Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

Андрэй раптоўна аж крэкнуў з прыкрасці за брата. Строга ўскінуліся вейкі.– Вярзеш немаведама што, боўдзіла, – сказаў ён. – Ану давай, кажы ўсё. Алесь наш, мужык. Не скажаш – усяму канец. Дзе веры няма, дык якое ўжо сяброўства?– Што вы, – сказаў Алесь. – Чаму канец? Ды я і не хачу.– Бачыш? – сказаў Андрэй.Кандрат усё яшчэ вагаўся. І тады вочы Андрэевы ўспыхнулі.– Не хочаш? Тады я сам. Толькі ты, Алесь, ведай: на цябе ўсе спадзяванні. Маўчы ў імя маці і пана Езуса.– Гэта ўжо дарэмна, хлопцы.– Не дарэмна, – сказаў Андрэй. – Кожны за сваіх: дваране за дваран, мужыкі за мужыкоў. А калі давядзецца – тады нам канец. Бо ведалі, а не сказалі. Дзеда старога добра калі адхвошчуць. А нам, і Лапатам, і Кахновым людзям, можа, і Сібір.– Тады і казаць не трэба, – сказаў Алесь ужо сур’ёзна.– Трэба, – сурова сказаў Андрэй. – Мы дзядзькавыя браты. Раз змоўчым, два змоўчым – і канец братэрству.Ён перадыхнуў:– Кроера хочуць забіць, а маёнтак ягоны спаліць. Корчак. Той самы, што вілы кінуў. У яго кроў у сэрцы запяклася на пана Кастуся. Ягоныя дзеці торбы пашылі і ў акрайцы пайшлі. За самім Корчакам ганяюцца, як за зверам. І Корчак рашыў: забіць. Той, хто забіў, – гэта ўжо не чалавек, ён горшы за вар’ята. Ён атручаны забойствам. За змяю бог сто грахоў даруе. І ён заб’е ў адзін з дзён масленіцы. Каб не ў пост грашыць. Так што не ездзі і сваіх адгавары.– Мы ніколі не ездзім, – сказаў Алесь. – Мы – ворагі. Я нікому не скажу, можаце мне верыць. Толькі ж яго спаймаюць. Мусатаў за ім паўсюль ганяецца. Шкада смелага чалавека!.. А хто гэта вам сказаў аб забойстве?– Пятрок Кахно чуў ад Лапатаў. А тыя да Паківача ездзяць, дзе Корчак хаваўся.– Балбатун ваш Пятро, – сказаў Алесь. – З радасці, што гэтую брудную свінню забіць збіраюцца, распусціў язык.– Ён нікому больш не сказаў, – пачырванеў Андрэй. – Не думаў я, што ты, Алесь, нас папікаць будзеш.Цяпер сорамна стала Алесю.– Я не папікаю. І я нікому больш не скажу. Магіла!!!Гэта была самая страшная клятва аб маўчанні. Хлопцы паверылі і пайшлі, супакоеныя....Раніцай наступнага дня ў Загоршчыну прыскакаў з Кроераўшчыны ганец, мужык год пад сорак. Пан Юры і Алесь якраз выходзілі з дома, калі мужык цяжка споўз са свайго нехлямяжага коніка.Конік адразу як заснуў, тупа расставіўшы клышаногія тупалкі. Мужык стаяў ля яго, камячыў у руках брудную прадзёртую магерку і не глядзеў на паноў, толькі на мокры снег, у якім танулі яго раскіслыя поршні.– Накрыйся, – сказаў пан Юры. – Не люблю.Дзікаватыя светлыя вочы мужыка на імгненне прыўзняліся.– Высакародны пан Канстанцін Кроер памерлі. Яны просяць, каб дваране стаялі... каля труны.– Як гэта ён просіць? – яшчэ не верачы, спытаў пан Юры. – Мёртвы просіць?– Яшчэ як... жывыя былі.– Як здарылася?– У адначассе... амаль. Кажуць, жыла лопнула. Ужо і ў труну паклалі.Пан Юры перахрысціўся.І ўбачыў белую галаву мужыка, на якой раставалі мокрыя хлапякі апошняга снегу.– Накрыйся, кажу табе. Ідзі ў чалядню. Папрасі там гарэлкі. І аўса каню.– Не, – сказаў мужык. – Загадана яшчэ спавясціць...Загорскі раззлаваўся:– Ідзі, кажу, шкапа ты затурканая. Іначай я, пакуль тое, сам цябе ў пугі вазьму. Логвін, Карп, вазьміце яго, дайце сухія поршні, гарэлкі – словам, што трэба.Мужык пайшоў паміж слуг, пакорліва апусціўшы галаву.– Збірайся, Алесь, – сказаў пан Юры, узбягаючы па прыступках.Не ехаць было нельга. Бацька так і сказаў маці.