Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

Мусатаву ўдалося адгаварыць раз’юшанага пана ад пагоні. Корчака ён аддаў жандарам і загадаў везці яго ў Сухадол....А Кроер прыклаў да сківіцы снег і накіраваўся ў дом.– Гарэлкі, – толькі і здолеў сказаць ён загонавым....Пачаўся неўтаймаваны, страшны разгул. Тры дні Кроераўшчына захлыналася ў віне. Галас стаяў над тымі, хто абпіўся, песні, лаянка.На пяты дзень на нагах засталіся толькі Кроер ды Іван Таркайла. Сядзелі пры святле адной свечкі ў хатняй малельні, чокаліся адзін з адным і ашалелымі вачыма сачылі, каб другі выпіў да кроплі. Кроер пачаў быў ужо працэджваць віно з бутэлькі праз пальцы, бо ў кожнай бутэльцы сядзеў чорт, вельмі падобны на марскога канька, – але ўсё неяк абышлося. Каб не лаяцца, вырашылі ўвесь вечар гаварыць па-французску. Іван гэтай мовы не ведаў, а п’яны язык Кроера і на сваёй з цяжкасцю сплятаў два-тры словы.– Ішлі б спаць, чэрці, – грубіяніў Пятро, лёкай Таркайлы.– О, мон, дыё... нон... Алон!.. Перапіць – кураж! – вёрз немаведама што Таркайла.Пятро смяяўся. Кроер глядзеў на яго цьмянымі вачыма.– А ты чаго рагочаш, Пятро? Панімаеш нас?– Ён в-ведае, – казаў Таркайла.– Знаеш французскі язык?Пятро пакрыўдзіўся:– Анягож.– Ну то які ён?– Чырвоны, – сказаў Пятро. – Як... сабачы...– Пр-равільна, – сказаў Таркайла. – Златавуст.Пакінуўшы адурэлых паноў за віном, Пятро зачыніў іх у пакоі (магло быць дрэнна, калі задумаюць асвяжацца ў палонцы ці скакаць на конях), а сам прыйшоў у людскую і сказаў кухарцы:– Апошнія часы. І жывуць не па-людску, і п’юць, як перад загібеллю.– Дзіва што, – сказала кухарка. – Цяпер яшчэ, кажуць, у Пецярбургу змея пусцілі па жалезных каляінах... Змей, разумееш, бяжыць па дарогах. Гэта ўжо канец свету.– Але, – згадзіўся Пятро. – Гэты не пашкадуе. Гэты зжарэ ўсіх.

ХХІІІСпачатку выпусцілі свае коцікі вербы. Потым, перад вялікаднем, пачалі сачыцца празрыстым сокам пні ссечаных бяроз. Пасля пупышкі сталі зялёныя, а лясы – цёмныя. Пазней заплакалі перад купаллем травы: меліся назаўтра загінуць. А затым прыйшла чарга палегчы каласам.Год не парадаваў. Ён шмат абяцаў дружнай добрай вясною і спорнымі, цёплымі і буйнымі дажджамі. А потым нічога не даў. Зноў не даў. Каторы ўжо раз.Дажджы пайшлі бесперапынна. Парасткі захлыналіся ў глыбокай халоднай гразі, жоўклі і гнілі. А з канца красавіка наваліліся халады і ўчэпіста трымалі нівы аж да сярэдзіны чэрвеня. Зямля, калі засунуць у яе руку, была не цёплая, а сцюдзёная і ліпучая, як глей, выкінуты з самага дна магілы.Дні і ночы сталі цёплыя толькі ў канцы чэрвеня. Голад як быццам падрыхтаваў глебу пад сваё зімняе жніво і шчодра кінуў людзям непатрэбную цяпер цеплыню.На азіміне не вярнулі насення, тым больш што давялося ратавацца: пераворваць палі і засейваць іх пад ярыну. І гэтую познюю сяўбу ледзь скончылі на купалле, а гэта азначала, што восенню рунь амаль напэўна паб’юць ранішнікі.І ўсё яшчэ, трэці год, хварэла бульба, і клубні яе былі як гразь: не адрозніш ад зямлі.Пан Юры і стары Вежа ў канцы ліпеня напалову спустошылі свірны, даючы пазыкі, разумеючы, што спадзявацца няма на што, адпусцілі мужыкоў на гадавы аброк. Хай ідуць з плытамі, хай адпраўляюцца ў звоз, хай дабіраюцца на будову чыгункі, абы не голад, абы не спустошыць свірнаў да дна. Бо невядома яшчэ, што будзе ў наступным годзе.У канцы ліпеня лямант аб дапамозе даляцеў з мястэчка Свіслач, дзе жыла далёкая сваячка пані Антаніды, стрыечная сястра яе маці, Тацяна Галіцкая. Пан Юры надумаў накіраваць туды абоз насеннага збожжа: на наступны год. Паслалі яшчэ і трыста рублёў грашыма, каб быў заклад на выпадак сапраўднага голаду, каб хоць раз на дзень карміць гарачым дзяцей, жанчын і слабых (у цёткі было нешта каля васьмідзесяці душ, жыла яна адна, прасіла толькі насення – магчыма, нейк і пераб’ецца з людзьмі).