Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

Суровыя бровы старога разышліся:– Згаленне? Магчыма. Але ж вы жылі з іхняй працы на вашай зямлі. Дык вось, калі вы ўсе будзеце чыстыя – вызваліце іх. Аддайце ім палову зямлі, і, вольныя, яны пойдуць і на вашу зямлю таксама. За грошы. І гэтая палова вашай зямлі дасць вам утрая больш, чым цяпер уся.Было ціха. Потым нехта з асяроддзя Кроера паспрабаваў свіснуць.– Чаму ж вы так? – спытаў Вежа. – Я ж, здаецца, не за адмену стаю? Я ж прапаную пакінуць на год усё, як яно ёсць.І тут край Браніборскага і Кроера выбухнуў выгукамі:– Сацыяліста! Гверыльера!Вежа з удаваным непаразуменнем паціснуў плячыма.– Карбанарый! Кінжальшчык! Лувель! Якабінец!Яроцкі дарэмна біў у гонг. І тады Вежа, зрабіўшы яму знак спыніцца, падаўся наперад.– Ну, – амаль шапнуў ён.Ён абводзіў рады вачыма, і выгляд у старога быў такі, што тыя, па кім прабягаў яго позірк, адразу змаўкалі. Запанавала цішыня.– Вось так лепей, – сказаў Вежа і дадаў: – А для сябе... для сябе я стаю за белы шар.І рэзка кінуў:– Воля!Сядзеў, адразу страціўшы ўсялякую цікавасць да таго, што адбываецца ў зале. Ён разлічыў правільна, ён зразумеў іх і таму здолеў сутыкнуць ілбамі. А-адна сволач! Што ж, цяпер асталося толькі апусціць свой белы шар і ехаць дадому, да ўнука.Добра, што хлопчык не сярод гэтых пачвар, што ён не бачыць разгулу нізкіх чалавечых страсцей.– “На основании сто десятой статьи устава о службе по выборам, – чытаў Пятро Яроцкі, – третий том, и сто двадцать восьмой статьи девятого тома свода законов Российской империи (издание сорок второго года) – постановления дворянства производятся посредством баллотировки и признаются обязательными, если они приняты единогласно или не менее как двумя третями голосов всех присутствующих дворян”.Ён кашлянуў.– Цяпер, пасля таго як я нагадаў вам гэта, мы можам пачаць балаціроўку, панове. Прашу браць шары.Вежа ўзяў шар першы. Памарудзіў і, схіліўшы сівую галаву, апусціў яго ў белую палову урны.Шар гучна ўдарыўся аб чыстае дно.А потым шары пачалі падаць часцей і часцей, і ўдары рабіліся ўсё больш і больш глухія....Падлічылі шары позна ўвечары, калі за вокнамі ўжо даўно гарэлі гарадскія агні.Маршалак Юры падышоў да бацькі. Стары Вежа чакаў, стоячы ля акна і гледзячы на цьмяную ў цемры стужку Дняпра. Пан Юры ўспёрся на падваконне побач з ім.– Гэтыя шары грукалі страшна, – сказаў Вежа. – Як камяні па труне.– Сапраўды, бацька, – адказаў пан Юры. – Пахавалі мы гэтымі шарамі запіску Раткевіча. Усё.– А што, хіба пахавалі?– Пахавалі, бацька. У зборні было чатырыста дваццаць восем дваран. Каб запіска аб адмаўленні прайшла – трэба было не менш за дзвесце шэсцьдзесят два галасы. І вось.– Колькі?– За адмену дзвесце шэсць, супраць – сто восемдзесят сем.Вежа рушыў быў да выхаду, але потым спыніўся. Твар ягоны быў жорсткі, калі ён сказаў сыну:– Ты, маршалак, павінен быў са шкуры вылезці, а даведацца аб прапанове Раткевіча. Пэўна, не адны гэтыя восем чалавек ведалі?– Не адны.Стары свідраваў сына вачыма.– Раўбіч ведаў?– Аднекуль ведаў. Раткевіч да яго даволі блізкі.– Ну вось. Ты павінен быў ведаць. Павінен быў сказаць мне.– Чым бы ты памог?– Грашыма. Я прывёз бы ў зборню ўсю дробную шляхту, у якой ёсць галасы, але няма мужыкоў, няма нават грошай, каб паехаць у губерню, дзе, урэшце, ім, пакрыўджаным, няма чаго рабіць. А яны б галасавалі, як ты, як я... Я прывёз бы толькі сто чалавек – і Кроер паляцеў бы рылам.