Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

Князь, падціснуўшы вусны, паглядзеў на яго, але нічога не сказаў.Строгі будынак з вузкімі вокнамі стаяў у парку, прымыкаючы да пляцоўкі, абкружанай мурам.– Мой арсенал, – сказаў Вежа. – Зброя, як кажуць, з часоў Гастамысла і да нашых дзён. Тут яе чысцяць, берагуць... Тут вучаць – у тым двары за мурам – коней, каб не баяліся стрэлаў... Усё гэта нікому не патрэбна... Як усё на зямлі....У арсенальнай зале адбылася сутычка.Князь паказваў шаблі, старыя мячы, кінжалы, корды. І вось адна шабля, лёгкая нават на выгляд, з похвамі, інкруставанымі чырвонай яшмай і мядовым бурштынам, здалася Алесю такой прывабнай, што ён пацягнуўся да яе і пачаў абмацваць інкрустацыю рукамі.Князь цярпець не мог гэтай прывычкі – мацаць.– Віншую, – сказаў ён. – Гэта цябе на дзядзькаванні навучылі такім манерам, каб усё церці? Ды, можа, яшчэ, папляваўшы, крысом світкі?Алесевы шчокі запунсавелі. Чапаць можна было ўсё, акрамя яго мужыцкага мінулага. Хлопец узняў вочы:– А чаму б і не ўзяць у рукі?– Гэта інкрустацыя.– Гэта – сталь, – сказаў Алесь. – Усё астатняе толькі прывесак да яе. А яго можа і не быць.– Гэта парадная зброя, – суха растлумачыў стары. – Аздоба.– Зброя не можа быць аздобаю.– Ого, – сказаў князь. – Дзе ж гэта ты вучыўся павазе да зброі?Алесь глядзеў проста ў вочы гэтаму чалавеку, якога ён, здаецца, пачынаў ненавідзець.– У мужыкоў, – сказаў ён. – У тых, у каго яе мала, але ўся яна пры справе.– Пры спра-аве, – сказаў князь. – Панскія дровы сячэ.— Мала што яна можа секчы, – сказаў Алесь. Халодная ярасць аж звінела ў ягоных вушах. А князь падбаўляў жару:– Каб яна пры справе была, як ты кажаш, не сядзелі б мы тут з табою. Так што ты мне сваіх чарнапятых не хвалі. Са скрухаю паківаў галавою:– Аддалі, называецца. Адно цікава было б ведаць: чаму цябе там для душы навучылі? У што ты верыш, акрамя “лусне пан па шчацэ – падстаў другую”?– Я веру ў каня святога Міколы, – збялеўшы, сказаў Алесь. – І я пайду пры гэтым кані...– Я шмат бачыў маладых людзей, смелых на язык, – сказаў дзед. – Яны, на жаль, не былі смелыя на справу... Ён “пры кані”... А ты не баішся, што гэты конь цябе ўбрыкне?– Ён ведае сваіх.– Ён ведае тых, хто ўмее ездзіць... Яны выйшлі з арсенала ва ўнутраны двор і спыніліся ля ўвахода на круглы манеж. Жэрдкі адгароджвалі іх ад арэны. Якраз у гэты момант некалькі конюхаў вывелі са стайні каня. Яны часта пераступалі нагамі і нацягвалі вяроўкі, не даючы жывёле магчымасці кінуцца ўбок або павярнуць галаву і схапіць зубамі.Конь дрыжаў ад ярасці. Маленькія вушы былі прыціснуты, белыя ноздры раздзьмуты. Ён ірваўся, але тыя, што так крыўдна прыніжалі яго, моцна нацягвалі вяроўкі.– Тромб! Тромб! – пяшчотна шапнуў дзед. Адзін з конюхаў здалёк звярнуўся да пана:– Збіў усіх і ў стайню заляцеў. Як пачуе стрэл – вар’яцее.– Паспрабуйце некалькі дзён страляць амаль няспынна, пакуль не атупее.– Спрабавалі, княжа.– Паспрабуйце яшчэ раз. Іначай які ж з яго конь? Ні на паляванне, нікуды. Татарам хіба на махан...Пачуліся стрэлы. Жывёла прысядала на заднія ногі. Высакародны белы дрыкгант, увесь у дробных чорных плямах і смугах, як леапард.– Пусціце! – нечакана крыкнуў Алесь. – Вы што ж, не бачыце? Ён не хоча.– Памаўчаў бы ты, – суха сказаў князь, – хрысціянін.– Ды ён жа не хоча. Ён пратэстуе! А яны не могуць!– А ты можаш? – спытаў князь.Алесь апусціў галаву. Усё было скончана. Прыніжэнне няшчаснага Тромба завяршыла ўсё. Eн ненавідзеў гэтага чалавека ўсёй сілай сваёй дзіцячай нянавісці. Так, ён не мог. Але чым вінаваты Тромб?..