Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

...А потым наведалі палац сяляне з казою. З тварамі, намазанымі сажай, у вывернутых кажухах, у дзівосных “турэцкіх шапках” – яны прынеслі з сабой мароз, гукі дуды, цымбал і бубна.Каза была ў шэрым ваўчыным футры з вяхотным хвастом, у сушанай авечай масцы. Замест барады ў яе быў пук каласоў. Каза мэкала і спявала дураслівым голасам.Гэта была ўжо не забава, а важная справа. Бо ад казы залежаў наступны ўраджай. Усім вядома, што душа нівы, каму пашанцавала яе ўбачыць, падобная на спрытную казу, якая бегае на задніх ножках. Такая ўжо істота. Спачатку ёй добра жыць, але потым жніцы жнуць жыта – і ўсё менш і менш застаецца месца, дзе магла б схавацца душа нівы. У адчаі яна хаваецца ў апошнюю жменю каласоў, – гэта і ёсць барада казла. Апошнюю жменю зразаюць асцярожна. Яна ляжыць пад абразамі і выходзіць з хаты толькі на каляды, прывязаная да галавы казы. Тут яна радуецца і вырашае зрабіць, каб людзям было добра.І людзі не кідаюць яе. Людзі трымаюць “душу” да вясны, а вясной выносяць і асцярожна “адпускаюць”, кладуць у высакаватыя зялёныя ўсходы.І зноў душа насяляе сваё царства, не даючы загінуць ніводнай расліне, а сама вольна ходзіць на задніх ножках па ўсіх абшарах прыдняпроўскіх ніў....Перарывіста раўла дуда. Спявалі галасы:Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць;Дзе каза хвастом, там жыта кустом;Дзе каза ступою, там жыта капою;Дзе каза рогам, там жыта стогам....Разгарачаныя скокамі, Алесь і Майка выбеглі з пакояў і спыніліся ў халаднаватай лоджыі. Праз вялікія вокны свяцілі марозныя зоры.Дзве малюсенькія постаці сталі каля акна і прытуліліся адна да адной, бо стала трошкі жудасна. Адчуваючы пад рукою яе плечыка, Алесь сказаў:– Зоры. Настаўнік кажа, што на іх таксама ёсць людзі.– А мы іх ніколі не ўбачым, – сказала яна. – А што, Алесь, можа там быць, як у нас у Загоршчыне? Ёсць там такія, як мы?– На адной няма і на другой няма, – сказаў Алесь. – А на тысячнай, можа, і ёсць. Стаяць недзе, як мы, такія самыя хлопчык і таечка, і глядзяць на нас і думаюць: а ці ёсць там хто?– І таксама не ўбачаць ніколі, – уздыхнула яна.Зоры мігцелі над паркам.– Алесь, – спытала яна, – можа нарадзіцца чалавек з такімі вачыма, што ўбачыць іх?– Не ведаю, – сказаў Алесь. – Вочы ва ўсіх розныя. Бачыш Коўш?– Бачу.– А вунь другая зорка ў ягонай ручцы. Паглядзі, што ты бачыш ля яе?– Ой, – шапнула Майка. – Яшчэ адна зорачка.– Гэта Міцар і Алькор, – сказаў Алесь. – У цябе добры зрок. А вунь тую зорку як ты бачыш?– Ніяк, зорка як зорка.– А я ведаю, што яна падвойная. Гэта альфа Вагаў. Настаўнік здзіўляецца, якія ў мяне вочы. Ён правяраў. Ён бачыць толькі ў трубу тое, што я добра бачу і так. Ведаеш, Вечарніца мае сярпы, як месяц. А калі на ёй серп, то часам можна заўважыць, што астатняя яе частка попельная... Я заўважаю нават яшчэ больш. Ля Воўчага Вока1 ёсць дзве зусім малюсенькія зорачкі. Але я іх бачу толькі ў прыцемку, калі на небе зусім мала зор. Тады ніхто не забівае іх сваім ззяннем. Памаўчаў.– Можа, і народзіцца некалі чалавек з такім зрокам, што ўбачыць на зорках людзей.– Слухай, – сказала яна. – Давай зробім... ведаеш што?– Ведаю, – сказаў ён, нейкім шостым пачуццём адгадаўшы, што яна думае. – Трэба назваць дзве гэтыя зоркі ля Воўчага Вока. Іх жа ніхто не бачыць. Дык мы дамо адной тваё імя, а другой – маё. І гэта будзе наша таямніца. І нашы імёны будуць вечныя, як тыя зоркі. Заўсёды.– Заўсёды-заўсёды, – сказала яна. – Нават калі нас не будзе... праз тысячу год... Зорка – Майка і зорка – Алесь.