Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

– Я шкадую, што цябе стукнуў.– І я таксама шкадую, – Алесь падаў хлопцу руку.Хлопец зрабіў крок, і падлеткі моцна паціснулі рукі.– Ты адкуль такі? – спытаў хлопец.– З Дняпра. А ты?– Я тутэйшы. Бацька прывёз тавар, а я з ім.– Твой бацька купец?– Не, дваранін. Але ў яго ёсць маленькая фабрычка. Абрусы, сурвэткі, усё такое, словам.– Значыць, вы небагатыя?– Ты вучышся дзе?– Тут і вучуся, – сказаў хлопец, – у прагімназіі. Праз пятнаццаць нейкіх дзён канец волі. Зубрэнне гэтае. А ты любіш вучыцца?– Люблю. Толькі я дома вучуся. Мяне рыхтуюць у чацвёрты клас.– Маеш шчасце. Я таксама вучыцца люблю, ды толькі настаўнікі ў нас дрэнь. – Уздыхнуў. – Скончу, пайду ва універсітэт. Урокамі буду зарабляць, а выб’юся. З нашай зямлі не пражывеш: бацька ўсіх не пракорміць.Дакрануўся да распухлай губы.– Б’ешся ты здорава, – засмяяўся ён. – Прыклаў руку, дык не раўнуючы як станавы прыстаў… Давай знаёміцца, ці што?Алесь падаў яму руку.– Давай. Я Алесь Загорскі.– Кастусь Каліноўскі, – сказаў хлопец.Яны стаялі і разглядалі адзін аднаго.– Давай уцячом, ці што, – сказаў хлопец. – Пакуль крамы бацькаў тавар бяруць, паходзім, паслухаем.– Давай… Толькі паўрубель гэты дзеду ўсё ж аддамо. Размяняем на медзь і аддамо. Хай помніць, як мы біліся тут ды мірыліся.– Вядома, – сказаў Кастусь.Памянялі грошы, усыпалі старому ў шапку цэлую жменю медзі і пайшлі ў людскі натоўп.– Чаго гэта ты, братка, так на мяне насыпаўся? – спытаў Алесь.– Ды стаіць, гляджу, такі павіч, толькі што хваста веерам не распускае. Стаіць і цераз грыб плюе: срэбра яму не шкада беднаму чалавеку.– Ну і што?– Каб ты ведаў, як страшна б’юць гэтых людзей, ты б так лёгка не глядзеў на гэта. Тым больш лірнікаў. Гэтых кожная сытая храпа лічыць за нязлоўленых злодзеяў і злачынцаў.– За што?– Падазроныя людзі. Прыедзе аднекуль з Піцера мардастая поскудзь. Такі ўжо магнат, такі нобіль – хвігаю носа не дастанеш: “Дзікуны брудныя, тубыльцы”. Па кірмашы ідзе, як чума, ты скажы, ідзе – бязлюдзее кірмаш. А старцы – яны ж сляпыя. Падыдзе, слухае, слухае. “Гэт-то што ж ты, па-дла, спяваеш? Які гэта турэцкі цар?! Намьок!!! На якой гэт-то саб-бачай гаворцы, пр-ра якога гэта Ваську Вашчылу?! Пр-ра якога гэта свінскага Міхася Крычаўскага?!” Ну, стары апраўдваецца: “Ён, паночак, цішайшаму цару спрыяў, Аляксею…” – “Што?! Паганец, быдла, чарвяк мог цару спрыяць?!” Ды старому – у вуха. А на ліру – нагою.– Ліру нашто?– Кніг пазбавілі – хочуць і ліры пазбавіць. Ведаюць: пакуль слухаюць людзі хаця аднаго лірніка, не памерла воля.Ішлі ў чалавечым моры. Вакол стаялі смех, божканне, нязлосныя праклёны.– Ведаеш, – сказаў Алесь, – я вельмі быў здзіўлены. Стаіць сабе чалавек – і раптам гаворыць аб самым тваім, аб тым, пра што сам думаў.– Але ж і яны, – рука хлопцава зрабіла круг у паветры, – таксама такія ж, як ты, толькі не знайшлі, як сябе называць.І паўтарыў, відаць, чужыя словы:– Безгалосае мора.– Як гэта яны такія? – спытаў Алесь. – Мы, вядома, усе ад Адама. Адзін народ. Але ж мы дваране.– Ну і што? Было ж у нас калісь так, што мужык, калі ён ахвотай ішоў на вайну, рабіўся дваранінам. Так, відаць, і ўсе. Твае продкі раней – і таму яны арыстакраты. Мае – пазней, і таму я проста з небагатых дваран. А ёсць яшчэ шляхта, што сама зямлю арэ. Тыя зусім учарашнія мужыкі.– Дваране нашы цару таксама небяспечныя.– Ёсць і такія.– Нездарма ж пасля апошняга паўстання многія тысячы з іх, самых небяспечных, у аднадворцы перавялі. Зганьбілі людзей. Галадаць прымусілі.