Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

Нечакана маці адмовілася.– Ты можаш ехаць з Алесем, – сказала яна. – Табе трэба. А я не магу. Я не любіла яго.Паехалі ўдвох. Верхам. Па насціле з лазы пераехалі тоўсты, але ўжо слабы, як мокры цукар, дняпроўскі лёд. Дарога ішла спачатку паплавамі, потым заснежаным узвышшам, якое пераходзіла недзе далёка справа ў Чырвоную гару. Хутка павінна была адкрыцца вачам Кроераўшчына.Мокры, там-сям ужо брудны снег укрываў палі, а на снезе сядзелі вугальна-чорныя вароны. Часам яны ўзляталі, і тады адразу рабілася зразумела, як цяжка ім ляцець праз сыры, важкі вецер. На полі Загорскіх дагнаў Януш Біскуповіч, асабісты вораг Кроера, таксама вярхом. Павіталіся. Алесь з цікавасцю разглядаў спадарожніка, яго жвавы прыгожы твар з аксамітна-цёмнымі вачыма. Біскуповіч быў неабыякавы яму яшчэ і з той прычыны, што лічыўся самым багатым з усіх паляўнічых Прыдняпроўя на “песні рога”.Ён складаў не толькі іх, але яшчэ і вершы: сур’ёзныя і чулыя – па-польску, жартоўныя – па-тутэйшаму. Кроер ледзь не вызваў яго на дуэль за верш аб Півошчынскім бунце. Там, між іншым, былі такія радкі:Пан жандар яго цалуе,Хоць ён кукішам глядзіць.Пан Юры ставіўся да Біскуповіча з павагаю, але быў відочна здзіўлены, што той таксама едзе.– Як жа гэта вы?– Кожны павінен спадзявацца на апошнюю літасць.– А спрэчку вы з ім завялі дарэмна, – сказаў пан Юры.– Грозны рак, ды ў с... вочы, – усміхнуўся Біскуповіч.– Ну, прарокаў няма.– Ёсць прарокі, – сказаў Біскуповіч. – Магчыма, на добрае, а магчыма – і на дрэннае, але мая эпіграма нечакана хутка спраўдзілася.– Якая?– А тая, якой я адказаў на яго пагрозы.Пан Юры ўспомніў і, не вельмі весела, зарагатаў. Гэтую эпіграму помнілі ўсе і ведалі, што Кроер не даруе яе. Бо нішто не клала на ягонае яснаванне такой клейны, як гэтыя два радкі:Smierc Krojera w Krojerowszczyznie zrobi zmiane znaczna:Panowie pic przestana, chlopi zas jesc zaczna .І вось Кроер памёр. Цяпер сапраўды не будзе каму паіць падонкаў, а мужыкам стане лягчэй....Кроераўшчына здзівіла Алеся. Вялізнае сяло распаўзлося на багатым лёсавідным суглінку па броўках яроў, па схілах, па адхоне над рачулкай. Нідзе ані дрэўца, ані кусціка. Абшчынны векавы дуб на плошчы абсечаны ўвесь, акрамя адной толькі разгаліны, і тая тырчыць пад неба, як быццам чалавек, лямантуючы, ускінуў адну руку. Мужыкі, што трапляюцца насустрач, зацкавана глядзяць у зямлю.Вялізны панскі дом стаіць таксама на пустым месцы, непрытульны і страшны. Дом быў проста вялікай камяніцай, але страшнае запусценне панавала вакол. Невялічкая паўкруглая брама, глухі ніжні паверх, два крылы ганка.Тое самае было і ў пакоях. Старая занядбаная раскоша, маўклівыя слугі, маўклівыя купкі гасцей, што з’ехаліся адддаць апошні гонар нябожчыку.А быў калісьці багаты дом, нават вельмі багаты.Пан ляжаў у параднай зале, вокны якой пачыналіся на ўзроўні чалавечага росту. У зале стаяў стол. Побач з ім пюпітр, за якім чытаў псалтыр чалавек у манашым адзенні. Капюшон закрываў яго аблічча.А на стале, у дубовай труне, ляжаў Кроер. Дзве тоўстыя – з руку – васковыя свечкі кідалі жаўтавата-ружовыя адбіткі на нерухомы твар.– Адгуляўся, – сказаў бацька.А ў паўцемры залы гучалі страшныя манатонныя словы псалмаў “у суцяшэнне сумуючым”.Святло дня ледзь прабіваецца ў высокія вокны, пыльнае, бы ў склепе, грыфельна-шэрае. І асветленая пляма – гэта толькі твар Кроера, рукі, складзеныя на грудзях, і чырванаватая парча, што закрывае цела да самых рук.