Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

Праводзіць абоз павінен быў Алесь. Па-першае, людзі з канторы былі ў разгоне, па-другое, хай звыкае да спраў, па-трэцяе, час хлопцу, наогул, паглядзець свет. Цэлую зіму яшчэ сядзець яму ў Загоршчыне ды ў Вежы, перш чым пойдзе ў гімназію. Цэлую зіму вучыцца, цэлую зіму практыкавацца ў мовах, слухаць Фельдбаўха, monsieur Jannot і іншых. Бацька і той здзіўляўся сынавым поспехам і доўгацярплівасці… Хай едзе, хай паглядзіць свету.І пачалася далёкая дарога.Рыпелі колы вазоў, ішлі каля іх мужыкі. А малады Загорскі то ехаў ля абозу на мышастай Касюньцы, то зварочваў з дарогі і скакаў мяккімі прасёлкамі, праязджаючы вёскі і хутары, то ляжаў на возе, высока-высока, і глядзеў на залатыя аблокі.Якія бясконцыя дарогі! Якія заблытаныя раздарожжы за дзесяткамі сцежак, што ўліваюцца ў іх! Якія пахілыя драўляныя крыжы, усе шэрыя і ў глыбокіх трэшчынах, стаяць на скрыжаванні шляхоў.Цягнуцца паўз іх вазы, ідуць вандроўнікі з трохграннымі вострымі кіямі і клункамі за спіною. Ідуць баркалабаўскія старцы з сінявокімі хлопчыкамі празрыстай іканапіснай прыгажосці.Бабы нясуць за спіной паклажу, з вузлом закруціўшы на грудзях канцы хустаў. І вузкімі, нейкімі асабліва жаноцкімі і пададзенымі наперад здаюцца іхнія плечы, сціснутыя жорсткай тканінай, у якой ляжыць нерухомы цяжар.Спявае ліра пад прыдарожным вязам. Часам сонца закрые дымна-агатавая завеса мімалётнага дажджу. І тады ногі месяць дарожную гразь, – тысячы ног, – і корчмы робяцца асабліва цёмныя, а паловая шкура коней робіцца гнядой.І на ўсё гэта – колькі ўжо год! – глядзіць абведзенымі сінькай вачыма, увесь у падцёках, пафарбаваны вохрай і мядзянкай распяты Хрыстос.…Свіслач, аб якой Алесь дагэтуль нават не чуў, была маленькім мястэчкам.Сярод будынкаў ці не самым вялікім здаваўся будынак прагімназіі. Але і ён быў запушчаны, як амаль усе астатнія будынкі мястэчка. Там, дзе калісь былі пляцоўкі для гульні ў мяч, куртыны і баскетныя агароджы, цяпер – і на двары і на вуліцы – цягнуліся зарасці пахучых дробных рамонкаў ды трыпутніку, сярод якіх губляліся сцежкі.Мястэчка рыхтавалася да гадавога кірмашу, які меў пачацца паслязаўтра, пятнаццатага жніўня, і таму на пляцы было ўжо даволі густа і людна. Стаялі запакаваныя вазы, цюкамі ляжала воўна, жавалі жвачку валы.Цётчын дом быў за нейкія паўвярсты ад канца мястэчка: вялікі, драўляны, пад саламянаю страхою – на галерэях і шчапяным дахам – над жылымі пакоямі. Вялікі сад спускаўся ў вільготны, звонкі ад шматлікіх ручаін, цяністы яр.Старасвецкія ўтульныя пакоі з нізкаю столлю.На вокнах акрамя першых рам былі і другія, з каляровымі шкельцамі. Яны замянялі аканіцы. А ў саміх пакоях стаяла даўняя мэбля: пузатыя арэхавыя сакратэры, дубовыя разьблёныя скрыні ля сцен і кутнія – адна на чатыры пакоі – вельмі цёплыя печкі, выкладзеныя галандскімі кафлямі. На белых плітках плылі пад усімі ветразямі сінія караблі.Цётка, маленькая, рухавая жанчына ў акулярах, сустрэла Алеся абдымкамі.– Прыехаў, сынок… Ну, вось і добра ўжо, што прыехаў… Кірмаш пачнецца, наедуць навакольныя з хлопцамі і дзеўкамі… Будзе і ў нас весела.Насенне загадала перамераць і пассыпаць у свірны, але ад грошай адмовілася:– Дзякуй богу, галадаць не давядзецца. Абнасенімся вашым збожжам, а астатняе можна пусціць на хлеб. Мне што? Ежа – свая, наліўкі – свае. Вопраткі – поўныя скрыні. І нічога мне не трэба, хіба што калода карт – адна на тры месяцы: у “хобаля” згуляць ды часам пасьянец (яна так і сказала – “пасьянец”) раскласці.