Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

Адзін з загонавых падышоў да яго і нешта сказаў, і ў Кроера вышчарыліся зубы.– Дзе? – страшным ціхім голасам спытаў ён.– Ля ганка, пане.Кроер, цягнучы за сабою край парчы, памкнуўся да дзвярэй. На хаду спыніўся.– Усе з акон. Усе да дзвярэй і не адыходзіць. Іначай – засяку... на зямлі. Сачыце, каб ніхто з гасцей не ўцёк... каб трупамі ляжалі да раніцы.І амаль выбег з параднай залы....Ён перагнаў Загорскіх з Біскуповічам, калі тыя выходзілі на ганак. І не звярнуў на іх аніякай увагі, кінуўшыся на прыступках уніз.Пан Юры кінуў аднаму з загонавых, які праводзіў іх:– Коней.– Зараз, – заспяшаўся той.Яны чакалі коней, стоячы на ніжняй прыступцы, і глядзелі на тое, што адбывалася ніжэй сходаў, на пляцоўцы, укрытай бруднаватым патоўчаным снегам.На пляцоўцы стаяў у атачэнні трох “блакітных” і дзесятка земскіх бялявы мужык у расхрыстаным кажуху. Рукаў кажуха быў адарваны: з вялікай дзіркі, як махры эпалета, падалі на плячо касмыкі аўчыны. Звычайны мужык год пад трыццаць, засівералы, дужы. Незвычайныя былі толькі вочы. Чорныя, дрымучыя, яны з непрыхаванай нянавісцю глядзелі на пана Кроера, што набліжаўся да купкі людзей бязгучнымі кашэчымі крокамі.У баку ад гэтай купкі людзей стаяў Мусатаў. Глядзеў як быццам у другі бок, пагладжваў шчэцістыя бакенбарды. Зеленаватыя, як у рысі, вочы прабеглі па абліччах Алеся, пана Юрыя, Біскуповіча і абыякава пачалі разглядаць, бы першы раз бачылі, бліскучыя ад вільгаці дзікія камяні будынка, высокія вокны, падушкі зялёнага моху ля вадастокаў.Мусатаў ведаў шалёны нораў Кроера, ведаў, што той можа з гарачкі ўчыніць такое, чаго потым і рукамі не развядзеш, тым больш што сведкам будзе сам маршалак. І Мусатаў пайшоў паўз Кроера да сходаў. Праходзячы, зрабіў яму прывітальны жэст.Кроер усміхнуўся. Ён зразумеў гэта так, што Мусатаў развязвае яму рукі. “Што ж, добра. І якая, сапраўды, каму можа быць справа да рахункаў гаспадара са сваім рабом”.Мусатаў знік у доме. І Кроер, дачакаўшыся гэтага, падышоў і спыніўся крокі на тры ад мужыка.– Што, Корчак, нядоўга давялося хадзіць? Пагуляў – плаці.Вар’яцкія вочы глядзелі з усмешкай.Корчак маўчаў.Тры чалавекі на ганку ўскінулі галовы, пачуўшы прозвішча.– Бацька, што гэта ён? – спытаў Алесь.– Брыда, – сказаў пан Юры. – Ты не слухай, сыне, мы не маем права ўмешвацца.Кроер рабіў то крок управа, то крок улева: разглядаў.– Дык пан Корчак ужо і эпалет прыдбаў? У генералы пану Корчаку захацелася? Можа, гаспадар Корчак і ў імператары мерыцца?Корчак маўчаў.– Мерыцца, – з удаваным шкадаваннем сказаў Кроер. – Непісьменны, бедалага. Не чытаў. Не ведае, чым цар Мурашка скончыў1. – Чаму не ведаю? – сказаў раптам Корчак з нейкім заліхвацкім адчаем. – Вельмі нават добра ведаю:Галовачка бедная ад жару трашчыць,Ножкі на чырвоным на жалезным сядле.У адказ пан Кроер ударыў, відаць, не вельмі моцна, бо быў знясілены п’янкай.Алесь глядзеў на гэта разгубленымі вачыма: ён упершыню бачыў, як б’юць звязанага.Галава ў Корчака не хіснулася ад удару. З нейкай злоснай радасцю ён сказаў:– Дрэнна б’еш... А шкада, паночак, што мяне па дарозе да сваіх схапілі. Вух, як бы з гэтага кубла дымком ірванула! – Корчак глытнуў паветра. – Шкада... Аднаго шкада: разлічыцца не паспеў...Кроер адпачываў, і вочы яго былі каламутныя ад гневу.– Дык у цябе яшчэ і свае былі? – ціха спытаў ён.– А як жа. Не святым жа я духам жыў са жніва да масленай. Хавалі, памагалі.