю, – сказаў Яроцкі. – Пан граф Хаданскі.Хаданскі ўстаў. Паблажлівая завучаная ўсмешачка нерухома ляжала на яго вуснах.– Не разумею прычыны спрэчкі, – сказаў ён па-французску. – Сярод Янак пакуль што не заўважана ні Лавуазье, ні Мармантэляў. Пан Раткевіч, вядома, выступае за народ, а не за сваю кішэню. Ён сам казаў, што ён робіць гэта не праз выгаду.– Дурань, – ціха сказаў Вежа. – Заўсёды думаў, што Хаданскі дурань. І злосны. Чалавека хоча зганьбіць.– Дык вось, – казаў далей Хаданскі, – я заступіўся б за пана Раткевіча, але нашто мне заступацца за мужыка, які не адчувае аніякай патрэбы ў змене свайго становішча? Ён яшчэ не дарос да волі. Яму яшчэ трыста год будзе патрэбен сатрап з бузуном. Калі пакінем яго мы, культурныя, ён знойдзе на сябе іншага жорава. Горшага. – Ён схіліў галаву. – Я заклікаю ўсіх дваран, якія хочуць араць зямлю, хочуць, каб у крэслах гэтай зборні сядзелі Зохары і Яўхімы, а на месцы маршалка – крывавы кат... я заклікаю ўсіх гэтых дваран класці белы шар за мужыцкую волю.І сеў. Частка залы ўхвальна зашумела.– Ясна, – сказаў Яроцкі. – Пані Клейна.– Не ведаю, бацюхна, – сказала старая. – Па-старому мне зручней. Але як падумаю, што на зборах замест буяна Кроера будзе сядзець мой дзед Зохар, як тое зараз паабяцаў Хаданскі, дык мне аж адразу весялей робіцца.Махнула рукой:– Белы шар.Усе маўчалі. Потым Яроцкі ўздыхнуў:– Пане Раўбіч.Раўбіч глядзеў на Загорскага. І Загорскі, асцерагаючы яго, адмоўна паківаў галавою.– Я адкажу балаціроўкай, – глуха сказаў Раўбіч.Загорскі кіўнуў.– Ваша справа, – сказаў Яроцкі. – Пане маршалак.– Волю, – сказаў пан Юры. – Я з Раткевічам.– Пане Ваневіч.– Волю.– І, нарэшце, самы ўплывовы з дваран губерні – князь Загорскі-Вежа.Загорскі ўстаў. – Волю, – сказаў ён. – Волю ў тых маёнтках, на якіх няма нядоімак і дзе заплочаны працэнты па закладных.Словы ўпалі ў насцярожаную цішыню залы, як карцеч. Тыя, у якіх трапіла, зашумелі. Прыблізна трэцяя частка залы, у тым баку, дзе сядзеў Браніборскі.– Чаму вы крычыцё, панове? – звузіўшы вочы, спытаў Вежа. – Хіба я сказаў нешта нечаканае, нешта такое, аб чым вы не думалі?– Лухта! – крыкнуў Іван Таркайла. – Я даю мужыкам пазыкі, я адказваю за нядоімкі, за неплацеж падаткаў, што ляжаць на мужыках. Яны не вартыя таго самі, вось што.– Сядзьце, хрысціянін Таркайла, – грэбліва сказаў Вежа.– Што б вы прапанавалі? – вонкава спакойна спытаў Браніборскі.– Прадайце прадметы раскошы, – сказаў Вежа. – Заплаціце закладныя. Заплаціце нядоімкі: разам нажывалі іх, разам і адказвайце. А там, чыстыя, будзеце думаць.