Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

Людзі ішлі паўз труну і жагналіся. Некаторыя з відавочнай асалодай і з удавана журботнай мінай на абліччы.Пан Юры з Алесем спыніліся ў нагах нябожчыка.– Бывай, швагер, – сказаў пан Юры. – Хай Бог будзе літасцівы да цябе, як даруе ён усялякую правіну. Алесевы вочы трохі спалохана аглядалі траюраднага матчынага брата. І раптам хлопчык здрыгануўся: праз прыплюшчаныя павекі выглядала жаўтаватая палоска бялка.Кроер глядзеў.– Ідзі, – сказаў пан Юры. – Рана табе. Ідзі і не глядзі. Яны прайшлі паўз труну.– Швагер прыйшоў, – пачуў пан Юры ціхі голас. – Дзень добры, швагер.Не разумеючы, адкуль голас, пан Юры азірнуўся. І раптам па зале, як вецер па начных галінах, прабег уздых жаху:– О-о-ох-х!Яны азірнуліся. Натоўп адхіснуўся ад труны, як жыта пад ветрам.Мярцвяк сядзеў.Алесь сціснуў сківіцы, каб не закрычаць. А нябожчык сядзеў і глядзеў на людзей. Потым дастаў з-пад чырвонай парчы вялізную бутэльку шампанскага.Сект стрэліў у столь – па бутэльцы паліліся белыя ручаі. І адначасова шырока расчыніліся дзверы ў сталовую, і ўсе ўбачылі там мора агню ад свечак, бочкі з віном ля сцен, сурвэты, бель абрусаў, сталы, што знемагалі ад ежы, якая грувасцілася на іх.У зале грымеў хор звычайных сабутэльнікаў пана. Спявалі задастойнік:– “Ангел вапіяша благадатней: чыстая Дзева, радуйся! І пакі рэку: радуйся! Твой сын васкрэсе трыдневен ад гроба, і мёртвыя ваздвігнувый: людзіе, весяліцеся!”Пан Юры непаразумела глядзеў на ўсё гэта.– Свіння, – сказаў Біскуповіч. – Маці Божую не пашкадаваў, блюзнер.І тады пан Юры плюнуў.А нябожчык, працягваючы чашу з сектам, вёў:– “Са страхам божыім і вераю прыступіце...”Пан Юры цягнуў Алеся да дзвярэй.– “Не прэпятствуйце дзецям прыходзіць да мяне”, – спяваў мярцвяк.І, працягваючы чашу, узглашаў:– Пійце ад нея ўсі.– “Відзехом святло сапраўднае, – спявалі галасы, – прыяхом духа нябеснага... То бо нас уратавала ёсць”.Пан Юры не ішоў, а ляцеў да дзвярэй. І тут дарогу яму перагарадзілі ўзброеныя загонавыя.– Швагер, – сказаў Кроер. – Траюрадны швагер, куды ж ты? Паслухай мяне.Загорскі спыніўся.– Прабачце, панове, за жарт, – сказаў Кроер. – Іначай ніхто не прыехаў бы.– І правільна, – сказаў Біскуповіч. – Бо ў гэтым доме ад кожнай п’янкі хто-небудзь ды памрэ.– Забудзем спрэчкі, – казаў далей Кроер. – Мне абрыдла аднаму. Забудзем спрэчкі хаця на некалькі дзён. Я нічога не шкадую. А ты куды, швагер?У пана Юрыя дрыжалі ноздры. Ён зрабіў крок да дзвярэй – загонавыя самкнуліся. Загорскі, Алесь і Біскуповіч паклалі рукі на эфесы кордаў.Кроер абводзіў усё гэта вар’яцкімі, у чырвоных мяшках, вачыма.І, відаць, не пажадаў псаваць свята.– Пусціце іх, – кінуў ён. – А ты, швагер, пачакай маёй смерці яшчэ год дваццаць.Ён меў на ўвазе спадчыну. Але Загорскі рассунуў рукамі загонавых і пайшоў, не азіраючыся. Гэты чалавек не мог абразіць яго.– І даруй, – сказаў Кроер.Потым ён стаў у труне.– Астатніх прашу не скардзіцца. Дарога доўгая, мокрая – жывіце тут.Людзі аглядаліся. Ва ўсіх вокнах узвышаліся ўжо ўзброеныя загонавыя. Чалавек трыццаць, прапусціўшы Біскуповіча і Загорскіх, самкнуліся і стаялі ў дзвярах. Людзі апусцілі галовы, бо ўсе ведалі, якая цяжкая чаша Кроеравай гасціннасці.Але ніхто не пратэставаў. Буйных дваран, з якімі Кроер пабаяўся б сварыцца, у зале не было. І людзі рушылі ў сталовую залу.Цяжка зачыніліся за імі дубовыя дзверы.Кроер кінуў парчу на плячо, накшталт плашча, і саскочыў на падлогу. Яго трошкі хістала, ён быў знясілены шматдзённай п’янкай, але сіліўся стаяць роўна.