Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

– Дзякуй вам, – сур’ёзна сказаў мурын. – У Ракі шмат ворагаў.Дзед нечакана ўздыхнуў і пацалаваў Янку:– Прыйдзе час – сам знайду табе жонку і зброю. Алеся хаця любіш? Будзь яму другам. Як нітка за іголкай. Ты, брат, глядзі. Табе яшчэ давядзецца ўсім жыццём даводзіць... што ты – наш.Узяў за скроні Мсціслава.– Пусціце мяне, калі ласка, – сур’ёзна сказаў Мсціслаў.– Чаму гэта?– Мы ўжо дарослыя.– Правільна, – згадзіўся дзед. – Вы дарослыя. Дык, значыць, ты найлепшы сябар майго ўнука?Урэшце чарга дайшла да Майкі. І тут дзед зрабіў ласку сесці на падстаўленае сынам крэселка.– Раўбічава. Ану, дай паглядзець на цябе.Доўга разглядаў попельныя, з залацістым адценнем валасы, бэзавую сукенку з кароткімі рукавамі, цёмна-блакітныя, удавана наіўныя вочы.– Чорцік? – спытаў ён. – Чаго табе не хапае дзеля таго, каб стаць харошым і добрым, чорцік?Майка ўсміхалася высокім краёчкам рота. Яе злаваў гэты агляд, яна адчувала ў ім нешта няёмкае, і сама сабе вырашыла адыграцца за яго на адзіным чалавеку, якога было чамусьці прыемна дражніць: на Алесю.– Даросласці, – сказаў дзед. – Жыццё табе дазваляла ўсё, капрызны чорцік. А вось калі яно пачне супраціўляцца, пачне мяць, – тады ты зразумееш і станеш харошым, чорцік з дзівоснымі вачыма.Пагладзіў яе лапку.– Будзь добры з... людзьмі, чорцік. Так ці не так? Будзеш?– Паспрабую, – зрабіла яна кніксен.Пайшла далей. Дзед глядзеў на яе і думаў:“Самая добрая пара будзе для Алеся. Сумленная сям’я. Адна з нямногіх, сапраўдных. Але хто ведае, што будзе з дзяўчынкі праз сем год”.І пасля размовы з дзецьмі Вежа стаў асабліва з’едлівы з гасцямі, шакіраваў іх усіх мужыцкай мовай уперамешку з самай вытанчанай французскай, назнарок нападаў на тое, што было дорага субяседніку, – словам, расклеіўся.На яго глядзелі са здзіўленнем, дзівуючыся каструбаватым мужыцкім сказам, якія ён вымаўляў з асаблівым смакам. Пакуль што на людзях гэта дазвалялася толькі Клейне.Яны проста забылі, што Вежа і раней вызначаўся гэтым. Забыць было лёгка: стары не з’яўляўся між іх цэлых дзесяць год.А ён накіраваўся да дзяцей. Сам адчыніў ім дзверы ў залу, дзе стаяла нешта цьмянае, таямніча распасцершы лапы. Сам загадаў запаліць свечкі, страляў разам з усімі з ляскавак, памагаў разбіраць падарункі, першы вёў за руку дзіцячы карагод.Проста па анфіладзе, з пакоя ў пакой, рухаўся стракаты ланцуг, а наперадзе лёгка пераступаў нагамі сівы чалавек бадай што сажэннага росту і напяваў:Антон казу вядзе.Тпру ды ну – каза не йдзе.У блакітнай гасцінай карагод, раздурэўшыся, наляцеў на падстаўку з кітайскай вазай. Чарапкі з сінімі рыбамі разляцеліся ў бакі.Дзед чухаў патыліцу і раптам з лёгкай хады перайшоў на скокі.Ніхто не бачыў, што Клейна стаіць у дзвярах і назірае за скокамі. І раптам усе змоўклі. А Клейна сказала:– А вось пані Антаніда заўважыць ды ёмашнікам вас, лайдакі. За гэтым старым дурнем дый вы ў побрыкі.Як быццам тут была вясковая хата, у якой вадзіліся ёмашнікі.– Гэта мы святкуем, – сказаў дзед і крыкнуў: – Касьян, падбяры чарапкі! Раніцай раздасі дзецям па адным у каробачцы. Гэта будзе “грамада разбітай вазы”. Год праз сорак склеіце. Адзін аднаго не губляць.Бацька глядзеў з дзвярэй на скокі вакол разбітай вазы і рагатаў.– Ану за мной! – крыкнуў ён і павёў дзяцей зноў да ялінкі.Яна ззяла ў паўцемры, вялізная, уся ў таемных ценях, пахучая. Чырвоным святлом гарэла на яе верхавіне віфлеемская зорка. А ў галінах, бы ў зялёнай пячоры, стаялі лялечныя авечкі, і валхвы ў дзівосных уборах ішлі да ясляў.