Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

Паўзлі па схілах шэрыя плямы, і прыглушана далятала адтуль “глок-глок” званочкаў авечых чарод.Цяпер я спусціўся нізка, і вакол былі адны змаршчакаватыя горы.Нешта цьмянае з’явілася абок мяне: слабы яшчэ, невыразны на шэрым цень. Мой цень. І я падумаў, якія яны былі бедныя, нягледзячы на багацце, тыя, што аджылі пад маім пяром. Якія вартыя жалю! Як цень.А цень з’явіўся і цяпер усё гусцеў і гусцеў, бо месяц, уздымаючыся над светам, ярчэў і наліваўся святлом.У лагчыне пусцелі каменныя каробкі нейкіх нізкіх будынін, што зараслі шыпшынай і калючкамі. І гэта было як на Марсе, дзе пяскі заносяць руіны старых гарадоў. А месяц нараджаў у будынінах цені і рабіў змаршчакаватую глебу ўзгор’яў зусім блакітнай.І раптам вялікае шчасце нарадзілася ў сэрцы. Я жыў і я ішоў паміж руін, пад гэтым блакітным месяцам, я прадзіраўся праз калючкі, што аж парыпвалі пад ветрам ад мёртвай сухасці. І я ішоў насустрач таму, аб чым ведаў у гэтай цясніне адзін я. Толькі адзін.Я мінуў цясніну, і пасля водару сухой зямлі, калючак і палыну цёплы, раскошны, бязмежны водар мора, яго няспынны шум напоўніў мне вушы і сэрца.Мора гарэла месячным агнём між сухіх скал....І ўсе гэтыя дні і ночы я жыў ім, нават калі не бачыў яго.Жыў у скалах, жыў у стэпах, жыў сярод цяснін.І часам, прачнуўшыся ўначы і бяссонна лежачы з расплюшчанымі вачыма, або познім вечарам, пішучы за сваім сталом, я ўздрыгваў ад нечаканага адчування холаду і дзікай асенняй самоты.Таму што за вокнамі стаяў глухі шум, які бывае ў нас толькі позняй восенню, калі парывы ветру бягуць па голых верхавінах няўтульных дрэў.А потым мне адразу рабілася цёпла, і я ўспамінаў і ўсміхаўся сам сабе ў цемры, бо гэта было – Мора!

ХХІКаляды адзначыў свежы і пушысты снег. Снег быў на ўсім: на слупах платоў, на стрэхах, на дрэвах, на футры начнога вартаўніка і ў вёдрах з вадой – толькі пранесеных ад студні да хаты.Зямля памаладзела.Майка Раўбіч, прачнуўшыся перад каляднай раніцай, адразу зразумела, што на дварэ снег, так светла было ў пакоі. І яна выскачыла з ложка, захінула на падушку коўдру, каб не разышлася цеплыня, і босая падбегла да акна.За акном было белае і чорнае: снег і галіны дрэў.Ногі трошкі зябнулі на падлозе, і дзяўчынка кінулася зноў у ложак, які не паспеў дзякуючы яе хітрасці астыць, і аж засмяялася ад шчасця, што цёпла, што на дварэ снег.А потым задумалася, не ведаючы, здалося ёй тое, што яна бачыла мінулым вечарам, ці было сапраўды.Напярэдадні нянька Тэкля страшыла яе, што вось падыходзяць Каляды і цяпер якраз прастора для розных нячысцікаў, якія спяшаюцца перад Божым нараджэннем нахапаць сабе як мага больш гарэзлівых і непаслухмяных дзяўчатак.– Лазнік вось... Як во-озьмецца за бок, ды я-ак пацягне пад палок, ды як пачне казытаць – тут ужо маліся як хочаш – не дапаможа. Бо не слухалася бацькоў і нянькі Тэклі.– А які ён, Лазнік?– Страшны, – адрэзала Тэкля. – Адзенне ў яго з венікаў; замест вусоў – два лазенныя апарышы. А сам увесь курэе, як пара. І гарачы такі, казытлівы.– Не веру я табе, бабуля. Унь казалі на свяце Агню , што Паляндра страшная. А то быў Тодарка-вадавоз. І смяшыў дзяцей. І зусім ён не страшны.– А вось паглянеш, паглянеш, – страшыла старая.І тады Майка вырашыла паглядзець. Пасля вячэры яна, замест таго каб ісці ў бібліятэку, накінула футра і крадком пайшла змрочным паркам да лазні. Яна не баялася, што ёй перашкодзяць: бацька заўсёды дазваляў ёй рабіць тое, што яна хоча.