Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

...Святкі ішлі далей: у танцах, пераапрананнях, варажэннях, у палёце санак, а хутаных вясёлкавымснежным пылам. А ля Воўчага Вока жылі і свяціліся, нікому невядомыя, зорка – Майка і зорка – Алесь. Ім было добра і весела разам з усімі, але яшчэ лепш адным.Яны гаварылі і гаварылі. Алесь расказваў ёй аб сустрэчы на поплаве з Чорным Войнам. Яна аж пахаладзела, дачуўшыся, як ён падобны да яе Лазніка. Але яна нічога не сказала яму аб ім....Аднойчы, на чацвёрты дзень каляд, яны ўцяклі ад усіх і пайшлі ў далёкія, нежылыя пакоі дома “шукаць цікавага”. Цікавае было ўсюдых. То гэта была “скрыначка Пандоры”, якую яны знайшлі на століку ў кутнім пакоі. Яны доўга не маглі адчыніць яе, а потым выпадкова націснулі бліскучую пласцінку, і са скрынкі, адразу за адкінутым вечкам, выраслі кавалер і дама з бісквіту1. Яны павольна круціліся ў нейкім невядомым танцы, а вакол іх, жвава пагойдваючыся, круціўся чорт.Цікавыя былі старыя партрэты, бо яны не маглі прачытаць лацінскіх і вязевых надпісаў на іх. Цікавы быў калейдаскоп, які яны знайшлі ў пустым пакойчыку. Калейдаскоп ляжаў у скрынцы, разам з рознакаляровымі шкельцамі. Дзеці селі на канапу і пачалі праз гэтыя шкельцы глядзець у акно, на дрэвы і аблокі.Яны паглядзелі праз сіняе шкельца – і свет за акном стаў сіні і нежывы.– Я не хачу такой зямлі, – сказала яна.– Я таксама. Нa табе жоўтае шкло.Жоўтае было вясёлае і радаснае. Свет ляжаў перад Майкай жоўценькі, і яна смяялася.А потым трапілася чырвонае шкельца. Застрашлівае барвянае неба, цяжкія крывавыя аблокі, такія няўмольныя, павольныя, жахлівыя.– Страшна, – сказала яна. – Вазьмі хутчэй.Яны сядзелі моўчкі, аглушаныя страшным відовішчам. Майка была такая прыгнечаная... Алесь сам не ведаў, як гэта ў яго выйшла. Але ён абняў яе зусім бязважкімі рукамі і няўмела пацалаваў у нерухомы раток.На хвіліну яна была раззлавалася, але потым толькі сышла з канапы і села на маленькае крэселка каля сцяны. Яна сядзела маўклівая і такая танюткая ў сваёй бэзавай сукенцы, што яму стала шкада яе.Але ён не ведаў, як выпрасіць дараванне. Ён проста глядзеў на яе вялікімі ўмольнымі вачыма. А Майка нават павек не ўзняла на яго.Тады ён адвёў вочы на сцяну і заўважыў дзіўнае. Заходняе сонца ляжала на сцяне пакоя. І там жа, на сцяне, Алесь убачыў чарнатварую Майку з фіялетавымі валасамі і ў сукенцы аранжава-барвянага колеру. Чорную-чорную Майку з фіялетавымі зіхоткімі валасамі.– Майка! – крыкнуў ён такім голасам, што спалохаў яе. – Майка, глядзі на мяне. Доўга-доўга глядзі.Непаразумелая, яна ўсё ж падпарадкавалася.Захад ляжаў на сцяне пакоя. Яна глядзела на хлопчыка, на яго зялёную куртку, бачыла яго ўмольныя і спалоханыя вочы і разумела, што дарэмна пакрыўдавала на яго.– А цяпер глядзі на сцяну.Яна адвяла вочы і ўбачыла чорны цень Алеся, апрануты ў пурпур.– Ты, – сказала яна, – ты... зусім чорны, ты зліваешся з ценем, цябе не відаць. Толькі адзенне барвянае... плавае.– А ты ў аранжава-барвяным... Твае валасы ліловыя.Яны паўтаралі і паўтаралі дослед, спалоханыя да глыбіні душы....Чорны хлопчык у пурпуры. Майка нездарма чытала раманы.– Як... галаву табе адсеклі, – сказала яна. – Як... прывід барвянага чалавечка.Ён пільна глядзеў на яе. І тады яна спахапілася:– Ой, я нешта не тое сказала. Даруй мне, Алесь.Устаўшы з месца, яна хуценька падышла да канапы, схілілася над ім і, абняўшы яго за шыю, сама, бязважка і чыста, пацалавала яго ў прыгожы рот.