Каласы пад сярпом тваім, ч. 2

І, непрыкметна для саміх сябе, яны пасябравалі за гэтыя дні. Пасябравалі той хуткай дружбай падлеткаў, што ўзнікае нечакана, а застаецца надоўга. Часам на ўсё жыццё.Перад развітаннем яны вырашылі, што будуць пісаць адзін аднаму. І гэта было цудоўна: ведаць, што ўпершыню ў жыцці табе ёсць каму пісаць, ёсць для каго заліваць сургучом канверт, ёсць для каго ўзважваць унцыі і залатнікі ліста, ёсць для каго, нарэшце, зусім па-даросламу ставіць у канцы постскрыптум, так сабе, між іншым, як быццам нешта забыў ды раптам і ўспомніў.

XXIV…Праз год пасля паездкі ў Свіслач, таксама ў жніўні, Алесь накіраваўся разам з малочным братам старога Вежы на апошняе ў гэтым годзе паляванне. Праз тыдзень трэба было ехаць у Віленскую гімназію. Ён здаў экзамены і паступіў адразу ў чацвёрты клас.Дзяцінства канчалася. Наступала новае жыццё. Шкада было кідаць вольную Загоршчыну, абшары паплавоў і лясоў, свіст качыных крыл… Шкада было мяняць усё гэта на гарадскую цеснату, на гімназічную муштру і зубрэнне, на казённыя муры, на шэры снег у асеннім халодным горадзе.Бацька выбраў Віленскую гімназію таму, што і сам захацеў пажыць зіму ў вялікім горадзе.– Гэтак і запсець можна. У мядзведжай глушы.Трынаццацігадовы хлопец ішоў цяпер з Кандраціем на паляванне, адчуваючы, што ён развітваецца з гэтым сонечным днём, з грывамі сярод азёр і балот, з аблокамі.Грывы цягнуліся адна за адной. Кандрацію і Алесю трэба было прайсці імі вярсты тры, а потым заглыбіцца ў лес. З аднаго, правага, боку да грыў падыходзілі старыкі Дняпра. Злева цягнуліся залітыя вадою балоты – Равека выйшла з берагоў, – зарослыя шпажнікам, або мечнікам, як завуць яго ў Прыдняпроўі, аерам і высокімі сітнягамі. Там, у раскошы, гадаваліся, пакраквалі і часам цэлымі чародкамі ўзляталі качкі.Паласа грыў сям-там, у тых месцах, дзе лішка вады пералівалася ў Дняпро, рассякалася пратокамі з чыстай вадой і пясчаным дном. Там можна было падсачыць кулікоў-турухтанаў. А можна было і проста збочыць у балота і ісці, чэрпаючы ваду вышэй халяў, адчуваючы, як цёпла ў ёй нагам, палохаючы качак, якія лянотна ўздымаюцца ў паветра.– Які гэта бандзюк тут ходзіць?.. Рап-рап… Пасядзець спакойна не даюць… Рап… рап…Кандраці і Алесь ішлі, падзеленыя верхавінай грады, нябачныя адзін для аднаго.Алесь трымаў стрэльбу напагатове, крочыў па травах насустрач поўным снежным аблокам, цені якіх часам спакойна прапаўзалі па сітнягах, па рабізне сіняй вады, па грывах, па ім самім.Зрэдку сустракаліся нізкарослыя дубкі, кучаравілася хваткая шыпшына, расшытая аранжавымі ягадамі. А потым зноў былі травы ды вада, вада ды травы.Верасовыя пустэчы, аблітыя сонцам, так цвілі, што павольныя аблокі, адбіваючы іх несамавітае цвіценне, былі афарбаваныя знізу ў лёгкі пурпур.Алма бегла наперадзе, часам азіралася на Алеся. І ўвесь гэты камячок калматай плоці аж дрыжаў ад паляўнічай страсці. А шагрэневы чорны нос лавіў тысячы пахаў: пахі вод, пахі траў, а сярод усяго гэтага – дамавіты пах качкі, дзікаваты павеў дупеля і востры – аж мутарна – смурод вадзянога бугая.Алесю не хацелася стрэламі парушаць велічна-ласкавай цішыні. І толькі пачуўся стрэл Кандрація, ён зразумеў, што трэба пачынаць і яму. Алма якраз успудзіла з сітнягоў чырка, і Алесь зрэзаў яго. Потым ён збочыў у залітае вадою балота, нават не балота – ногі цяпер адчувалі гэта, - а мокры поплаў, напалову сажня заліты высокай іллінскай вадой.