Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

Мітусілася, збіраючы на стол разам з дзеўкай:– Дзякую пану Юрыю. Такое ўжо няшчасце! Проста хоць сядай на зямлю ды спявай “Ой вы, гробы, гробы, сусветныя домы”…Пасур’ёзнела:– Хай пан Юры не думае. Насенне на тую восень аддам. Дзеля спакойнага сну. Не хачу, каб мне ўначы д’яблы сніліся ды яшчэ, крый божа, язычнікі-салдаты.– Злітуйцеся, цётухна, – засмяяўся Алесь, – якія ж салдаты язычнікі?– Язычнікі, – упэўнена сказала Тацяна Галіцкая. – Хто ж гэта, акрамя язычніка, будзе страляць у людзей, толькі з-за гэтага зброю насіць ды яшчэ і клясціся нячыстай клятвай, што будзе страляць і не будзе пручацца, калі загадаюць… Язычнікі і ёсць!.. Ну, а каб Хрыстос другі раз прыйшоў? То ж бо! Так бы яны і стаялі са сваёй клятвай другі раз каля крыжа, як, не раўнуючы, рымскія галаногія бандзюкі.Цётка Алесю спадабалася. Паказвала гаспадарку: чатырох коней, два з якіх былі пад выезд, трох галандскіх кароў, пекінскіх качак і курэй-легорнаў.Паказвала кветнік з “разбітым сэрцам” і “пантофелькамі маці божай”, з мацыёлай і залатым царскім бэрлам.У самым глухім кутку саду – каб, крый божа, не наелася хатняя птушка – ляжалі на траве выкінутыя з наліўкі барвяныя вішні. Гожы махаон сядзеў на іх і дыхаў апалава-сінімі крыламі. Піў.П’яны-п’яны, такі шчаслівы махаон.А вечарам сядзелі на тэрасе, пілі каву з масляністымі халоднымі пірожнымі і гаманілі аб сім-тым.– Дык вы так і жывяце адна, цётухна?– Зусім адна. Ды мне ніхто і непатрэбен пасля смерці нябожчыка Яўгена.– Ён хто быў?– Ён у дванаццатым годзе набраў купку людзей: дзесяць шляхцюкоў ды тры дзесяткі сваіх мужыкоў. Ну і пайшоў. Спалілі яны аднойчы вісячы мост, папалілі французскае сена. Потым лавілі ды білі гэтых… як бо іх?.. марадзёраў? Фуражыраў? Ну, усё адно. А потым уланы прыйшлі іх лавіць, дык яны і ўланаў пабілі.– І сваякоў другіх не было? Зусім-зусім?– Цяпер няма. Толькі твая маці. А яшчэ раней, да смерці мужа, быў у яго стрыечны брат, Багдан. Але той яшчэ, дай бог памяці, васемнаццаць… не, дваццаць год назад знік…– Як знік?– А так… Звязаўся з мяцежнікамі, калі тут у нас дваране бунтавалі. А калі яны не бунтуюць? Заўсёды грызуцца, як сабакі нейкія. А жонкам – тачы слёзы. Вось і ён пайшоў са зброяй, ды так і знік. Нічога пасля таго пра яго не чулі. Косці, напэўна, дожджык мочыць, вецер сушыць. Так што ты цяпер мой наследнік. Няхай будзе так. Тут паляванне добрае. Выдры гэтай самай – дык раніцай па берагах як гусі хадзілі. Лапы вялікія, з перапонкамі.Пайшла і прынесла пажаўцелы касцяны куфэрачак. Седзячы ў крэсле, разбірала яго.– О, – сказала нарэшце, – гэта адзінае, што ад Яўгенавага брата засталося. Мужыкоў у доме няма. Сабе вазьмі.Гэта быў амулет старога дзьмутага золата, відаць, танны матэрыялам, але дарагі сваімі гадамі. Памерам з далонь немаўляці, ён таемна і цьмяна ззяў на руцэ ў Алеся. А на ім Белы коннік з дзіцячым, быццам апухлым, тварам бараніў Авечку ад Льва, Змія і Арла.– Дзякуй, цётухна. – Алесь ведаў: чалавек не павінен манежыцца, калі яму дораць. – Толькі як жа яго?..– Павесь да медальёна, – сказала цётка. – Бачу ж я ланцужок. І насі. Памагае, кажуць. Хто носіць – ніколі не трапіць у рукі ворагу. Тройчы тры разы ўнікне немінучай смерці. І яшчэ, усе яго будуць любіць, бо ён бароніць Авечку ад Льва, ці бо то ўлады, Змія, ці бо то хітрасці, і Арла, ці бо то драпежнасці… Можа, і Багдан уратаваўся б, ды вось, ідучы ў лес, забыў.