Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

ХХІІ...Алесь чытаў, седзячы на зашклёнай тэрасе. Шыбы былі вельмі старыя і таму набылі лёгкае фіялетавае адценне. За садам плыло сонца, свецячы проста Алесю ў твар, і літары ў кнізе здаваліся чырвонымі.Ён знайшоў у дзедавай бібліятэцы Яна Баршчэўскага. Кніга звалася “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”. Зараз ён адольваў ужо чацвёрты том. Гэта было першае пацверджанне, што не ён адзін адкрыў Мора, і таму ён шмат мог дараваць аўтару.Гэта было добра. Перад ім паўставаў сімпатычны чалавек, які кожнай вясной, як пералётная птушка, не мог уседзець у Пецярбургу і пехатою, з кіем у руках, ішоў на радзіму, у Беларусь. Ён ішоў і слухаў спевы жаўранкаў у гарачай вышыні. А ў душы яго нараджаліся радкі... Паўставаў чалавек, які ў завіруху ставіў на акно свечку, каб падарожныя ішлі да яго. Ён карміў і паіў людзей, толькі каб яны расказвалі яму гісторыі і паданні.Было шкада, што ён піша па-польску, устаўляючы ў кнігу беларускія дыялогі. У сваёй мове ён мог бы стаць вялікім. У чужой – толькі вышэй за сярэдняга.Баршчэўскі, здольны і добры чалавек, шмат у чым блізкі да Гогаля, назваў сябе беларусам, а радзіму – Беларуссю, магчыма, нават занадта настойліва. Ён пяшчотна любіў край, яго паданні, яго людзей.“Ну, а я?” – падумаў Алесь....І якраз у гэты момант прыйшлі ў Загоршчыну, да яго, Кандрат і Андрэй. Кірдун прывёў іх на тэрасу, і вось яны сядзелі перад ім, такія падобныя, што аж смяяцца хацелася, і адначасова такія непадобныя. Хто ўмеў так жартаваць, як Кандрат, і хто спяваў такія песні, як Андрэй? Даражэй за ўсё былі іхнія ўсмешкі – хітраватая ў Кандрата і ласкавая, амаль жаноцкая, у Андрэя. Правільна зрабіў бацька, што адпусціў іх і аддаў Паўлюка з Юрасём у школку. І Алесь без жалю адклаў кнігу чалавека, які адкрыў Мора на шэсць год раней за яго, Алеся, нават паспеў напісаць аб гэтым, але не разумеў хваль, з якіх гэта Мора складалася.– Слухай, Алесь, – сказаў урэшце Кандрат. – У нас да цябе справа.– Ну? – сказаў Алесь.– Але раней ты дасі нам слова, што аб гэтым ніхто не даведаецца, нават бацькі...– Мы тут думалі, аж галовы папухлі, – сказаў Андрэй. – Але цяпер Масленіца. Усе ездзяць. У госці. А Кроер... твой далёкі сваяк...– Стойце, хлопцы, – сказаў Алесь, – нічога не разумею. Ды мы і не ездзім туды ніколі. Мае не любяць Кроера.– Тым лепей, – сказаў Кандрат, з палёгкаю ўсміхнуўшыся. – А мы думалі... Значыць, усё добра.І засмяяўся:– Юрасю бацька два шлапакі адваліў. Прыйшоў хлопец з царквы, а ў кішэні ў яго аж чатыры грыўні. Бацька пытае: адкуль? А той кажа: “А там, дзе ўсе бралі, дык і я ўзяў. З блюда”. Мы аж пакіслі са смеху.Андрэй глядзеў убок. Дый смех Кандратаў быў няшчыры. Алесь з болем бачыў гэта, бачыў, што хлопцы ледзь не сказалі яму аб нечым і вось цяпер пераводзяць размову на іншае.– Як хочаце, хлопцы, – суха сказаў ён. – Але я думаў, што вы мне верыце, што я для вас і застаўся братам. Нават цяпер. Што ж, няхай...– Ды мы нічога, – сказаў Кандрат. – Мы толькі хацелі прасіць, каб не ездзіў да Кроера... Не любяць яго...– Сам ведаю, – суха сказаў Алесь.Маўчалі. Алесь ведаў: дружбе і адкрытасці канец. А тут яшчэ Кандрат нечакана, толькі каб не маўчаць, пачаў расказваць чарговую пабрахеньку.– У Лапаты госці былі. Паклалі іх, падпітых, у чыстай палове. А дзеці ўзялі ды прысунулі да дзвярэй стол. Уначы ўстае чалавек, шукае выйсці. Як ні мацае – няма дзвярэй... Аж зубамі скрыгалі.