Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

– Мы таксама з такіх, – з нейкім выклікам сказаў Кастусь.– То і вы аднадворцы?– Але. Сенат не зацвердзіў.– Дзед казаў, гэта яны назнарок, – сказаў Алесь. – Ну, ва ўладара граматы за стагоддзі згарэць ці струхлець маглі. Дык пашукайце ж у каралеўскіх архівах, у спісах, у кнігах старых… Не. Хочуць як мага больш людзей прынізіць.Кастусь кусаў доўгую саломінку, што выскубнуў з воза.– Бацька мой аніяк прымірыцца не хоча. Ездзіць стараецца, столькі грошай марнуе. Сказалі: будзе маёнтак – будзем шукаць. То ён прыцэньваецца да якога-кольвек фальварка. Купіць, відаць, сёлета ці трохі потым. А мне дык усё адно. Я ведаю, скуль ідзём. І продкаў ведаю. Я не ніжэйшы за хама, што мною кіруе. А прозва – гаршком назаві, ды ў печку не стаўляй. Калі захачу – і арапам назавуся. Апошні наш мужык больш сумленны за першага з жандараў.Хлопец гаварыў гэта паважна, але відочна завучана.– Скуль гэта ты такога набраўся?– Брат казаў, – з нейкім адразу прасвятлелым тварам сказаў Кастусь. – А ты адкуль?– А ў мяне дзед.– Ясна, – сказаў Кастусь. – Вось і ведаем ужо самы першы запавет. Брата і дзеда не чапаць. І панствам не ганарыцца.– І тут твая праўда, – сказаў Алесь. – А то зусім выйдзе па прыказцы: “Шумі-гудзі, дуброва, едзе князь па дрова”.Кастусь хораша смяяўся. Белыя зубы вельмі ўпрыгожвалі аблічча. І ўсмешка была шчырая, чыстая. І яшчэ Алесю падабалася, што вочы ў Кастуся былі не зусім сіметрычныя: адно трохі-трохі вышэй за другое. Гэта надавала ягонаму абліччу нейкую незвычайную, уладную і моцную характарнасць.Гамонячы, яны ішлі бясконцым кірмашом, а вакол іх заліваліся гліняныя свісцёлкі, шалёна круціліся напалову пустыя каруселі, заклікаў у свой балаган дзед з кужэльнаю барадою:– Заходзьце, браты-сястрычкі родныя, заходзьце, мужы-жонкі зводныя! Дзівосы на калёсах: хлапчук з сажнёвым носам! Марская царэўна! Янка – волат, жарэ адно толькі сырое мяса – па сем фунтаў на дзень. Узгадавала яго мядзведзіха! Ёсць яшчэ дзівосныя звяры… марская свінка і кракадзіл. Той самы, што праглынуў прарока Іёну. Па-біблейску кіт, па-нашаму кракадзіл… Страшны звер… Да нас!.. Да нас!Граў на гарлачах ганчар, і ў адказ яму ляцеў спявучы перазвон крышталю, па якім вадзіў шкляной палачкай гандляр-венгр. Кубракі-мсціслаўцы совалі пад нос людзям кнігі і малюнкі.– Багаты які кірмаш, – сказаў Алесь.– Багаты, – адказаў Кастусь. – Толькі ўтратны. Бацька казаў, што летась ледзь прадалі пятую частку ўсяго завезенага. А сёлета яшчэ горш будзе. Бяднеем.– Чаму так?– Няма ні грошай, ні хлеба. Зямля збяднела. Лясы высеклі. У рэках вывелася рыба, у пушчах – звер. Раней-то, кажуць, усяго было: і звера, і птушкі, і дзікага мёду. Ідзі сабе, чалавек, у лес, расчышчай ляды. Сам ты сабе гаспадар. А цяпер адзін паратунак – горад. Ды і там… Ну каму тут патрэбны свечкі? Мыла? Вось гэты чай? Або цукар? Чаю мужык не п’е, мыецца ён венікам, вечарам сядзіць пры лучыне.…Алесь прабыў у Свіслачы яшчэ тры дні. І ўсе гэтыя дні хлопцы не гублялі адзін аднаго з вачэй. Хадзілі па кірмашы, забіраліся ў сутарэнні разбуранага касцёла. Кастусь звадзіў нават свайго новага знаёмага на пасядушкі з песнямі і на гулянку, прысвечаную сярэдзіне кірмашу, пасля якой кірмаш ідзе на спад. А Алесь звадзіў яго ў балаганы, бо з грашыма ў новага знаёмага, відаць, было не густа. Хлопец не манежыўся, але, як то належыць сапраўднаму хлопцу, прымаў кожны знак павагі да сябе з пачуццём нязломнай уласнай годнасці.