Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

Пранізаны ветрам, звонкі ад марозу парк, рэдкія стылыя зоры ў галінах. Рыпнула фортка ў частаколе, высокім, страшным у цемры, з конскімі чарапамі, што невыразна бялелі ў змроку.Яна сапраўды ўбачыла Лазніка. У лазні свяціўся жоўты бляклы агеньчык, і дзяўчынка, прыпаўшы знадворку да васьмікутнічкаў тоўстага, пузырыстага шкла ў свінцовай раме, убачыла венічны прылазнік, падобны на пячору, калматы ад соцень венікаў, а на зэдліку – Яго.Ён быў падобны і непадобны. Венікі былі не на ім, а вакол. Пэўна, распрануўся і скінуў іх. Але нават без венікаў ён быў страшны, хаця зусім не курэў: такі чорнавалосы, цёмны і невыразны праз шкло.Дрыжучы ад страху, яна распляскала нос аб шкло і круглымі вачыма сачыла за ім.Лазнік, відаць, пачуў нешта. Ён узняў вочы і паглядзеў на акенца.Яна адарвалася ад шкельцаў, скацілася ўніз па сходцах з галерэйкі і кінулася бегчы так, як не бегала ніколі ў жыцці. Ледзь не згубіла ў хмызах футрачка, падрапала рукі ў жывой агароджы, балюча выцялася нагою аб камень. Я цяпер вось ляжала і думала, было гэта ці не.Апальшчык у калідоры грукнуў дровамі аб жалезны ліст ля печкі, і яна ўявіла, як добра гэтыя дровы пахнуць: свежасцю, водарам марознага дрэва і падталым сняжком.Яраш Раўбіч, увайшоўшы ў пакой, таксама прынёс водар снегу і чысціні. Сеў на краёчак ложка.– Што ж ты ляжыш, доня? Сарокі снег прынеслі.– Я яшчэ трошачкі-трошачкі, – сказала яна.Аблічча Раўбіча, калі на яго не глядзеў ніхто з чужых, было зусім не жоўчным. І вочы глядзелі без дапытлівасці, не цягнулі душу з чужых вачэй. Было ў іх нават нешта вінаватае, нешта накшталт вечнага ўсведамлення нейкай хібы ў тым, што ён робіць.Майка гуляла бранзалетам, круцячы яго на бацькавым запясці:– Шыпшына, у-у, як колецца... Курган, у-у, як высіцца... А ото “бу-у” – страшны рагаты бугай. Гам – і з’есць.– Бугай? Гэта зубр.– А зубр хіба не бугай?– Няхай так. Але ж зубры нікога не ядуць... Аднойчы шляхцюк у моцны мароз ехаў пушчай, намасціўшы ў санкі сена. Зубру захацелася сена. Ён падышоў, асцярожна падчапіў соннага шляхцюка на рогі і паклаў яго на снег.– Няпраўда, татка. А коні?– А коні думалі, што гэта карова. Коні ж не баяцца кароў.Майка засмяялася.– А потым зубр пайшоў за санкамі і еў сена, пакуль не ўклаў усё. А шляхцюк лаяўся: “Карова ты брыдкая! Бугай ты халерны! Каб цябе так ваўкі ўклалі, як ты маё сена ўклаў, каб...”Дзяўчынка, смеючыся, прыпала шчочкай да жалезнага бранзалета.– А зубр? – З’еў і пайшоў. Яны добрыя. Яны страшныя толькі для ворагаў, зубры.– Ласа-зубр. Харошы зубр. У, які жалезны!Раўбіч пагладзіў яе па галаве.– Досыць, дзетка. Не варта табе гуляць з гэтай штукай. Гэта цацка для дарослых.Прыўзняў яе разам з коўдрай.– А я табе сакрэт скажу. Хочаш?– Хачу.– Алесь прыслаў па цябе коней. Хочаш з мамай з’ездзіць да яго на Каляды?– А ты?– Я не магу, – сур’ёзна, як дарослай, сказаў Раўбіч. – Мне трэба паехаць аж на другі канец губерні. Разумееш, мужчынскія дваранскія справы. Гэта табе не цікава. Дык хочаш?– Хачу, татка, – уздыхнула яна. – Толькі цябе шкада.– Тады апранайся. Сама. Як дарослая. Апранайся, Міхалінка.І сам разгарнуў вакол яе ложка і ўмывальніка японскую шырму.– Тата, – спытала з-за шырмы Майка, – Лазнік ёсць?– Які Лазнік? А-а. Не, дзетка. Нікога такога няма. Ні лазнікаў, ні вадзянікоў – нікога. Гэта толькі буркатлівыя бабулі палохаюць дзяўчатак. Але ты не вер і нікога-нікога не бойся. Страшныя бываюць толькі злыя людзі.