Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

А мора чакае. І няхай ручаінка ўбачыць яго нечакана, бо так было тады з кожнай ручаінкай, бо яны не ведалі, якое мора чакае іх, і падалі туды, яшчэ не ведаючы аб існаванні мора, кожная паасобку, зрываючыся з замшэлых скал, як звонкі струменьчык у сердалікавую бухту.Часам так бывае і цяпер. Тады гэта здаралася толькі так. Спяшайся, цурок вады! Мора чакае! Мора шуміць пада мной!Дзед вярнуўся з губернскага з’езда раззлаваны.Усе тры дні, што яго не было, Алесь прывучаў Тромба да стрэлаў і, яшчэ, чытаў начаткі генеалогіі і геральдыкі. Дзед перад ад’ездам дастаў і палажыў яму на стол “Парчовую кнігу Загорскіх”, “Кнігу малодшых радоў”, “Хроніку Сухадола і Збарова”, “Аксамітную кнігу”, “Гасудараў радасловец”, “Гарадзейскі прывілей” і “Статут Літоўскі”. У гэтых кнігах самае важнае было адзначана, бо ўсе яны, акрамя дзвюх, былі рукапісныя копіі.А ўдзень ён прывучаў Тромба. Ён проста ўспомніў, што лясканне пастуховай пугі вельмі нагадвае стрэл. І ляскаў, частуючы каня цукрам пасля кожнага “стрэлу”. Гэтага Тромб не баяўся, ён помніў, як ляскалі пугі на выпасе чыстакроўных коней, дзе ён бегаў стрыгунком. І ён любіў маленькага гаспадара. На сыходзе другога дня Алесь, адначасова з рыўцом пугі, стрэліў з пісталета нягучна халастым зарадам. І адразу ўбачыў, як дробна задрыжала, пераліваючыся, ільсняная плямістая скура каня.Перазараджаючы пісталет, Алесь гаварыў з Тромбам ласкавым, журлівым голасам.Зноў стрэл. На гэты раз трошкі гучнейшы за пугу. Конь не вытрымаў і ўзяў у наўскапыт. Але ніхто яго не трымаў, не было страшных вяровак. Адбегшы, конь глянуў здалёк на гаспадара і ўбачыў, што ён нават не глядзіць у ягоны бок, што ў яго нічога няма ў руках, акрамя кавалка цукру. І ён, здалёк, лёгенька загігатаў.Алесь зрабіў некалькі крокаў насустрач, даў каню цукар, сеў на яго і, супакойваючы, аб’ехаў вялікі круг па жоўтай лугавіне.І зноў стрэл. І зноў тое самае.Дзед, пад’язджаючы вечарам да парку, яшчэ здалёк заўважыў дзікага маленькага кентаўра. Кентаўр наўзават ляцеў яму насустрач і яшчэ здалёк стрэліў з пісталета ў паветра. А потым яшчэ і яшчэ – пераможна і горда. І конь нават не здрыгануўся, толькі касавурыў шалёным вокам....Увечары яны сядзелі ў бібліятэцы. Святло месяца прабівалася праз каляровыя шыбы, падала на бясконцыя карэньчыкі кніг.Сядзелі ўтраіх. Еўфрасіння Глебавічна пляла карункі. Дзед сядзеў у крэсле і папіваў. А Алесь сядзеў за сваім сталом, заваленым кнігамі.Было ціха. Толькі гудзеў ды часам пастрэльваў іскрамі камін.– Што было на выбарах? – спытаў Алесь.Дзед аж пачырванеў, успомніўшы.– Ат!І злосна кінуў:– Дарабковічы. Выскачкі.– Зневажальнік ты, бацюхна, – сказала Глебавічна.– А што ў іх за душою? – горка сказаў князь. – Расея ў іх за душою? Польшча ў іх за душою?! Свая зямля?! Польшчу яны прапілі. Расея для іх – чарналапатніца, свая зямля ім – мачыха. Сволач пан, кругом сволач... Ваські Вашчылы на іх мала, Ямелькі Пугача, Ромкі Ракутовіча на іхнія паскудныя шыі!...Дровы ў каміне часам успыхвалі, і тады на кнігі, асветленыя свечкамі, падала лёгкая барва.– Дзеду, – сказаў Алесь, – я вось тут хацеў спытаць у цябе аб царскім тытуле.– А нашто гэта табе яшчэ? – іранічна спытаў Вежа. – Плюнь. Чытай тое, што пра нас.Алесь загарнуў вялізны том і пачаў глядзець у агонь. Праз парк, праз голыя шаты, праз непагоду даляцеў бой гадзінніка “гатычнай капліцы”. Дзевяць гадзін.