Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

– Дзе хавалі? Хто?– А гэта ты ўжо сам даведайся. Кроер плюнуў і зноў, неяк наўскасы пасоўваючы сваю доўгую постаць, рушыў па брудным снезе да звязанага.– Дзе? – ён ударыў зноў, на гэты раз пад ніжнюю сківіцу.Корчак сплюнуў крывёю ў снег.– Уцэліў-такі, – сказаў ён. – Вядома. Над пешым арлом і варона з калом.Гэта было ўжо занадта. Кроер адчуваў сваю п’яную слабасць і стаў шукаць вачыма чагосьці больш важкага.Якраз у гэты момант конюх прывёў панам коней. Пан Юры разбіраў павады. І тут Кроер заўважыў у руках у конюха карбач. Ірвануў яго з рук дваровага і з подбегам, сагнуўшыся, ударыў Корчака па твары. Карбач не быў падплецены свінцом – толькі падвіты гнуткім медным дротам, – і гэта ўратавала Корчака ад смерці.Твар у Корчака заліўся крывёю. Вусны ў пана трэсліся. На шчоках плямамі з’яўляўся і знікаў румянец. Дзесяць, дваццаць, сорак удараў...Алесь глядзеў на расправу шалёнымі вачыма. Білі звязанага чалавека, які не мог бараніцца...Корчак не мог ужо стаяць. Ён сеў на снег, заліты крывёй, хапаў паветра.– Да-бі, – толькі і здолеў сказаць ён.І паваліўся тварам у снежную кашу.– Аз-зіят, – вонкава спакойна сказаў пан Юры і дадаў: – Аляксандр, у сядло.Алесь не мог адвесці вачэй... Удар... Яшчэ... Яшчэ ўдар. Яны падалі, як па сэрцы.Чалавек у снезе выцягнуўся.І тады, сам не разумеючы, што ён робіць, падлетак кінуўся да Кроера і падставіў руку. Карбач рассек адным махам вопратку і скуру, закруціўся вакол запясця. І тут Алесь перахапіў яго і з усяе сілы таргануў на сябе.Яму ўдалося вырваць акрываўлены бізун з рук дарослага. Бледны, з чырвонымі плямамі на шчоках, Кроер непаразумела глядзеў на Алеся.– Сволач, – у дзіцячым горле нешта клекатала. – Нізкі, злы чалавек.Паразумеўшыся, Кроер пагрозліва пасунуўся на яго.І тады Алесь, калоцячыся ад злосці, ведаючы, што гэты можа ўдарыць яго, размахнуўся і – як трымаў – дзяржальнам, з усёй сілы, упершыню ў жыцці, уляпіў... проста ў перакошаны твар.Кроер схапіўся за сківіцу. Потым ускінуў кулакі....І тут дужая рука пана Юрыя адкінула яго ад сына. Мільгануў паўз іх Біскуповіч, схапіў карбач і адшпурнуў яго ў снег.– Слухай, ты, – сказаў пан Юры. – Дзярмо! Гніль! Калі ты зачэпіш яго, ты жоўцю рыгаць будзеш...– Чакайце, Загорскі, – спакойна сказаў Біскуповіч. – Не пэцкайце рук.– В-арта! – ледзь выдушыў з сябе Кроер, і гэта прагучала ціха, але гнеўна.Рукі пана Юрыя і Біскуповіча леглі на рукаяці кордаў.– Вы пашкадуеце, Кроер, – спакойна сказаў Біскуповіч. – Каб праламаць вам галаву, хопіць хвіліны.Кроер азірнуўся. Але жандары відавочна баяліся ўмешвацца ў спрэчку высокіх паноў. Стаялі моўчкі.Пан Юры спакойна пасадзіў Алеся на Ургу і падвёў Біскуповічу ягонага каня.Ускінуліся ў сёдлы. З месца – толькі брудныя снежныя пырскі паляцелі – узялі наўскапыта....Вёрст праз пяць, калі стала зразумела, што пагоні не будзе, пусцілі разгарачаных коней рыссю. Алесь загаліў рукаў, разглядаючы крывавы рубец.– Ён мяне ўдарыў, – непаразумела сказаў ён.Бацька з жалем глядзеў на сына.– Ты пагарачыўся, – сказаў ён. – Таму што тры чалавекі маглі б налажыць галавою за аднаго, якога ўсё адно чакае Сібір, смерць у рудніках... А як бы тужыла твая маці... Або пана Біскуповіча жонка... Абяцай мне, што ты...Алесь не вельмі ветліва сказаў:– Гэтага я не магу абяцаць.– Правільна! – сказаў Біскуповіч....Корчака сапраўды чакала Сібір. Калі Мусатаў, пачуўшы Кроераў крык да варты, выбег з дому, заліты крывёю, але ўсё яшчэ жывы Корчак непрытомна ляжаў у снезе.