Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

Алесь прывязаў залаты ланцужок медальёна да стальнога Майчынага ланцужка. Сам сабе ён пасмейваўся. Ну якая немінучая смерць можа яму пагражаць? Якія такія ў яго могуць быць ворагі?…Праз дзень пачаўся свіслацкі кірмаш. “Прачыстая”. Гандлёвыя рады плескануліся далёка за пляцовыя межы.Гандляры спрытна матлялі на медны аршын вішнёвыя і белыя сукны. Свістаў, па-змяінаму павіваючыся ў паветры, шоўк. Паўзла шарсцянка, і весела бегала баваўнянка.– А-а гарлачы-гарлачы-гарлачы! Звіняць, як званы, звіняць, як войтава галава.– Жа-леза, жа-леза! – гэта басам. – Кас-са – на аконама, бязмен – на цешчу!Узляталі, як карабель на хвалях, стракатыя арэлі. Адтуль даносіўся няшчыры дзявочы віск.– Вось наваліся! Вось наваліся! Усё дорага – маё дзешава. Усё даражэе – маё дзешавее. Дзешавее мыла, дзешавеюць вяроўкі.Катрыншчык-італьянец спяваў сухотным голасам пра невядомае. Малпа ў зялёнай сукенцы працягвала далонь, скакала ля гаспадара і глядзела ў вочы людзям гаротна-непаразумелымі дзіцячымі вачыма.Гандляваў тканінамі прыгожы перс з палымянай барадою. Вадзіў “Міхала” цыган.– Бацю, падыходзь – пажартуем! Страсна спрачаўся з белавалосым мужыком конскі перакупшчык. Гучна, напэўна, аж пальцы балелі, біў у карычневую, як зямля, далонь, гучна кусаў аброць на знак таго, што не маніць.Вузкавокі караім, падобны адначасова на дзікага хазара і на вялікага равіна Якава Леві, лаяўся з гарбаносным яўрэем, ля якога шэрагам стаялі гарэлачныя куфлі, кварты, паўкварты і іншае шчасце п’янага.Алесь хадзіў сярод гэтага рознагалосага, стракатага мора трошкі ачмурэлы і як быццам сонны, але радасна ўзрушаны. Сонныя былі вочы, узрушанае было сэрца.Віселі залатыя бароды льну, прыемна пахла рыбай і кісла – шкурамі.Грувасціліся пірамідамі яблыкі, над шызымі, нібы затуманенымі подыхам, слівамі спявалі залатыя восы. Сапяжанкі, ур’янтоўкі, слуцкія бэры пахнулі так, што соладка рабілася ў роце. Усюды ляжала гародніна, бітая птушка, мясныя тушы. А побач – рабчыкі, кражныя качкі, дупелі для панскага стала. Кадаўбцы ляснога мёду і жаўтаватыя колы воску. Шкуры дзікіх звяроў.Краіна была багатая. Краіну чакаў голад.…Каля сляпога старца з лірай амаль не было людзей: не даць – грэх, а даць не было чаго. Стары спяваў: цёмны правал рота ў срэбнай барадзе. Лірнік быў такі стары, што барада яму была не ў загану. А ля яго акрамя дзвюх жанчын, якія плакалі, стаяў хлопец, можа, на нейкі год старэйшы за Алеся, невысокі, каржакаваты, з цёмна-русымі прыгожымі валасамі. Рысы ў хлопца былі няправільныя, але буйныя і нават у чымсьці прыгожыя. Цяжкаватае падбароддзе, вялікі цвёрды рот. Жарсткаваты няправільны нос. З тысяч і тысяч людзей, па адной толькі форме носа з крутымі ноздрамі, Алесь заўсёды пазнаў бы ў ім мясцовага, тутэйшага.Невялікія, сінія з залатымі іскрынкамі, вочы хлопца былі цяпер задумлівыя і мяккія. Пасма валасоў падала на высокі чысты лоб. Ён слухаў. Слухаў, нахмурыўшы тонкія і чорныя, нібы тушшу наведзеныя, бровы.Алесь побач з ім таксама пачаў слухаць пад тужлівыя ўздыхі баб.Ой, то не чорная хмара падступае.То турэцкі кароль наступае.Турэцкі кароль наступаў, каб узяць за сябе Андрэеву дачку. І не толькі яе.Сватаць нівы, бары, і разлогі,І лугі, і праўдзівага бога.Сватаць дым у закуранай хаце,Ўсю зямлю нашу бедную сватаць.І не вытрымала жаночае сэрца. Андрэева дачка ўцякла ў лес і, седзячы ў разгаліне дуба, рыхтавала падарункі каралю, загадвала сяброўкам вастрыць нажы, каб кроіць імі для яго ручнікі. І вось кароль падступіў з усёй сваёй чорнай сілай. І тады…